Баец палка Каліноўскага: Ініцыятывай на фронце валодаюць украінскія войскі
Беларускі добраахвотнік ва Украіне Яўген «Салам» Жураўскі лічыць, што ўяўленне пра расійскіх салдат як выключна пра «чмобікаў» з іржавымі «калашамі» не заўсёды бывае карысным. Расійцы вельмі хутка вучацца, і ставіцца да іх трэба як да небяспечнага ворага. Пра гэта ваяр палка Каліноўскага казаў падчас сустрэчы з беларусамі ў варшаўскім бары «Карма», піша «Белсат».
«Насамрэч уся гэтая гісторыя з тым, што «Ванькі тупыя» і «чмобікі», карацей – «адразу ў трупныя пакеты кладзіцеся», — гэта велізарная праблема. Мяркую, што ўкраінская прапаганда троху «пераборшчвае». Сітуацыя іншая. Расійцы вельмі хутка вучацца. У тым, як яны ваявалі раней і як ваююць зараз, ёсць розніца. Яны і новыя тэхналогіі асвойваюць у працэсе», — гаворыць Яўген Жураўскі.
З іх варта жартаваць, але ставіцца трэба як да небяспечнага ворага, мяркуе добраахвотнік. Ён кажа, што «чмобікаў», якія нічога не разумеюць, у расійскім войску дастаткова. Яны могуць выклікаць нават шкадаванне, бо іх «кідаюць на мяса» і таму пры першай магчымасці тыя здаюцца ў палон.
«І некаторыя з іх ва ўкраінскім палоне будуць жыць лепей, чым у нейкай там сваёй расійскай глыбінцы», — зазначае каліновец.
Але ў кожным разе, падкрэслівае баец, і ў тых расійцаў, хто не хацеў трапіць на вайну, быў выбар: сесці ў турму ці «зрабіцца вырадкам, акупантам, забойцам і здохнуць у акопе». Яўген яшчэ раз паўтарае, што расійцы хутка вучацца.
«Цяпер у іх ёсць дроны-камікадзэ "Ланцэты", і яны гэтыя дроны і "Шахеды" штампуюць проста на ўчорашнім малаказаводзе. І гэта праблема. Таму той міф — дурная тэма. Не самы карысны міф, я б сказаў», – падсумаваў баец палка Каліноўскага.
«Не проста выкапалі акопы – яны іх забетанавалі»
На ягоную думку, ініцыятывай на фронце зараз цалкам валодаюць украінскія войскі (за выключэннем хіба некалькі кропак), хоць контрнаступ ЗСУ ідзе «не так хутка, як хацелася б». Прычыны ў тым, што расійцы паспелі збудаваць моцную лінію абароны, мяркуе добраахвотнік.
«За гэты час расійцы пабудавалі афігенную лінію абароны. Не проста выкапалі нейкія акопы — яны іх забетанавалі. То-бок ты не проста нейкі драўляны бліндаж штурмуеш — кінуў дзве гранаты, і ён разваліўся, — а моцныя бетонныя ўмацаванні. У іх было шмат часу, каб падрыхтавацца. І ўсё адно ўкраінскія войскі ідуць наперад. Не так хутка, як хацелася б, але яны прабіваюцца. І ініцыятыва застаецца за Украінай», — сцвярджае Яўген Жураўскі.
Яўген Жураўскі ваюе ў складзе батальёнa «Волат» ПКК — камандуе мінамётным разлікам. Мінулай зімой працаваў у Бахмуце.
«Утульны падвал з буржуйкай. Найлепшае месца для жыцця (смяецца). Зараз так файна наўрад ці будзе. Думаю, будзем жыць у бліндажах — у лесапасадках. І мяркую, што інтэнсіўнасць баёў зімой будзе спадаць. Але думаю, Украіна, нягледзячы на ўмовы надвор’я, працягне свой наступ», – кажа Яўген.
Нейкія прагнозы на будучыню беларускі добраахвотнік не робіць: «Вайна — непрадказальная штука».
«Што будзе далей, я не ўяўляю. Адзінае, у чым маю пэўнасць, гэта тое, што праз некалькі тыдняў я зноў вярнуся ў полк, каб далей змагацца поплеч з маімі хлопцамі», — гаворыць Яўген Жураўскі.
«Дзякую, відос мне не патрэбны»
Ваяр распавядае, што ягоная вайна, як мінамётчыка, не выглядае так, як на відосах: «Бяжыш — бяжыш». Ён ужо год знаходзіцца на баявых пазіцыях і прызнаецца, што за гэты час ніводнага разу не страляў па ворагу з аўтамата. Мае іншае — «мінамётную радасць».
«Аўтамат ёсць. Але гэта праблема. Я казаў: дайце мне пісталет — я з яго хоць застрэліцца змагу нармальна. З аўтамата ж нязручна», — па-чорнаму жартаваў падчас сустрэчы Яўген Жураўскі.
Тлумачыць, што ягоны мінамётны разлік працуе звычайна за 2-4 км ад лініі фронту. Яўген па рацыі атрымлівае каардынаты ўдару, разлічвае, перадае хлопцам (у разліку чатыры чалавекі), як трэба выстаўляць прыцэл, адзін з ваяроў прыносіць міну… «Я камандую. Тузаем за вяровачку па камандзе — і яна кудысьці ляціць, і што там недзе адбываецца, я нават уяўляць не хачу. Бо нічога добрага. Але час ад часу нам кажуць: хлопцы, малайцы! Я адказваю: дзякую, відос мне не патрэбны, глядзець не буду», — апавядае мінамётчык.
«Чаму так будзённа распавядаю? Ну таму што звыкся ўжо да гэтага», — дадае Яўген Жураўскі.
Ён прызнаецца, што «калі рабіў на вайне першыя крокі», не хацеў ісці ў штурмавыя падраздзяленні, бо баяўся, што будзе маральна цяжка страляць у людзей. Цяпер жа часамі падумвае: а ці не варта паспрабаваць?
«Я зараз думаю, што пабачыў ужо столькі рознай жэсці, што, магчыма, і сярод штурмавікоў у мяне будзе больш-менш оʼкей», — пасміхаецца Яўген.
Калі полк Каліноўскага пойдзе вызваляць Беларусь
Яўген Жураўскі родам з Баранавічаў. Як кажа — «з найлепшага месца на зямлі». Анархіст і «актывіст контркультурнай дзвіжухі». Быў вымушаны зʼехаць з Беларусі ў 2020 годзе. Ён зазначае, што палітычныя ці ідэалагічныя спрэчкі на фронце сыходзяць на другі план.
«Сёння мы разумеем, што ва ўсіх нас, анархіст ты ці ультраправы, агульная мэта — спыніць заразу «рускага свету», гэтае фашысцкае фармаванне, якое распаўзаецца паўсюль… Калі сядзіш з чалавекам у адным акопе — усе вашыя палітычныя непаразуменні проста знікаюць», — гаворыць ваяр.
Хтосьці сімпатызуе Святлане Ціханоўскай, хтосьці — Зянону Пазняку, а хтосьці верыць толькі ў сілу палка Каліноўскага. Яўген Жураўскі мяркуе, што «еднасць — гэта толькі пытанне часу».
«А зараз ужо тое добра, што мы адзін у аднаго не страляем, як шмат у якіх вызваленчых рухах. Людзі сустракаюцца, спрабуюць размаўляць — гэта пазітыўная тэндэнцыя», — ацэньвае ваяр палка Каліноўскага.
Яўген кажа, што для яго гэтая вайна скончыцца не вызваленнем Украіны, а калі будзе вольная Беларусь, калі будуць вольныя ягоныя Баранавічы. Толькі тады. Але ідэю сілавога вызвалення Беларусі палком Каліноўскага называе «прыгожай казкай».
«На мой погляд, гэта можа адбывацца толькі ў тым выпадку, калі ў Беларусі зноў саспее нейкая крытычная маса і зноў складзецца перадрэвалюцыйная сітуацыя, як было, напрыклад, хоць бы ў 2010 годзе ці нават 2017-м. Не кажучы пра 2020 год. І тады тыя, хто атрымаў баявы досвед ва Украіне — у палку Каліноўскага, у «Тэроры», у 2-м Інтэрнацыянальным легіёне ці ў 79 ДШБ, могуць вельмі спатрэбіцца», — разважае Яўген Жураўскі.
Заўважае, што ў 2020 годзе вельмі не хапала людзей, якія маглі стаць у авангардзе маршаў, каб даць «сапраўдны бой сілавікам».
«Калі ў цябе вусы — ты пры ўладзе»
Пазыўны «Салам» Яўген Жураўскі ўзяў сабе яшчэ да вайны — у 2021 годзе падчас гульняў у страйкбол («Палова хлопцаў была са здаровымі бародамі — дык вырашылі ўзяць усходнія імёны»). З усмешкай тлумачыць, што ягоны «Салам», што азначае «мір», не мае ніякага дачынення да рэлігійных перакананняў. Бо ён анархіст, а значыцца, — атэіст. Барады, дарэчы, сам ніколі не насіў. Затое цяпер мае экстравагантныя вусы.
«Раскрый сакрэт, чаму ў беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне сталі папулярнымі вусы?» — гучыць пытанне з залы.
«Тэма вельмі простая. Беларуская палітыка паказала, што калі ў цябе ёсць вусы, — ты пры ўладзе. А калі ў нас ва ўсіх будуць вусы, то гэта ўжо народнае самакіраванне. Таму ўсім патрэбныя вусы. Я чуў, што і ў Ціханоўскай яны ёсць, таму яна разам з намі», — смяецца Яўген Жураўскі.
Цікава, што мінамётчык і анархіст Яўген Жураўскі застаецца на вайне веганам. Цяпер, кажа, ва Украіне велізарная колькасць веганскай ежы (хоць на пачатку вайны з гэтым было цяжкавата). Веганаў і вегетарыянцаў на фронце таксама паболела. Парадокс? Не: вайна — непрадказальная штука.
Сустрэча з ваяром ПКК Яўгенам Жураўскім адбылася 28
кастрычніка ў варшаўскім бары «Карма». Размову з байцом праводзіў журналіст
«Еўрарадыё» Павел Свярдлоў. Удзельнікі сустрэчы ахвяравалі пасля сустрэчы грошы
на новы дрон для палка Каліноўскага.