Беларус пасля ампутацыі ступні адкрыў спартовы хаб па джыу-джытсу для ветэранаў вайны
Беларус Арцём Кузьміч пасля ранення заваяваў чэмпіёнства па джыу-джытсу і заснаваў хаб для рэабілітацыі вайскоўцаў. У інтэрв'ю для «Медыязоны» Арцём распавядае пра свой жыццёвы шлях, сітуацыю ў Беларусі і Украіне, працу хаба і важнасць сацыялізацыі і рэабілітацыі ветэранаў.
У Кіеве з лета 2023 года працуе TMS Hub — спартыўная прастора, дзе вайскоўцы і ветэраны з рознымі траўмамі займаюцца бразільскім джыу-джытсу. Заснаваў цэнтр беларус Арцём Кузьміч — ветэран АТА з пазыўным «Грот». Пяць гадоў таму ён падарваўся на міне, а пасля ампутацыі нагі захапіўся джыу-джытсу і выйграў некалькі турніраў.
«Ампутацыя ніжэй калена — гэта не суперстрашна». Траўма
Люты 2019 года: падчас баявой задачы Арцём наступае на міну. Побач апынуўся пабрацім-беларус Аляксей Скобля «Тур» — ён наклаў «Гроту» турнікеты.
— Ён сказаў, ляжы, адпачывай, усё нармальна. Я спытаў: ампутацыя вышэй калена або ніжэй? Ён сказаў, што ніжэй. Я — ваенны-прафесіянал. Я разумею, што ампутацыя ніжэй калена — гэта не суперстрашна.
Беларус страціў палову ступні на месцы, пазней яму ампутавалі нагу на ўзроўні траціны галёнкі. Праз чатыры месяцы лячэння і рэабілітацыі Арцём вярнуўся на службу ў Сілы спецыяльных аперацый у якасці інструктара.
— Я прыняў тое, што не змагу ўдзельнічаць у вайне так, як я прывык, у задачах прамога дзеяння. У мяне былі нейкія фантомныя болі, можа яшчэ што, але гэта звычайная гісторыя, калі мозг не прымае, што нага ампутаваная. Але так, каб я сеў на шклянку або пачаў калоцца, траву паліць ці яшчэ нешта —не, такога не было.
Добраахвотнікам Арцём стаў у 2014 годзе — тады яму было 18. Беларус пачынаў у «Азове», у ССА перайшоў у 2016 годзе, «каб стаць прафесійным вайскоўцам, а не проста замежным добраахвотнікам з аўтаматам». Дэталёва аб сваёй спецыяльнасці і баявых дзеяннях, у якіх ён удзельнічаў, беларус не распавядае.
— Проста магу сказаць, што я стараўся быць максімальна эфектыўным, заўсёды шукаў куды і як залезці далей і глыбей, навучыцца ўсяму і пабольш.
Чым даўжэй Арцём жыў ва Украіне, тым больш зачароўваўся краінай, але пра Беларусь не забываў — яе вызваленне заўсёды «ішло разам» з вызваленнем Украіны. «І па гэты дзень гэта адно і тое ж, настолькі мы звязаны адным ворагам, проста ў нас розныя стадыі паглынання гэтым ворагам», — лічыць ён.
Паехаў на Майдан, адседзеў «суткі», стаў добраахвотнікам. Ад'езд ва Украіну
У 2014 годзе 18-гадовы Арцём сачыў за падзеямі Еўрамайдана. Ён вырашыў паехаць у Кіеў пасля таго, як убачыў, што сілавікі страляюць у пратэстоўцаў. «Калі я ўбачыў, што людзей з драўлянымі шчытамі проста расстрэльваюць, а яны не сыходзяць, адчуў, што гэтыя людзі блізкія мне па духу», — кажа беларус.
Калі ён дабраўся да Кіева, Рэвалюцыя годнасці скончылася. Праз некалькі месяцаў Арцём вярнуўся ў Мінск, дзе пачаўся Чэмпіянат свету па хакеі. Хлопца «прэвентыўна» арыштавалі на 15 сутак за «ўдзел у масавым мерапрыемстве». У дзень вызвалення яго затрымалі паўторна, у ізалятары Арцём правёў яшчэ пяць дзён.
— Я хацеў, каб мы зрабілі рэвалюцыю, як ва Украіне, каб мы змянілі рэжым. Але я не бачыў руху нашых апазіцыйных сіл на радыкальнае рашэнне сітуацыі. Я разумеў, што жыву ў дыктатарскай краіне, і памяняць рэжым можа толькі сілавы варыянт, — кажа ён.
Аднойчы хлопец гуляў па Мінску са сваім сябрам Іллём Хрэнавым — пазней ён стане добраахвотнікам ва Украіне і возьме пазыўны «Літвін» — і сустрэў Уладзіміра Някляева. Арцём вырашыў параіцца з палітыкам — тую размову ён успамінае так:
— Уладзімір Пракопавіч, добры вечар! А скажыце, што нам рабіць наогул? Вы як лідар меркаванняў, што нам скажаце?
— А што вы гатовыя рабіць?
— Мы такія маладыя людзі, што гатовыя рабіць усё, што заўгодна. Не таму, што мы крыміналітэт, а таму што мы дзеля сваёй краіны гатовыя проста на ўсё.
— Няма ў нас сіл такіх радыкальных, каб нешта памяняць. Вы альбо сядзеце ў турму, альбо вас заб'юць. Таму калі вы гатовыя, вам трэба ехаць ва Украіну і ваяваць з Расіяй. Як толькі рэжым абрынецца ў Маскве, з Беларуссю нават не трэба будзе разбірацца.
«Не даслоўна, але сэнс такі быў, што на вуліцах Мінска немагчыма дамагчыся свабоды Беларусі. У мяне гэтая ідэя спела, ён проста пацвердзіў тое, што я сам убачыў», — дадае Арцём.
У гэты час ва Украіне пачаў фармаваўся батальён «Азоў» — з яго байцамі Арцём паспеў пазнаёміцца, калі ездзіў у Кіеў.
— Мне «Вконтакте» яшчэ тады напісалі, што можна прыехаць, ёсць зброя. І выбар быў відавочны. Калі ты мужчына, патрыёт Беларусі, і табе было ад 18 гадоў у 2014 годзе, ты павінен быў ехаць ваяваць ва Украіну. Іншых варыянтаў няма, — мяркуе ён.
Выпадкова трапіў на трэніроўку, стаў чэмпіёнам свету. Джыу-джытсу
Праз паўтара года пасля ранення Арцём паспрабаваў джыу-джытсу. Ён прыйшоў у спартыўную залу, дзе займаліся таварышы, паралельна там праводзілі трэніроўку па адзінаборстве.
— Проста павітаўся, а яны мне кажуць: «Давай, паспрабуй пазмагайся. Мы бачылі ў Instagram, што людзі з ампутацыямі нешта там могуць, нешта ў іх атрымліваецца», — успамінае ён.
Беларус пачаў шмат трэніравацца — у самым пачатку «не было нават шанцу выйграць хоць адзін бал або зрабіць прыём», а праз тры-чатыры месяцы заняткаў у Арцёма атрымалася перамагчы цалкам здаровага чалавека.
— Я зразумеў, што гэты спорт адаптыўны для людзей з ампутацыямі. Спачатку я зразумеў, што магу трэніравацца без пратэза і выйграваць здаровых людзей — у тым ліку праз тое, што ў мяне няма ступні, — кажа ён.
Бразільскае джыу-джытсу падыходзіць для людзей з любымі траўмамі — гэта «валтузня ўнізе», для якой не патрэбныя абедзве рукі ці нагі, дадае ветэран. Паўгода трэніровак — і Арцём выйграў украінскі чэмпіянат сярод белых паясоў. У 2021 годзе ён звольніўся з УСУ і стаў надаваць джыу-джытсу ўвесь вольны час.
— Я вырашыў яшчэ мацней і больш трэніравацца, будаваць планы, як гэта маштабаваць. Я хацеў падзяліцца сваім вопытам і зацягнуць у гэты від спорту як мага больш людзей з ампутацыяй.
Самым значным спартыўным дасягненнем Арцём называе перамогу ў чэмпіянаце Бразіліі ў агульнай катэгорыі сініх паясоў сярод дарослых. Там жа беларус стаў чэмпіёнам свету па параджыу-джытсу ў сваёй катэгорыі мабільнасці.
«Мы зрабілі першую трэніроўку, і памёр Прыгожын адразу». Хаб для вайскоўцаў
Беларус загарэўся ідэяй інклюзіўнай залы для вайскоўцаў. Такія ён бачыў у Бразіліі — там спартсменаў разбіваюць па розных класах мабільнасці і ствараюць для іх інфраструктуру.
— Я бачыў людзей, якія паралізаваныя па грудзі, і яны спаборнічаюць паміж сабой. Калі ў цябе няма ступні або калена — ты можаш быць канкурэнтным сярод здаровых людзей. Калі ў цябе ампутацыі цяжкія — падвойныя ампутацыі стоп, двайныя ампутацыі вышэй калена або ампутацыя рукі, то, хутчэй за ўсё, ты здаровага чалавека не выйграеш, але можаш змагацца ўсё роўна.
У 2023 годзе Арцём выступаў на некалькіх спаборніцтвах украінскай лігі TMS, і выйграў золата сярод уладальнікаў пурпурнога пояса. Прадстаўнікі лігі ведалі пра яго ідэю і прапанавалі ветэрану стварыць першую ва Украіне залу для вайскоўцаў.
— Мы два месяцы яго будавалі, зрабілі першую трэніроўку і памёр Прыгожын адразу, — жартуе беларус.
Да поўнамаштабнай вайны Арцём думаў аб адной невялікай зале для вайскоўцаў, але з пачаткам актыўных баявых дзеянняў зразумеў, што людзей з рознымі траўмамі будзе ўсё больш.
— Я выдатна разумеў, што ва Украіне будзе шмат змагароў з ампутацыямі. Гэта немінуча, таму што людзі будуць шукаць актыўнасць, і мы ім будзем яе ствараць. Акрамя бразільскага джыу-джытсу няма ніводнага актыўнага адаптыўнага віду спорту, які можа забраць усіх. Параджыу-джытсу — гэта нешта большае, чым спорт.
Зараз трэніравацца ў TMS Hub ходзяць каля 30 чалавек. Спартыўная прастора працуе бясплатна і адкрыта для ўсіх вайскоўцаў — усё роўна, ёсць у іх раненне ці не, адзначае Арцём. Каля паловы тых, хто трэніруецца, — людзі з траўмамі: ампутацыямі, аскепкавымі раненнямі, перабітымі звязкамі.
— У нас не толькі спорт, а яшчэ і тусоўка. Мы адзін аднаго падтрымліваем, у нас, натуральна, свой узровень жартаў і чорнага гумару — такога ўсяго, што грамадзянскія б дакладна не зразумелі, — кажа ветэран.
Арцём спадзяецца, што як мага больш людзей убачаць, што рэабілітацыя вайскоўцаў з дапамогай джыу-джытсу эфектыўная — «яны не знікаюць, яны змагаюцца, займаюцца», — кажа ён.
У канцы кастрычніка ў зале прайшлі ўсеўкраінскія спаборніцтвы па джыу-джытсу з катэгорыяй для людзей з інваліднасцю. У іх удзельнічалі пяцёра падапечных хаба: двое чалавек без стоп, яшчэ двое з перабітымі сухажыллямі на стапе і адзін з ампутацыяй вышэй калена. Яшчэ адзін параатлет — хлопец з Жытоміра, пасля апёкаў у яго няма па палове кісцей.
— Прайшло добра, усім хлопцам спадабалася. Хлопец без дзвюх стоп — Вася наш — выступіў у адкрытай катэгорыі са здаровымі людзьмі, праўда, прайграў. Таксама ў адкрытай катэгорыі выступіў хлопец з ампутацыяй вышэй калена. На жаль, таксама прайграў.
Пасля турніру ў зале з'явіліся «новенькія», распавядае Арцём. У хаб прыйшла і новая трэнерка.
— Прыйшла атрымаць досвед працы з людзьмі з інваліднасцю. Яна правяла першую трэніроўку ў шпіталі «Феафанія», дзе хлопцы са свежымі ампутацыямі ляжаць.
Беларус плануе адкрыць па зале ў кожным абласным горадзе Украіны і некалькі залаў у Кіеве. Столькі іх трэба, каб пакрыць усіх патэнцыйных атлетаў, лічыць Арцём.
— Пакуль мы з вамі гаворым, ідзе вайна, і хтосьці атрымаў ампутацыю. Ён нават не разумее, што праз чатыры, пяць, шэсць месяцаў рана зажыве, і, хутчэй за ўсё, будзе змагацца і займацца параджыу-джытсу.