«Ён ударыў мне палкай па галаве, як раз па тым баку, дзе кантузія»
Аляксандр пачуў, як на вуліцы гудуць машыны, выйшаў з інтэрната паглядзець, што адбываецца. І атрымаў кантузію, кулю ў руку, аскепкі ад святлашумавой гранаты ў галёнку. Пайшоў у аптэку — навучыўся займацца спортам у аўтазаку, спаць на асфальце, седзячы на пустой пластыкавай бутэльцы, і "злятаў у космас".
Увечары 10 жніўня Аляксандр быў у Мінску, вячэраў з калегамі ў інтэрнаце на вуліцы Альшэўскага. Яны пачулі, як на вуліцы гудуць машыны, і ў чым былі, у тым і выйшлі паглядзець, што адбываецца. З боку Прытыцкага або Каменнай Горкі была чутная кананада. Дайшлі да Пушкінскай, убачылі хлопца, які кашляў, ён распавёў, што на Харкаўскай пускалі слёзатачывы пярцовы газ.
"У спіны страляць не будуць"
Але па вуліцы спакойна ішлі людзі, цэлымі сем'ямі, з дзецьмі, сабакамі. Аляксандр прайшоўся з імі да метро, на скрыжаванні Пушкінскай і Прытыцкага, спытаў у хлопцаў, што ж тут адбываецца:
— А яны глядзяць мне на грудзі: па белай майцы бегаюць чырвоныя кропкі. Я нават не зразумеў, што гэта. Хто там балуецца з указкай?
Хлопцы закрычалі:
— Гэта не ўказка, у цябе цэляцца!
І кінуліся ўрассыпную.
— Я схаваўся за апорную мачту, пастаяў там, быццам бы ўсё сціхла. Але потым убачыў, як мужчына ў масцы і кепцы (мне падалося, што ў натоўпе былі правакатары) пачаў падбіваць дзяўчат ісці са сцягам у бок кардона з АМАПам:
— Народ, ідзіце туды. Гэта будзе першая Нябесная сотня.
Дзяўчына ўзняла сцяг і пайшла. Я стаў адгаворваць:
— Стойце! Каго вы слухаеце?! Гэта мірная акцыя.
Нейкі хлопец кінуў бутэльку, яна ўпала — і асфальт загарэўся.
Мужчына сказаў:
— Ідзіце спінамі, у спіны страляць не будуць.
— Дзве дзяўчыны пайшлі да кардону спіной, я выбег іх спыніць, і сам падняў рукі ўверх, каб было відаць, што яны пустыя, і ніякага намеру няма. І тут панеслася кананада! Каля галавы праляцела святлашумавая граната, мяне кантузіла. Поўная дэзарыентацыя, у вачах пацямнела, і як у кіно — палоска, у вушах звон: ііі... мне стала дрэнна. Пад нагамі таксама нешта выбухнула.
Потым убачыў, што адна з дзяўчынак ляжыць на спіне, здаецца, у яе таксама пад нагамі дзве святлашумавыя выбухнулі. Я нагнуўся, каб падняць дзяўчыну, і тут адчуў, як руку быццам ударыла токам. Я бачыў, як у амерыканскіх фільмах паліцыянты страляюць адмысловымі дроцікамі, і закрычаў:
— Дастаньце дроцік!
— У цябе не дроцік, гэта куля! — адказалі мне людзі і зрабілі вакол мяне кола, каб вывесці на прыпынак.Адзін хлопец аказаўся медыкам, апрацаваў рану перакісам і выцягнуў кулю — дыяметрам з двухрублевую манету, перавязаў рану.
— Калі прыехала хуткая, я лёг на каталку і адчуў паленне ў нагах. Аказалася, што там тырчаць доўгія аскепкі, падобныя на шкло. Пачуў размову:
— Павязем у ваенны шпіталь.
— Навошта? Там яго могуць "з'есці". Паедзем у іншае месца.
"Схадзіў у аптэку…"
— У бальніцы аскепкі дасталі, апрацавалі рану. Лекар сказала, што 10 жніўня магу адзначаць другі дзень нараджэння — і куля і аскепкі прайшлі ў некалькіх міліметрах ад артэрый.
Раніцай паехаў у паліклініку, адкрыў бальнічны. Адаспацца. Увечары пайшоў у аптэку на Прытыцкага. Па дарозе ў траве ўбачыў белы бранзалет. Падабраў і пайшоў далей, кручу яго на пальцах. А насустрач — і людзі ў чорнай форме.
Я хацеў спытаць, ці змагу прайсці ў аптэку. Але не паспеў, бранзалет сарвалі, сказалі:— Наш кліент!
Схапілі мяне за рукі за ногі і зацягнулі ў аўтазак. Там ужо ляжалі, адзін на аднаго, чалавек трыццаць. Была неймаверная духата. Аднаму мужчыну стала дрэнна, пачаліся канвульсіі, яго ўзялі за рукі і выцягнулі з машыны прама па целах.
Схапілі нават аднаго супрацоўніка міліцыі. Ён крычаў:
— Я свой, я свой!
Але разабраліся ўжо толькі потым у РУУС, там яго адпусцілі.
— Пакуль ехалі, я яшчэ атрымаў па патыліцы кулаком за тое, што круціў галавой і спрабаваў хоць нешта ўбачыць.
Прывезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, паклалі на асфальт, і мы гадзін пяць так ляжалі. Мне стала дрэнна, пачаліся курчы і я лёг на бок — тут жа ўлупілі па левай назе. Потым яшчэ адзін заўважыў, што я вярчуся, падышоў:
— Хочаш у космас злятаць? На зоркі паглядзець?
— Ніяк не.
І ён ударыў мне палкай па галаве, як раз па тым баку, дзе кантузія. Я сціснуў зубы — пасля ўдару яны пачалі крышыцца. Ачуняў толькі тады, калі ўжо ватай з перакісам махалі перад носам. Потым яшчэ адзін ударыў дубінкай па макушцы.
— Калі развіднела, прынеслі на подпіс пратакол. Не хацелі, каб прачытаў, але я настойваў. Там было напісана: удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, выкрыкваў "Жыве Беларусь!" і яшчэ нейкае слова, якога я нават не ведаў раней. А таксама аказваў супраціў органам улады. Я напісаў, што не згодны.
Загадалі разблакаваць тэлефон і паказаць перапіскі. Я адмовіўся. Тэлефон выключылі і паклалі ў заплечнік. Апісалі маёмасць. Гадзін восем мы стаялі ля сцяны. Адзін з супрацоўнікаў сказаў:
— А што ў нас па часе? Шэсць раніцы. Па тэлевізары цяпер грае гімн.І прымусіў усіх спяваць гімн. Я маўчаў, за што і атрымаў выспятка пад зад:— А ты чаго стаіш, мычыш?Прыйшлося выцягваць, падпяваць.
— Потым працягнулася прыніжэнне:
— Завучваем, я выходжу і кажу: Добры дзень, грамадзяне бічы! А вы павінны адказаць: здароўя жадаю, таварыш начальнік!
"Вецер катаў па зямлі чыесьці кудзеркі”
— У памяць яшчэ ўрэзалася тое, як на досвітку вецер катаў па зямлі чыесьці кудзеркі чырвонага колеру. Аказваецца, у аднаго хлопца ў заплечніку знайшлі тры балончыка з фарбай, і ў РУУС яму сінім на светлых шортах намалявалі цэль, як у ціры. Серабрыстай фарбай на куртцы — " 3%", А чырвоным пафарбавалі галаву — пазней зліплыя валасы выстрыглі.
Потым нас прымусілі прысядаць "як у войску". Я быў у шортах і сланцах, потым і сам папрасіўся працягваць: каля тысячы разоў прысеў, каб хоць неяк сагрэцца.
— Далей зноў — у аўтазак, там цырк прадоўжыўся. Адзін з ахоўнікаў, самага маленькага росту, каля 168 см, загадаў нам:
— Цісніце зямлю! А раптам вайна, а вы нават аўтамат не ўнясеце.
І мы адціскаліся. А той, хто хацеў папаліць, павінен быў прысесці сто разоў. Тым, каму было ад 35 і больш гадоў, нават дазволілі прысесці на лавы.
— Калі прывезьлі на Акрэсьціна, сказалі:— Ну ўсё, вам пі...!Я ўбачыў з акна "жывы калідор". Калі бег праз яго, згубіў абутак, урэзаўся ў таго, хто бег наперадзе, пасыпаўся град удараў. Нас, чалавек 65, загналі ў дворык пяць на пяць метраў. Дзверы адчыніліся — уляцелі нашы сандалі, красоўкі.
Мы стаялі і слухалі ўдары дубінак, крыкі, выццё, як плакалі мужчыны. Як сілавікі спаганялі злосць на людзях. Было вельмі холадна. Сцямнела. Замест прыбіральні далі 25-літровае вядро — хвілін за пятнаццаць яно перапоўнілася. Я сеў на пустую пластыкавую бутэльку і заснуў, але прачынаўся ад холаду.
— Калі спыталі, ці ёсць хворыя, я папрасіў перавязаць руку. Фельшер агледзеў і сказаў:— Да вяселля зажыве.
Потым далі вядро з катлетамі, укусіў — сырая, есці не змог.
Каля 15-20 гадзін правялі пад адкрытым небам. Дзяліліся адзеннем. Здагадаліся сесці, як даміно, стала цяплей, і мы адключыліся. З горам папалам ноч правялі.
— Першымі адпускалі, як я зразумеў, былых работнікаў МУС, вайскоўцаў, кіроўцаў, выцягнутых прама з-за руля.
Сярод нас быў інкасатар, які проста ішоў з працы, перажываў, што пасля затрымання яго звольняць і ў інкасатары больш не возьмуць. Аднаго хлопца затрымалі, таму што ў яго шмат татуіровак, ён ішоў па вуліцы з жонкай і з дзіцем у калясцы. Былі і такія "пратэстоўцы", як я — у адных шортах і сланцах.На многіх было шкада глядзець — проста фіялетавыя, настолькі збітыя.
"Дайце мне, калі ласка, памерці”
— Раніцай вывелі тых, у каго былі траўмы. Аднаму хлопцу ў РУУС зламалі рэбры, а потым яшчэ дадумаліся абматаць эластычным бінтам, сціснуўшы з абодвух бакоў. Нас завялі ў камеру — хутчэй за ўсё, гэта была капцёрка, там стаялі два аднаярусныя ложка і ляжалі гарой матрацы, прасціны, падкоўдранікі.Нас у камеры было чалавек трыццаць. Дзіка хацелася есці і піць. Сукамернікі далі нейкі пакет з кашай і катлетамі. Папіў з-пад крана, упаў і заснуў.
— Потым быў суд. Суддзя нешта шэпча, я не чую пасля кантузіі. Я патлумачыў, што ў мітынгу не ўдзельнічаў, і спытаў, чаму сведкі — супрацоўнікі праваахоўных органаў, ці нельга было запрасіць людзей з прыпынку.
— Вы хочаце сказаць, што нашы супрацоўнікі паклёпнічаюць?
— Так, паклёпнічаюць. Ніхто мяне з мітынгу не выдзіраў, І я нікуды не ўцякаў. З пратаколам я цалкам не згодны.
Суддзя маіх слоў не пачуў. Сказалі, што ў мяне ў 2000-м годзе была судзімасць. Прысуд: 14 сутак.Добра, хоць дазволілі патэлефанаваць родным і паведаміць, дзе я. Праўда, пасля удараў па галаве я змог успомніць толькі нумар сястры.
Потым прыехалі медыкі, паклікалі перабінтаваць руку, знялі бінт, а там апынуўся дрэнаж, які яшчэ ў бальніцы заклалі. Яго трэба было мяняць кожны дзень да 18 жніўня, каб рана не загнаілася. Мяне вырашылі везці ў бальніцу. Пакуль чакаў у двары машыну, бачыў хлопца, ён увесь быў колеры саспелай слівы, тросся і паўтараў:
— Дайце мне коўдру, і дайце мне, калі ласка, памерці.
Яшчэ адзін хлопец стаяў, прыхінуўшыся да сцяны, сядзець не мог, ногі ў яго таксама былі ўсе сінія, штаны разрэзаныя і на галёнцы стаяла чорная пазнака. Кажуць, так адзначалі тых, каго збівалі мацней усіх.
— Мне хацелася хутчэй з'ехаць з гэтага дурдома. І я абрадаваўся, калі апынуўся ў бальніцы. Там правёў тыдзень. Раны гояцца, а са слыхам і з зубамі трэба яшчэ разбірацца.
Вялікі дзякуй валанцёрам, якія дапамагалі ўсім, чым маглі.У камеры мы ўсе дамовіліся, што не будзем нічога хаваць, выйдзем і распавядзем праўду пра гэта бязмежжа.
P. S. Аляксандр збіраецца падаваць заяву ў СК.
august2020.info