Як цяпер жыве легендарная Чарнабаеўка — месца, куды рускія прыходзяць паміраць

Ахвотныя выехаць з Чарнабаеўкі дагэтуль ёсць, аднак гэта сёння немагчыма: акупанты не выпускаюць людзей. Эвакуацыйных калідораў няма.

Чым жыве легендарная Чарнабаеўка. Фота uk.wikipedia.org

Чым жыве легендарная Чарнабаеўка. Фота uk.wikipedia.org

Жыхарка легендарнай Чарнабаеўкі на Херсоншчыне, дзе ўкраінскія абаронцы ў дзевятнаццаты раз знішчылі акупантаў, распавяла, якая цяпер сітуацыя ў населеным пункце.

«Мы стараемся весці звыклы лад жыцця. Днём больш-менш нармальна, таму што мы далёка чуем выбухі, але ўначы трохі страшна. Часта даводзіцца выбягаць у калідор пасярод ночы», — кажа мясцовая жыхарка.

Паводле яе слоў, з харчаваннем у вёсцы пераважна добра. Зрэшты, цэны высокія, а ў людзей няма наяўных.

Пенсіі і выплаты людзі ў Чарнабаеўцы атрымліваюць толькі тады, калі ёсць наяўныя, аднак іх часта не хапае.

«Апавяшчаюць нас, калі ёсць выплата. Вельмі часта бывае такое, што пенсіянеры прыходзяць па выплаты, ім пішуць, што можна прыйсці да такой-та гадзіны, але яны могуць прастаяць у чарзе, а наяўныя заканчваюцца. Па магчымасці ім выплачваюць», — распавядае дзяўчына.

Каб купіць нешта ў краме, людзям даводзіцца шукаць наяўныя сродкі адно ў аднаго.

«Звычайна самі работнікі крам закупляюць прадукты — і такім чынам у нас ёсць магчымасць купляць нешта. Гэта значыць, усё забеспячэнне вёскі трымаецца на іх», — кажа мясцовая жыхарка.

Ахвотныя выехаць з вёскі дагэтуль ёсць, аднак гэта сёння немагчыма: акупанты не выпускаюць людзей.

«У нас няма эвакуацыйных калідораў. Таму людзі выязджаюць на свой страх і рызыку. Цяпер такой магчымасці няма — не даюць з'ехаць. Большая частка людзей застаецца», — кажа дзяўчына.

Кіраўнік вёскі цяпер знаходзіцца ў цяжкім стане ў бальніцы — падчас чарговага абстрэлу будынак сельскага савета засыпала. Яго намесніка акупанты выкрадалі.

«Ад 2 да 4 траўня сувязі наогул не было. Калі з'явілася сувязь, з'явілася інфармацыя, што засыпала сельсавет і сельскі старшыня знаходзіцца ў цяжкім стане ў бальніцы. Яго ахоўваюць рускія войскі. А вось яго намесніка выкралі. Вестак пра яго не было дзесьці тыдзень, але потым, людзі кажуць, яго выпусцілі. Інфармацыі пра тое, што сельскаму галаве стала лепш або яго выпусцілі, — няма», — распавядае жыхарка Чарнабаеўкі.

Паводле www.unian.net