Як Пуцін спрабуе ўцягнуць беларусаў у вайну ва Украіне?

Украінская выведка распавяла, якім чынам Расія спрабуе ўцягнуць беларусаў у вайну ва Украіне. Супрацоўнікі спецслужбаў РФ праводзяць «індывідуальныя гутаркі» з вайскоўцамі беларускай арміі. Пра гэта распавялі ў Галоўным упраўленні выведкі Мінабароны Украіны.

Расія спрабуе ўцягнуць беларусаў у вайну з Украінай: падчас размоваў беларускім салдатам абяцаюць грошы і навучанне ў расійскіх вайсковых ВНУ.

Пра гэта ў Facebook піша Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны. У паведамленні сказана, што супрацоўнікі расійскіх спецслужбаў вывучаюць маральна-псіхалагічны стан вайскоўцаў Беларусі і праводзяць індывідуальныя гутаркі з шараговым складам.

«Такім чынам пуцінскія эмісары спрабуюць схіліць беларускіх вайскоўцаў да ўдзелу ў вайне з Украінай, хай нават не ў складзе УС Беларусі. За выкананне «спецыяльных заданняў» беларусам прапануецца грашовае забеспячэнне ў памеры $ 1000-1500 у месяц. У дадатак — льготнае навучанне ў расійскіх ваенных вышэйшых навучальных установах (напрыклад, Разанскае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча)», — адзначае ўкраінская выведка.

У прыватнасці, такія выпадкі зафіксаваныя ў падраздзяленнях 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі УС Беларусі і ў Гомельскай пагранічнай групе.

«Нягледзячы на гэта, сярод беларускіх вайскоўцаў адзначаецца вельмі нізкі ўзровень матывацыі адносна ўдзелу ў баявых дзеяннях. Тыя ж, хто даў згоду, выключаюцца са спісаў асабовага складу сваіх падраздзяленняў для падаўжэння службы не ў шэрагах УС Беларусі», — інфармуе ўкраінскі бок.

Таксама сярод вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі адбываюцца, нібыта, спрэчкі аб магчымасці прыцягнення да баявых дзеянняў ва Украіне. «Пераважная колькасць асабовага складу, які адмаўляецца ад удзелу ў так званай «спецыяльнай аперацыі», правяраецца наконт сувязяў з апазіцыяй. Нелаяльных да Расіі камандзіраў замяняюць».

Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны і сёння, 23 сакавіка, паведаміў, што ўсё яшчэ існуе верагоднасць ўдзелу арміі Беларусі ў вайне супраць Украіны на баку Расіі.

Паводле www.unian.net


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: