Яны не прасілі іх «бараніць»

Дзеля «абароны народа Данбаса» былі распачатыя баявыя дзеянні яшчэ восем год таму, а зараз — абвешчана поўнамаштабная вайна супраць Украіны. Але мы рэдка чуем галасы таго «народа» — вядома, апрэч тых, што вяшчаюць ва ўнісон з мілітарысцкай прапагандай. Сёння я хачу распавесці вельмі асабістую гісторыю.
Данбас-арэна

Данбас-арэна

Раз-пораз я бачу, як «абарону народу Данбаса» прыводзяць як апошні і непахісны маральны аргумент людзі, што лічаць баявыя дзеянні апраўданымі. Звяртаюся да іх: я вельмі хачу, каб вы зразумелі, чым ёсць гэтая «абарона».

Мае блізкія людзі жывуць у Данецку. Яны ўкраінцы. Гэта іх «абараняе» імперыя.

Першы раз, калі іх вырашылі «бараніць» у 2014 годзе, яны аказаліся ў эпіцэнтры гарачай вайны, пад уладай адмарожаных палявых камандзіраў. Што характэрна, там, куды рукі «абаронцаў» не дацягнуліся, нічога падобнага не адбылося.

Падчас найгарачэйшых баявых дзеянняў 2014 года яны выязджалі — хтосьці ва Украіну, хтосьці ў Расію, хтосьці яшчэ далей. Потым вярнуліся ўсе. Тут быў свой дом, патрэба даглядаць старых, выхоўваць дзяцей, і трымацца разам. Там — разуменне, што ў чужых краях ты будзеш заўжды чужым, і будаваць жыццё з нуля — няма ні сіл, ні рэсурсу, ні надзеі.

Потым — восем год жыцця ў «шэрай зоне», з разбуранай эканомікай, міннымі палямі вакол горада, каменданцкай гадзінай і пастаяннай рызыкай патрапіць «на падвал», у «Ізаляцыю», «на копку акопаў» ці проста знікнуць без вестак, калі не спадабаешся бандытам, што кантралююць горад.

З 2015 года яны звыклі да артылерыйскіх дуэляў, навучыліся на слых адрозніваць «прылёты» і «адлёты», заўважаць узмацненні і сцішэнні страляніны. Прызвычаіліся і да гэтага. Не, яны не бегалі ў падвал пры кожным грукаце. Гэты гукавы фон — на шчасце, без масавых разбурэнняў і ахвяраў — стаў проста часткай іх несалодкага, але выноснага жыцця пад акупацыяй.

А цяпер іх вырашылі «абараніць» яшчэ раз. І ўмоўна мірнае жыццё скончылася канчаткова.

Спачатку яны ўбачылі як знянацку бюджэтнікаў настойліва выганяюць у эвакуацыю (як зразумела цяпер — каб выкарыстаць «60 тысяч бежанцаў» у якасці адной з нагодаў для абвяшчэння поўнамаштабнай вайны).

І цяпер, упершыню за восем год — у межах «абароны» іх прымусова мабілізуюць у «войска ДНР», адрэзаўшы шляхі для ўцёкаў. Каб сунуць у рукі аўтаматы, даўшы статус камбатантаў і… пагнаць грамадзянскіх па сутнасці людзей у атаку на прафесійнае войска іх уласнай краіны.

Усё гэта — ад пачатку да канца — што заўгодна, але не «абарона». Гэта адзін з эпізодаў злачынства супраць чалавечнасці.

Яны — закладнікі акупацыйнай данецкай улады. І яны не прасілі іх «бараніць» ані ў 2014, ані зараз.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: