Людміла Кучура звярнулася ў генпракуратуру і парламент з нагоды неэфектыўнасці расследавання скаргаў пра катаванні
Мінчанка Людміла Кучура прыклала шмат намаганняў, але пакуль не змагла дамагчыся пакарання для адміністрацыі і персаналу ПК-15 г. Магілёва, дзе раней утрымліваўся яе муж Пётр Кучура, у дачыненні да якога была прыменена хлорка як сродак катавання.
Людміла Кучура
Таму жонка зняволенага вырашыла накіраваць звароты, падрыхтаваныя з дапамогай Праваабарончага цэнтра "Вясна", у Генеральную пракуратуру — начальніку аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзянаў Паўлу Елісееву, а таксама ў заканадаўчы орган — у Камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ў Камісію па правах чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Яе скаргі з апісанай нагоды мелі патрэбу ў праверцы і прыняцці працэсуальнага рашэння. Варта было ўстанавіць сам факт жорсткага, бесчалавечнага абыходжання і даць яму належную ацэнку. Але
неаднаразовыя скаргі ў органы Следчага камітэта і пракуратуры вынікаў не далі. Разгляд скаргі Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС, куды яна была перанакіраваная органамі следства, ніяк не можа
лічыцца бесстароннім.
У сваіх зваротах у генпракуратуру і парламент Людміла Кучура падкрэслівае, што заканадаўства Беларусі не мае нормаў пра адказнасць службовых асобаў за катаванні, жорсткае і бесчалавечнае
абыходжанне, аднак магчымая кваліфікацыя іх дзеянняў па артыкулах Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за злачынствы супраць чалавека і супраць інтарэсаў службы. Таксама, зыходзячы
з асабістага вопыту, сцвярджае, што заканадаўствам Беларусі не прадугледжана эфектыўнага механізму расследавання скаргаў пра катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне.
Тым часам варта нагадаць, што Беларусь ратыфікавала Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, прынятую рэзалюцыяй 39/46
Генеральнай Асамблеі ААН ад 10 снежня 1984 года. І гэтая Канвенцыя кажа:
Кожная дзяржава забяспечвае любой асобе, якая сцвярджае, што яна была падвергнута катаванням, права на прад'яўленне скаргі кампетэнтным уладам гэтай дзяржавы і на хуткі і бесстаронні
разгляд імі такой скаргі».
Таму Людміла Кучура ў сваіх зваротах просіць Генпракуратуру і камісіі ПП НС правесці праверку па яе заяве з пункту гледжання захавання Рэспублікай Беларусь прынятых на сябе абавязацельстваў па
заключаных і ратыфікаваных ёй міжнародных дамовах. Таксама яна просіць заканадаўцаў паведаміць пра меры, якія прымаюцца ПП НС Рэспублікі Беларусь у мэтах уключэння ў крымінальны закон нормаў, якія
крыміналізуюць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае зварот .
Эксперт па праблемах пенітэнцыярнай сістэмы і спецыяліст у галіне правоў чалавека Павел Сапелка адзначае, што ў дзяржавах, якія імкнуцца да паўсюднага ўкаранення дэмакратычных стандартаў,
праблема барацьбы з катаваннямі, жорсткім, бесчалавечным, прыніжаючым абыходжаннем з'яўляецца прыярытэтнай. Пра тое, якім чынам у нацыянальнае заканадаўства можна ўвесці эфектыўны механізм
расследавання і крыміналізацыі фактаў катаванняў, ён распавядае, звяртаючыся да прыкладу Малдовы.
У канцы 2012 года ў крымінальны кодэкс Малдовы быў занесены артыкул 166-1 - «Катаванні, бесчалавечнае ці прыніжаючае годнасць абыходжанне», які вызначае і крыміналізуе названыя
дзеі, у прыватнасці, наўмыснае прычыненне болю альбо фізічных ці псіхічных пакутаў, якое з’яўляецца бесчалавечным ці прыніжаючым годнасць абыходжаннем, публічнай асобай або асобай, якая
фактычна выконвае функцыі публічнайустановы, або любой іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, або з ведама ці маўклівай згоды названых асобаў можа карацца не менш чым пазбаўленнем волі на
тэрмін ад 2 да 8 гадоў. За ўжыванне катаванняў устаноўлена пакаранне ад 6 да 15 гадоў. Асуджаным за гэтыя злачынствы прызначэнне пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, не
дапускаецца».
Хоць у Беларусі дагэтуль паняцце катаванняў не ўнесена ў Крымінальны кодэкс, пэўныя дзеянні ў гэтым кірунку ўжо ёсць - у Нацыянальным сходзе разглядаецца адпаведны законапраект. Аднак, як
адзначае юрыст, пра ўвядзенне адказнасці непасрэдна за катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне заканадавец пакуль абвясціць не спяшаецца.
spring96.org