«Нельга ісці да Бога, пераступаючы праз чалавека»

Палітычны крызіс у краіне адыграў сур'ёзную выкрывальную ролю для многіх арганізацый, і для рэлігійных — у першую чаргу. У пошуку праўды і мірных шляхоў вырашэння канфліктаў праваслаўныя вернікі звярнуліся да царквы, але царква прапанавала ім гарачыя прамовы ігуменіі Гаўрыілы, ганенні супраць арцыбіскупа Арцемія і прызначэнне новага мітрапаліта.
Мы сустрэліся з праваслаўнай верніцай Ірынай Байзат, каб даведацца, як за апошнія паўтара года змянілася яе стаўленне да праваслаўнага святарства і дзе шукаюць духоўны прытулак тыя, хто страціў давер да царквы як арганізацыі.

«Адчуванне, нібыта ўдзельнічаю ў фарсе»

Мая вера ў Хрыста за апошнія паўтара года толькі ўмацавалася. Але тут істотна ўдакладніць, што вера для мяне — вялікі дар і сур’ёзная духоўная праца. А рэлігійныя абрады — толькі частка гэтай працы. Сёння большасць беларусаў называюць сябе хрысціянамі, але, паводле маіх назіранняў, прымаюць удзел у Еўхарыстыі толькі 3–5 адсоткаў вернікаў. Для астатніх жа вера праяўляецца перш за ўсё у тым, што айцец Георгі Мітрафанаў, царкоўны гісторык, называў рэлігійна-фальклорным шоу: пафарбаваць яйкі, спекчы кулічы, паставіць свечкі… Асабіста я лічу, што гэта падмена, самападман.

Пасля жнівеньскіх падзей 2020 года я перастала звяртацца да свайго духаўніка. Дагэтуль мы былі вельмі блізкімі, я сябравала з яго сям’ёй, шмат гадоў хадзіла да яго на споведзь. Але ён ніяк не выказаў сваёй пазіцыі наконт палітычнага крызісу ў краіне, не асудзіў гвалт на вуліцах і ў вязніцах. Я не магу асуджаць яго як чалавека, але як святар, як хрысціянін ён, на вялікі жаль, страціў мой давер. Рашэнне спыніць гэтыя адносіны стала вельмі цяжкім, гэта мая асабістая драма.

Я працягваю хадзіць у храм, таму што ўдзел у Еўхарыстыі для мяне вельмі істотны. Але зараз я наведваю не той храм, у які хадзіла раней, да будаўніцтва якога мела непасрэднае дачыненне. Цяпер у мяне няма даверу да святароў гэтай царквы, мне цяжка слухаць іх прамовы, не магу абстрагавацца. Адчуванне, нібыта ўдзельнічаю ў нейкім фарсе. Гэта не азначае, што ў храме няма Хрыста. Таму што нават калі адзін чалавек, які прысутнічае на службе, сапраўды верыць, тады Хрыстос там прысутнічае. Не ведаю, ці правільнае маё рашэнне, таму што ў царкву ходзяць да Бога. Але ўсё роўна мы словы з Евангелля ўспрымаем праз людзей, таму асоба святара вельмі істотная. На шчасце, ёсць іншыя храмы, у якія я магу прыйсці, святары, у шчырасці якіх я не сумняюся. Многія з іх сапраўды страцілі пэўныя прывілеі за тое, што проста выказалі сваё меркаванне і зрабілі гэта вельмі тактоўна, граматна — як з багаслоўскага пункту гледжання, так і проста з чалавечага, без аніякіх зняваг.

Напэўна, праваслаўных святароў як простых людзей асуджаць нельга. Зразумела, што царква сёння ў моцнай счэпцы з дзяржавай, іх звязваюць і юрыдычныя, і зямельныя пытанні… Зразумела, што святары не жадаюць, каб адбіралі храмы, каб забаранялі службы. Сярод праваслаўнага святарства многія маюць шмат дзяцей. Таму проста па-чалавечы я разумею іх маўчанне, не ўсе гатовыя рызыкаваць. Айцец Уладзімір Драбышэўскі рызыкнуў адкрыта выступіць супраць збіцця людзей, а пасля другога арышту быў вымушаны з’ехаць з краіны, таму што хваляваўся за дзяцей і маці… Але ў дачыненні да тых, хто робіць іншы выбар, у мяне ўзнікае пытанне — а дзе ў вашым жыцці Хрыстос? Тады не варта і казаць пра хрысціянства, будзьце сумленнымі, агучце шчыра сваю пазіцыю, і не будзе да вас пытанняў. А фарысейства, крывадушнасць, спробы яўнае зло неяк завуаляваць — гэта жудасна, сорамна, і нічога хрысціянскага ў гэтым няма. Тым больш цяпер такія праявы сталі вельмі яўнымі.

Узгадаем прыклад мітрапаліта Веніяміна Казанскага, які прылічаны да ліку пакутнікаў. Калі бальшавікі ў сувязі з голадам пачалі рабаваць цэрквы і выносіць адтуль каштоўнасці, ён звярнуўся з лістом да ўлады, у якім прапанаваў замяніць гвалтоўную канфіскацыю каштоўнасцей добраахвотнымі ахвяраваннямі. Ён рабіў гэта, каб пазбегнуць кровапраліцця ў сваёй парафіі, зберагчы праваслаўных вернікаў ад паруганняў святыні, дапамагчы тым, хто галадае, грашыма і не пашкодзіць царкве. Яго арыштавалі, доўга дапытвалі. На судзе яму ставілі ў віну тое, што ён перашкаджае дапамозе тым, хто галадае. Ён адказаў, што царкоўнымі святынямі можна ахвяраваць, калі гэта дапаможа людзям захаваць жыццё, але не можа блаславіць блюзнерскія спосабы канфіскацыі гэтых каштоўнасцей. Таму мітрапаліт прапанаваў альтэрнатыву.

Падобныя здарэнні былі ва ўсе часы існавання Праваслаўнай царквы. І кожны са святароў, не істотна, у якой ступені ерархіі ён стаяў, рабіў свой асабісты выбар, выказваў сваё меркаванне альбо не выказваў. Прапаноўваў шляхі вырашэння праблем у грамадстве альбо толькі рабіў выгляд, што гэтыя праблемы яго хвалююць. Сёння нашы іерархі, у прыватнасці, мітрапаліт Веніямін, кажуць, што патрэбна захоўваць мір, заклікаюць да правільных рэчаў, калі слухаць абстрактна. Але мы маем канкрэтную сітуацыю, і ў дачыненні да яе гэтыя словы не маюць сэнсу. Тым больш, што за імі няма ніякіх канкрэтных дзеянняў.

«Хрысціянства — гэта свабода»



Для мяне цалкам незразумелая і непрымальная забарона святарам наведваць палітвязняў у турмах і шпіталях, практыка адмаўляць людзям у прыняцці Святых Дароў. Некаторым нават не даюць чытаць Евангелле ці хоць Псалтыр. І мітрапаліт проста маўчыць наконт гэтага. Гэта супярэчыць сутнасці хрысціянства, гэта проста крывадушша. А як жа прытча пра добрага Самараніна? Таму сёння ў большасці вернікаў моцнае расчараванне менавіта ў палітыцы праваслаўных іерархаў. Але сама вера і Хрыстос не маюць да гэтата ніякага дачынення. Толькі канкрэтныя людзі.

Што такое на самай справе хрысціянства? Гэта свабода. Гэта не цемрашальства, не так званыя «скрэпы», у якіх усе захраслі… Хрыстос уцелавіўся і быў укрыжаваны менавіта за свабоду чалавецтва, сапраўдную свабоду, свабоду ад рабства смерці. Але мы, я маю на ўвазе ўсю царкву — і святарства, і прыхаджан, таму што ўсё адзінае, наадварот выбудоўваем сцены гэтай свабоды, абмяжоўваем яе. І пра гэта кажуць многія святары. І тыя, якіх ужо няма сярод жывых (Аляксандр Мень, Аляксандр Шмеман), і тыя, хто жывуць сёння — Георгі Мітрафанаў, Аляксей Умінскі, Пётр Мяшчэрынаў і іншыя паважаныя святары.  

Сапраўдная свабода заўсёды цанілася адзінкамі. Айцец Аляксандр Мень, якога я бясконца паважаю, падкрэсліваў у пропаведзі тое, што, калі Майсей вывеў з Егіпта іўдзеяў, многія з іх былі незадаволенымі, таму што для іх гэта рабства была горкім, але… стабільным. То-бок фізічна яны былі забяспечаныя ўсім неабходным — яны працавалі, елі, а рабства было хутчэй псіхалагічным. Яны маральна, духоўна былі несвабоднымі, прыгнечанымі. Але не ўсе жадалі перамен, таму што было як-ніяк утульна і сытна. Сёння я назіраю гэтую паралель вельмі яўна.

Ува мне вельмі адклікаюцца словы протаіерэя Георгія Мітрафанава, які даўно казаў, што, калі хрысціянства не насаджалася гвалтоўна, а свабодна прапаведвалася апосталамі і іх паслядоўнікамі, яно перамагло. Хрысціяне былі пад пераследам, іх знішчалі, але яно перамагло. І ніхто з апосталаў не імкнуўся ні да якіх прывілеяў. Тады сапраўды было кесару кесарава, а Богу — Богава. На маю думку, сёння ўсё інакш. Таму кагосьці забараняюць, а камусьці дазваляюць весці службу — у залежнасці ад таго, «правільныя» святар мае погляды ці нейкія незразумелыя.

Многія з маіх сяброў вельмі моцна перажывалі і рэфлексавалі наконт таго, што ў нашай царкве адбыўся падзел людзей пасля падзей мінулага года. У мяне няма такіх пачуццяў. У нейкім плане я нават адчуваю радасць, таму што зараз адбываецца аддзяленне зерня ад пустазелля, пра што і казаў Хрыстос.

Што датычыцца пераходу многіх праваслаўных у каталіцтва — тут я ніяк не асуджаю людзей, таму што вера — гэта дар. Чалавек не можа сказаць «я жадаю стаць вернікам» — і раніцай прачнуцца вернікам, гэта немагчыма. Можна шукаць, імкнуцца, але чалавек верыць, калі Бог дакранаецца скрыжаляў сэрца. Я лічу, што людзі, якія ў сувязі з палітыкай Праваслаўнай царквы перайшлі ў каталіцтва, проста ніколі не верылі ў Хрыста па-сапраўднаму. Напэўна, для іх вонкавая абрадавасць была больш істотнай. Хаця мяне радуе, што за апошнія паўтара года павялічылася ўзаемапавага сярод канфесій. Калі ў жніўні 2020-га былі арганізаваны крыжовы шлях і сумесныя малітвы за краіну, у іх прымалі ўдзел праваслаўныя, каталікі, пратэстанты. Гэта светлы, агульначалавечы, хрысціянскі парыў, калі людзі, якія вераць у Хрыста як у Збаўцу, аб’ядноўваюцца супраць яўнага зла.

Пра надзеі і расчараванні


Пасля адной з сустрэч з мітрапалітам Паўлам ува мне пасялілася надзея. У жніўні 2020-га я бачыла на яго твары вялікую занепакоенасць, боль за людзей, неабыякавасць да ўсяго, што адбываецца. Ён мог выслухаць прыхаджан, праявіць удзел і ўсё чамусьці гаварыў: «Я вас прашу толькі крыху пачакаць». Але хутка яго знялі з пасады. Тады мітрапалітам стаў Веніямін. Група вернікаў напісала яму ліст з просьбай сустрэцца, паразмаўляць. Праблемы да абмеркавання з мітрапалітам прапаноўваліся канкрэтныя: выкананне эпідэміялагічных норм у сувязі з кавідам, наведванне святарамі палітычных вязняў, спроба спыніць гвалт у вязніцах. Але нам было адмоўлена ў сустрэчы. Па першым пункце мітрапаліт Веніямін адказаў, што гэта вырашаецца на месцах, а па іншых пытаннях прапанаваў нам звярнуцца да свайго сакратара, з якім сустракацца сэнсу не было, таму што сам, без мітрапаліта, ён нічога не вырашае.

Гэта было моцным расчараваннем, таму што я да апошняга спадзявалася і верыла. Раней я сустракалася з мітрапалітам Веніямінам чатыры разы, ён ствараў уражанне чалавека сапраўды міласцівага і аскетычнага, не юрліўца. Думаю, у пэўнай ступені так і ёсць. Толькі, верагодна, уяўленне пра хрысціянства ў нас з мітрапалітам рознае.

Я не разумею, як ставіцца да сучаснай Праваслаўнай царквы як арганізацыі, калі мітрапаліт асвячае «Лінію Сталіна». Я на «Лініі Сталіна» ніколі не была, і мае дзеці там ні разу не былі. Таму што, па-першае, ніякіх баявых дзеянняў там не было, гэта ўсім вядома. Па-другое, я лічу, што любая ўзгадка Сталіна ў станоўчым кантэксце — гэта спроба апраўдаць яго злачынствы і метады дасягнення мэтаў. Калі мае добрыя знаёмыя збіралі грошы на звон на «Лініі Сталіна», я адмовілася ў гэтым удзельнічаць і моцна абурылася. Тады мяне не зразумелі. Зараз ужо ўва многіх людзей адбылося пераасэнсаванне падобных рэчаў. Цяпер яны кажуць: «Як мы маглі ў гэтым удзельнічаць!»

Таксама я не магу зразумець асвячэння зброі. Калі гэта дзеля абароны грамадзян і айчыны — тады яшчэ магчыма, але калі людзі на сваіх жа скіроўваюць зброю, не на нейкіх там іншаземцаў, захопнікаў... Як можна за адно толькі тое, што людзі засталіся з бел-чырвона-белым сцягам, які ў недалёкім мінулым быў дзяржаўным, за іх меркаванне і імкненне адстаяць свае погляды, адмаўляць у сустрэчы са святаром? Гэта проста дзіка. Як гэта можна не разумець? Гэта ж вашы людзі. І Павел Севярынец — ваш, праваслаўны чалавек. Адказ мітрапаліта Веніяміна на яго ліст — гэта проста жах. Апошнія словы з ліста мітрапаліта, у якіх ён пажадаў Севярынцу добра правесці пост, мяне проста забілі. Чалавек столькі часу сядзіць у жудасных умовах, ён не зрабіў нічога супраць сваёй краіны, ён піша пра любоў, міласэрнасць, заклікае да яднання беларусаў, седзячы ў засценках — настолькі светлы, разумны чалавек — а мітрапаліт жадае яму добра папасціцца? Для мяне гэта блюзнерства.

Мне падаецца, што ў людзей, якія спяваюць дыфірамбы ўчынкам дзеючага мітрапаліта, магічнае мысленне. Магчыма, на аналітычнае мысленне ў іх не хапае рэсурсу. А калі ў чалавека магічнае мысленне, яму сказалі тры разы паўтарыць пэўныя словы і зрабіць пэўныя рухі, паставіць свечку ў пэўным месцы, і ён думае, што гэтага дастаткова, каб быць добрым хрысціянінам. Такіх людзей нават не варта пераконваць, таму што яны проста не жадаюць гэтых ведаў. Для іх сумнявацца ў чымсьці — адразу азначае не верыць.

Пра кампрамісы

Мяне выхоўвалі ў разуменні таго, што, калі трое збіваюць аднаго, — гэта дрэнна. І не істотна, хто гэты адзіны. Гэта зло, тут не можа быць кампрамісу. Нельга сказаць «правільна яго б’юць, таму што ён апазіцыянер», альбо «правільна яго б’юць, таму што ён прыхільнік улады». І тое, і іншае — абсалютнае зло. Чамусьці нашы іерархі пра гэта маўчаць. Для іх існуюць нейкія незразумелыя падзелы. Аднолькавыя сітуацыі яны то апраўдваюць, то асуджаюць — у залежнасці ад кан’юнктуры.

Для мяне хрысціянства — гэта, перш за ўсё, любоў да бліжняга, любоў да чалавека як да Божага стварэння. Гучыць высакапарна, але пад любоў’ю можна разумець элементарную дапамогу. Вось ты ўбачыў, як на вуліцы трое б’юць аднаго. Ці заступішся ты за таго аднаго? Ці ты спачатку спытаеш, якіх той, каго б’юць, палітычных поглядаў, мігрант ён ці не мігрант, альбо яшчэ па якіх заўгодна крытэрыях ацэніш чалавека? Вось у гэтым і ёсць розніца паміж хрысціянінам і нехрысціянінам. Хрысціянін не будзе задаваць пытанняў, ён проста заступіцца.

Мяне моцна ўражваюць гісторыі пра Другую сусветную вайну, калі жанчыны, якія згубілі на вайне сваіх дзяцей і мужчын, кідалі палонным немцам хлеб, нейкую ежу. Не істотна, да якой канфесіі сябе адносілі гэтыя жанчыны. Але гэта вельмі хрысціянскі ўчынак. Падзяліць апошні кавалак хлеба нават з ворагам — вось гэта хрысціянства. А што мы бачым зараз? Калі суайчыннікі, вернікі маюць патрэбу ў дапамозе і просяць аб ёй, а іерарх кажа: «Не трэба да іх хадзіць», — і пры гэтым заклікае — прыходзьце ў храм маліцеся, пасціцеся… Дык а сэнс у такіх малітвах і пасце? Хоць галадай тыдзень, але калі ты адмовіў у дапамозе чалавеку, таму што ён прытрымліваецца не тых жа поглядаў, што і ты, — тады які ты хрысціянін? Для мяне гэта адназначна, і ніякіх кампрамісаў тут быць не можа.

«Храмы рызыкуюць застацца без прыхаджан»

Людзей ужо ў храмах мала. Але царква як Цела Хрыстова, як аб’яднанне вакол Хрыста, ніколі не памрэ. Пра гэта казаў Хрыстос: «Брамы пякельныя не перамогуць яе». Таму я не сумняваюся ў тым, што царква ніколі не будзе знішчанай. Але як арганізацыя яна сябе дыскрэдытавала. Я не ведаю, што можна зрабіць, каб гэта выправіць. Пакаяцца — вядома, але гэта такое слова… Мітрапаліт Веніямін таксама кажа пра пакаянне. Што значыць пакаяцца? У нас помнікі Леніну і Сталіну яшчэ стаяць, і праспект Дзяржынскага ёсць у сталіцы, нават горад такі ў краіне ёсць, негледзячы на тое, колькі крыві праліў гэты чалавек. Пра якое пакаянне можа ісці гаворка, калі мы асвячаем «Лінію Сталіна»? Быў прыклад у гісторыі, калі цар Давід, злачынец, па сутнасці, пасыпаў галаву попелам. Але ён шчыра пакаяўся, раскаяўся, і таму выратаваў свой народ і сябе. А казаць: «Давайце пакаемся! Будзем тры дні не есці!» — як вось зараз нам раяць тры дні пасціцца, каб кавіду не было, і пры гэтым не прымаць ніякіх мер — гэта як? Таму храмы будуюцца, а людзей у іх усё менш. І які сэнс?

Я не ведаю, як вярнуць аўтарытэт Праваслаўнай царквы. Напэўна, павінна адбыцца нешта вельмі сур’ёзнае і трагічнае. Павінны з’явіцца свае пакутнікі. Каб праз некаторы час, не адразу, вядома, людзі сапраўды павярнуліся тварам да Праваслаўнай царквы як рэлігійнай арганізацыі.

Пакуль людзі не пераасэнсуюць сваё прызначэнне, пакуль не адкажуць на пытанне, навошта яны прыйшлі ў гэты свет, нічога не зменіцца. Людзі нават пра смерць баяцца размаўляць. Лацінскае memento mori, «памятай пра смерць», гучыць не для таго, каб упадаць у роспач. Але для таго, каб кожны дзень пражываць і разумець сэнс свайго жыцця, памятаць пра тое, што ты смяротны і нічога з сабой адсюль не панясеш. А калі чалавек атэіст, то ўсё роўна душа — хрысціянка, і ў кожнага чалавека ёсць сумленне. Часам чалавек, які лічыць сябе атэістам, паводзіць сябе больш па-хрысціянску, чым чалавек, які называе сябе хрысціянінам.

Усім вядомая гісторыя пра набожную бабулю, якая прыйшла са службы дадому і пачала гнабіць сваіх родных. Але большасць з нас так і робяць. Жывое хрысціянства для мяне — гэта перш за ўсё людзі. Гэта стаўленне да людзей. Не абрадавасць, а менавіта людзі. І я ўпэўненая, што ад таго, што чалавек не прачытае поўны тэкст ранішніх і вечаровых малітваў, Бог на яго не пакрыўдзіцца, а вось калі чалавек скажа: «Ведаеш, я не магу табе дапамагчы, таму што я павінен прачытаць малітву»… Вось за гэта спытаюць. То-бок, калі чалавек называе сябе хрысціянінам і кажа, што трэба дапамагаць тым, хто просіць пра дапамогу, — няхай сапраўды дапаможа, чым можа. Хоць бы добрым словам, проста выдзяліўшы час гэтаму чалавеку, магчыма, нават замест таго, каб схадзіць на службу.

Нельга замяняць Бога кумірамі. А кумірам можа быць як чалавек, так і рэлігійныя абрады, дзеянні, якія для некаторых вернікаў становяцца вышэй, чым Хрыстос. І хрысціянін перш за ўсё павінен быць сумленным. З сумленнем нельга ісці на кампраміс. Справа не ў палітычных перакананнях. Хрысціянін не можа быць перакананы ў тым, што дапамагаць тым, хто церпіць, варта толькі абраным. Адмаўляць у дапамозе нельга. «Спыніцеся на шляхах вашых і разгледзьце … дзе шлях добры, і ідзіце па ім, і знойдзеце спакой душам вашым» (Ераміі 6:16). Нельга ісці да Бога, пераступаючы праз чалавека.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: