Расіі трэба 3–4 тыдні, каб падрыхтаваць новы напад на Украіну з Беларусі

Цяпер асобныя падраздзяленні спецпрызначэння РФ разам з падраздзяленнямі сіл спецыяльных аперацый Беларусі праводзяць сумесныя вучэнні з адпрацоўкай дзеянняў на тэрыторыю Украіны, паведамляе УНІАН.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg

Войска Беларусі не зможа наступаць на Украіну без дапамогі Расіі, але Крэмль трымае ў рэзерве траціну сваіх батальённых тактычных груп.

Як паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі (ГУВ) Мінабароны Украіны, цяпер армія Беларусі мае толькі сем батальёнаў, якія на ратацыйнай аснове размяшчаюцца каля межаў Украіны.

Так, са слоў прадстаўніка ГУВ Вадзіма Скібіцкага, цяпер асобныя падраздзяленні спецпрызначэння РФ разам з падраздзяленнямі сіл спецыяльных аперацый Беларусі праводзяць сумесныя вучэнні з адпрацоўкай дзеянняў на тэрыторыі Украіны.

Трэніроўкі працягваюцца па ўсёй лініі мяжы. Вадзім Скібіцкі адзначыў, што аналагічная праграма трэніровак назіралася на працягу ўсіх папярэдніх сумесных вучэнняў войскаў Беларусі і РФ, менавіта таму галоўная пагроза цяпер заключаецца ў дзеяннях дыверсійна-разведвальных груп.

У той жа час фармаванне ўдарнай групоўкі, улічваючы досвед сакавіка-красавіка, зойме 3-4 тыдні, з якіх 2–3 спатрэбіцца на вяртанне падраздзяленняў войска РФ у Беларусь. Акрамя таго, магчымасць вядзення наступальных баявых дзеянняў беларускімі ўзброенымі сіламі самастойна разглядаецца як вельмі малаверагодная.

«У цэлым цяпер колькасць беларускіх падраздзяленняў, якія на ратацыйнай аснове знаходзяцца паблізу межаў, складае 4–6 тысяч чалавек. Таксама ў краіне знаходзіцца 1,5 тысячы асабовага складу расійскіх падраздзяленняў — паветраны кампанент, супрацьпаветраная абарона, падраздзяленні спецыяльнага прызначэння і ракетных войскаў», — дадалі ў ГУВ.

Па словах Скібіцкага, наступ з поўначы залежыць ад таго, наколькі праціўнік займее поспех на ўсходнім і паўднёвым кірунках.

«Асабліва на ўсходзе — наколькі хутка ён зможа выканаць тыя задачы, якія ставіць перад сабой. А бліжэйшая задача ворага — выхад на адміністрацыйныя межы Луганскай, а пасля — Данецкай абласцей», — адзначыў ён.


Учора, 24 чэрвеня, ГУВ паведаміла аб прыбыцці на тэрыторыю беларускага Мазыра расійскіх дыверсійных груп, якія плануюць падрыў у горадзе жылых дамоў, школы і бальніцы. Магчымыя правакацыі могуць быць пададзеныя як адказ Украіны на праведзеныя авіяўдары.

Украінскія разведчыкі дапускаюць, што сённяшнія ўдары па поўначы Украіны з тэрыторыі Беларусі былі спробай Расіі, у прыватнасці, уцягнуць у баявыя дзеянні войска Лукашэнкі.