Расія рыхтуе правакацыю на мяжы Украіны і Беларусі. Здымаць сюжэт прыедзе Салаўёў
Магчыма, гэта здарыцца праз два дні.
Пра правакацыю папярэджвае Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны ў Telegram у чацвер, 9 сакавіка.
«Мы атрымалі інфармацыю, што найбліжэйшым часам вайскова-палітычнае камандаванне РФ плануе правядзенне маштабнай правакацыі на мяжы Украіны і Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, для падрабязнага асвятлення правакацыі ў Беларусь прыедзе расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў.
Паводле звестак украінскай выведкі, 11 сакавіка плануецца арганізацыя тэлерадыёмоста і прамая трансляцыя з месца падзей для прапагандысцкіх СМІ. Для гэтага на тэрыторыю Беларусі прыбывае некалькі груп расіян.
«Верагодна, планы акупантаў мяркуюць пагрозу разбурэння аб'ектаў інфраструктуры і магчымыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва», — паведамілі ў ГУР.
Адзначаецца, што мэта правакацыі — стварэнне варожай грамадскай думкі ў дачыненні да Украіны з боку беларускіх грамадзян і забеспячэнне паўнавартаснага ўдзелу Узброеных Сіл краіны ў вайне на баку Расіі.
Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў лаянку ў дачыненні да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў сувязі з інцыдэнтам у Мачулішчах, дзе быў пашкоджаны расійскі самалёт-выведнік А-50.
Паводле korrespondent.net