Расійская мабілізацыйная сістэма не спраўляецца, таму выкарыстоўвае яшчэ і беларускую
Цяпер Беларусь не мае ўдарнай групоўкі, якая была б аснашчаная належным чынам для наступу. Пра гэта напісала ўкраінская разведка.
Андрэй Чарняк, прадстаўнік
Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны распавёў пра гэта
журналістам. Ён сказаў, што адначасова Беларусь праводзіць навучанне асабовага
складу, каб адцягваць увагу і сілы Украіны з усходу і поўдня.
Па словах Андрэя Чарняка, пачынаючы з красавіка, Лукашэнка рэгулярна спрабуе пазбегнуць адкрытага ўварвання ва Украіну, нягледзячы на тое, што ён ужо даўно стаў удзельнікам гэтай вайны, калі прадаставіў сваю тэрыторыю Расіі. І, хутчэй за ўсё, планы Масквы не абмяжоўваюцца ўсяго толькі ілюзіяй пагрозы з боку Беларусі.
«Вядома, патэнцыйная небяспека з боку Беларусі для Украіны існуе. З тэрыторыі Беларусі ажыццяўляюцца запускі ўдарных БПЛА, якія Расія закупіла ў Ірана, туды перамешчаны самалёты МіГ–31К, якія могуць несці ракеты «Кінжал», — адзначыў Андрэй Чарняк.
Расія тым часам адпраўляе ў Беларусь сваіх нядаўна мабілізаваных грамадзян. Аднак яны таксама не маюць належнага ўзбраення або тэхнікі.
«Іх завозяць чыгуначным транспартам. У той жа час адрамантаваныя ў Беларусі танкі, бронетранспарцёры адпраўляюць, наадварот, у Расію», — растлумачыў прадстаўнік вайсковай разведкі Украіны.
Адзначаецца, што расійскіх салдат у асноўным накіроўваюць на палігоны і ў трэніровачныя цэнтры Беларусі. У РФ цяпер вялікая колькасць мабілізаваных, і расіянам, відаць, не хапае ўласнай інфраструктуры, каб усіх іх навучаць. Таму, прыкрываючыся стварэннем рэгіянальнай групоўкі, яны адпраўляюць частку сваіх «новаспечаных» вайскоўцаў для баявой падрыхтоўкі ў Беларусь. Пытанне ў тым, куды іх перакінуць далей — ва ўсходнюю, у паўднёвую аперацыйныя зоны ці ўсё ж на поўнач Украіны.
«Расійская мабілізацыйная сістэма не спраўляецца. Таму выкарыстоўваецца беларуская мабілізацыйная сістэма — і не больш таго. У медыйным плане гэта паказваецца крыху інакш. Але цяпер няма ніякай наземнай небяспекі з боку Беларусі», — адзначыў украінскі вайсковы эксперт, палкоўнік Раман Світан у каментары ўкраінскай службе РБК.