Тышкевіч: Беларускія ўлады спрабуюць паказаць, што кантралююць уласную тэрыторыю

Аўтакратыі наогул вельмі важна дэманстраваць магчымасць кантролю. Так палітычны аналітык Ігар Тышкевіч пракаментаваў «Салідарнасці» сітуацыю на ўкраінска-беларускай мяжы і вучэнні беларускіх вайскоўцаў.

ihar_tyszkevicz_2.jpg

Напярэдадні з'явілася навіна пра тое, што праваахоўныя органы Украіны ўзмацнілі меры па прадухіленні дзейнасці дыверсійна-выведвальных груп паблізу межаў з Беларуссю. Журналісты спыталі ў Ігара Тышкевіча, з чым гэта можа быць звязана.

Ёсць некалькі складнікаў. Першы — гэта палітыка ўзмацнення аховы мяжы і памежнай тэрыторый. Не трэба забываць, што з беларускай тэрыторыі ва Украіну заходзілі расійскія войскі, — адзначае эксперт у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

Калі ў красавіку пачатку траўня ключавым момантам была ўмоўная зачыстка альбо праверка вызваленых тэрыторый на прадмет тых, хто застаўся, альбо тых, каго пакінулі, то далей гэта пачало рабіцца больш сістэмна. У тым ліку і спробы пошуку дыверсійна-выведвальных груп, альбо перашкоды ўвядзення разведкі.

Тут я хачу нагадаць, што спецназ беларускіх памежнікаў «ОСАМ» па беларускіх законах мае права праводзіць дыверсійна-выведвальную дзейнасць на тэрыторыі сумежных дзяржаў. Таму для Украіны з нагоды аховы вельмі патрэбна такая адпрацоўка механізмаў.


Другі складнік, які вызначае палітычны аналітык, — гэта вярбоўка расійскімі прыватнымі вайсковымі кампаніямі грамадзян Беларусі, Украіны і іншых краін — людзей, якія могуць лёгка схавацца ў мясцовай супольнасці з мэтай далейшага іх адпраўлення на тэрыторыю Украіны.

Калі мы бяром беларуска-ўкраінскую мяжу, то гэта адна з усіх украінскіх межаў, якая найменш абароненая і абсталяваная тэхнічнымі сродкамі назірання. Таму лагічна, што да моманту пэўнага інжынернага ўпарадкавання і ўзмацнення гэтай мяжы, у функцыях Міністэрства ўнутраных спраў або іншых ведамстваў Украіны ёсць адпрацоўкі механізмаў, як перакрыць мяжу ад пранікнення груп, якія могуць наносіць шкоду на ўкраінскай тэрыторыі.

Ну і трэцім складнікам Ігар Тышкевіч называе знаходжанне каля мяжы сіл памежных тэрыторый з боку Беларусі.

Гэта збольшага сілы спецыяльных аперацый, якія таксама паводле сваёй падрыхтоўкі спецыялізуюцца на правядзенні выведвальнай і выведвальна-дыверсійнай дзейнасці на сумежных тэрыторыях.


Наконт пагрозы наступу расійскіх танкаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі эксперт выказвае думку, што верагоднасць гэтага невялікая. Але што да магчымасці абстрэлаў, авіяцыйных налётаў, то такая верагоднасць захоўваецца і разглядаецца як рэальная.

У апошнія дні Мінабароны Беларусі ўсё часцей піша пра вучэнні беларускіх вайскоўцаў. Ігар Тышкевіч тлумачыць, што трывожыцца не варта.

З аднаго боку, калі мы бяром сістэму баявой падрыхтоўкі, то яна не зацыкліваецца толькі на маштабных вучэннях. Таму менш маштабныя вучэння праводзіліся заўсёды. Іншая справа, што на большую частку з іх не звярталі ўвагу СМІ.

Сёння з пункту гледжання інфармацыйнага складніка, Мінабароны паведамляе практычна пра кожны базавы палявы выхад на ўзроўні батальёна. Логіка беларускіх уладаў у гэтым ёсць: гэта спроба паказаць, што яны кантралююць уласную тэрыторыю. Для аўтакратыі важна дэманстраваць магчымасць кантролю як працэсу, так і тэрыторыі.

З іншага боку, гэта выгада для РФ, таму што такі інфармацыйны фон напружвае ўкраінскі бок і вымушае Украіну трымаць каля мяжы досыць вялікія сілы прыкрыцця мяжы. Адпаведна, калі гэта на мяжы з Беларуссю, то яны не на фронце: справа не столькі ў салдатах, колькі ў пэўнай колькасці баявой тэхнікі, якая не выкарыстоўваецца на лініі фронту.