«Ваш бацька забіты, цела каля «Арбата», і больш сюды не тэлефануйце»
Аляксандра Іванькова з Магілёва затрымалі 12 жніўня і адвезлі ў міліцэйскі пастарунак. Калі туды патэлефанавалі сваякі, якія шукалі свайго мужа і бацьку, амапаўцы ім адказалі, што Аляксандр забіты... Чарговая гісторыя міліцэйскага бязмежжа, занатаваная Радыё Свабода.
"Першы раз мяне затрымалі 12 жніўня на праспекце Пушкіна каля гандлёвага цэнтру «Арбат». У гэты дзень тут праходзіла акцыя пратэсту. Удзельнікі перасоўваліся з аднаго месца ў другое, скандуючы лозунгі. На іх «палявалі» экіпіраваныя міліцыянты.
Я з сябрам сядзеў на прыпынку, калі пратэст ужо разагналі. Падышлі міліцыянты і забралі нас у Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там у двары стаялі ўжо больш за сорак чалавек на расцяжцы: тварам да сцяны, рукі на ёй, а ногі шырока расстаўленыя.
Позна ўвечары патэлефанавала жонка, і ёй адказаў амапавец: «Ваш муж забіты, шукайце цела каля «Арбата». Праз колькі часу пазваніла дачка, і ёй той жа міліцыянт кажа: «Ваш бацька забіты, цела каля «Арбата», і больш сюды не тэлефануйце». Потым жонка і дачка расказалі, што ў іх была істэрыка. Яны не ведалі, што рабіць, дзе шукаць маё цела.
У аддзеле мяне не білі. Адтуль завезлі ў ізалятар. У ім праседзеў два з паловай дні да суду. Прысудзілі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў 270 рублёў штрафу. Справу разглядала суддзя Краўчанка.
Другі раз затрымалі 25 жніўня, калі я адзін выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам на мост, які непадалёк ад майго дому на праспекце Дзімітрава. Пад’ехалі два супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі, каб паехаў з імі для высвятлення асобы. Я адмовіўся. Паспрабавалі мяне круціць, але не выйшла. Загадалі прыбраць «фашысцкі сцяг». На гэта ім адказаў, што пад ім Лукашэнка ў 1994 годзе прысягаў на вернасць народу і Канстытуцыі. Сцяг пашыў сам, і яго парвалі ў міліцыі. Мяне са сцягам забралі амапаўцы ў свой аўтобус.
У ім паклалі між сядзеннямі і, пакуль везлі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі, білі, прыгаворваючы, што гэта «за патрыятызм». Білі ўтрох нагамі: па баках, спіне, галаве. У самім аддзеле фізічнага уздзеяння не было.
У ізалятары трое сутак не кармілі. У камеры ежу давалі ўсім, акрамя мяне. Пасцельнай бялізны не выдавалі. Спаў на засцаным матрацы.
28 жніўня асудзілі на 5 сутак за незаконнае пікетаванне, і толькі тады далі вячэру. Імя суддзі не памятаю. Гэта была пажылая жанчына. Справу разглядалі праз скайп. Якасць трансляцыі была кепскай. Я мала што чуў з таго, што суддзя гаварыла.
29 жніўня на сайце абласной міліцыі з'явіўся відэаролік і паведамленне, у якім пра мяне гаворыцца, што я вывесіў сцяг і «візуальна знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення». На той момант мае родзічы не ведалі, куды я падзеўся. Усё, што можна было, абтэлефанавалі і звярталіся да праваабаронцаў. Міліцыя вымушаная была адрэагаваць на маё знікненне. У яе матэрыялах мяне выставілі крымінальнікам, каб паказаць, што ў пратэстах удзельнічаюць грамадзяне з сумнеўным мінулым. Дык няўжо такія, як я, не маюць права выказваць свой погляд на падзеі ў іх на радзіме?
Пакуль быў у ізалятары, пабоі загаіліся і цяпер ледзь бачныя. Баліць лапатка, бо яе выкруцілі амапаўцы, калі заносілі ў аўтобус, бо я ж супраціўляўся. Буду пісаць у Следчы камітэт і патрабаваць пакарання вінаватых у перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Тое, што са мною адбылося — проста здзек з чалавечай годнасці. Міліцыі цяпер усё дазволена, а мы бяспраўныя“.