Беларусь, якая чакае. Паўночна-заходнія скарбы (ФОТА)

 Вясновае надвор’е зусім не спрыяе хатняму баўленню часу. Таму як толькі мы вярнуліся з папярэдняй вандроўкі, адразу пачынаем планаваць наступную. Застаецца толькі дамовіцца з валадарамі дажджоў ды аблокаў і не забыцца на тэрмас з гарбатай. Сёння мы збіраемся наведаць Ашмяншчын(шчын)у і Смаргоншчын(шчын)у, якія даўно вабяць нас сваімі скарбамі. Дзень абяцае быць прыгожым і багатым на ўражанні! 

Рухаемся па шмат каму знаёмай дарозе на Вільню, прыгадваючы былыя часы з разнастайнымі прыгодамі. Час мінае хутка, трэба збочваць на Крэва. Спыняцца не будзем, бо з мінулага нашага візіту ўзімку тут нічога не змянілася. Некалькі кіламетраў і мы ля першага прыпынку сённяшняга маршруту. Рэшткі магутнай царквы ў Новаспаску, якая больш падобна на невялікую крэпасць вельмі ўражваюць. Асабліва прыгожым вясновым ранкам!

Невялікая вёска Новаспаск (былы маёнтак Суцькава) мае вялікую гісторыю. Па адной з версій, у сярэдзіне XVIII стагоддзя ўладар маёнтка Уладзіслаў Маркоўскі падараваў яго ордэну Св. Базыля і прафінансаваў будаўніцтва мураванага храму. Па іншай версіі, будаўніцтвам займаўся мясцовы шляхціч пан Букаты, які вельмі грунтоўна падышоў да справы і нават пакінуў у схованцы скарб на будучае аднаўленне храму. Дакладна вядома толькі, што будаўніцтва расцягнулася больш, чым на 30 гадоў і было скончана ў 1808 годзе, пасля чаго храм стаў уніяцкім. Пасля скасавання Берасцейскай уніі ў 1839 годзе храм перадалі праваслаўным вернікам і перабудавалі ў Спаса-Прэабражэнскую царкву.

Царква вельмі пацярпела падчас Першай сусветнай вайны, калі яна знаходзілася літаральна на лініі фронту і была вельмі прывабнай назіральнай кропкай праз свае месцазнаходжанне на вялікімі пагорку. Рускія і нямецкія войскі зацята супернічалі за гэты пагорак і царкву, што дагэтуль бачна па яе знешнім выглядзе — сляды куль, мінаў і снарадаў нават праз стагоддзе з гакам застаюцца незагойнымі ранамі на сценах гэтага вялікага помніка. Аднаўляць царкву потым так ніхто і не спрабаваў. Толькі на пачатку 1990-х адна жанчына родам з Новаспаску, але з расейскім пашпартам і грашыма, наважылася пачаць будаўніцтва новага храму побач. Ці то сродкаў не хапіла, ці што яшчэ — але будоўля спынілася на ўзроўні першага паверху і больш не працягвалася. Зараз у маленькай царкве раз-пораз адбываюцца набажэнствы, а старая дажывае свой час. Скарб Букатага не знойдзены дагэтуль...

Пакідаем Новаспаск ці Суцькава і рушым праз Крэва, якое пачынае поўніцца турыстычнымі аўтобусамі, да наступнай нашай кропкі. Ніяк нельга абмінуць гарадок, які столькі разоў паказваўся нам і хутка знікаў падчас вясёлых вандровак у Вільню. Так, сёння мы маем намер больш шчыльна пазнаёміцца з Ашмянамі! Пачынаем з былой ашмянскай сінагогі, будынак якой сарамліва туліцца ў дварах побач з галоўнай плошчай. У сярэдзіне ХІХ ст у Ашмянах дзейнічалі чатыры сінагогі і некалькі малітоўных дамоў. Пасля пажару 1837 году, які знішчыў безліч драўляных будынкаў, у 1857 годзе пачалося будаўніцтва мураванай сінагогі. Падчас Другой сусветнай вайны вакол сінагогі было габрэйскае гета, колькасць вязняў якога перавышала часам 4000 чалавек. Цяпер сінагога зачынена і ўнутр можна трапіць толькі з дазволу супрацоўнікаў мясцовага музею па замове. Кажуць, што ўнутры досыць добра захаваліся ўсе роспісы і аздабленне. Магчыма, калісьці гэты помнік аднавіцца і стане вельмі каштоўным аб’ектам на мапе Ашмянаў.

Ад сінагогі праз некалькі хвілінаў хады трапляем да самага высокага і прыкметнага будынка Ашмянаў — касцёла Святога Міхаіла Арханёла. Лёс неаднаразова падкідваў розныя выпрабаванні ашмянскаму прыгажуну. Пабудаваны на месцы першапачатковага драўлянага продка XIV стагоддзя, мураваны касцёл перажыў аднаўленне пасля вялікага ашмянскага пажару 1837 году і буйную рэканструкцыю напачатку ХХ стагоддзя. У 1948 годзе савецкая ўлада разбурыла купалы з крыжамі і аддала будынак пад сховішча, а пасля новага буйнога пажару ў 1969 годзе яго перадалі Вільнюскаму радыёзаводу. 

Толькі ў 1989 годзе былы будынак касцёла быў перададзены вернікам, а ўжо ў 1994 годзе пасля рэстаўрацыі касцёл Святога Міхаіла Арханёла ізноў адчыніў свае дзверы. Унутры ціха і светла. Часам здаецца, што неяк напружана стэрыльна, але можа нам проста так падалося.

Самы высокі будынак Ашмянаў мы наведалі, а зараз чарга самага старога. Наш шлях ляжыць ва ўсходнюю частку гораду ў Старую Ашмяну, да рэшткаў францысканскага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Частка спецыялістаў лічыць пачатак гісторыі гэтага храму ад першых гадоў XVI стагоддзя (прыкладна 1505 год), але пэўная частка небеспадстаўна адносіць гэтую дату на стагоддзе раней, нават да канца XIV стагоддзя. У 1980-я падчас археалагічных даследаванняў быў знойдзены падмурак кляштару, які датуецца менавіта дзесьці 1505 годам, то бок, на пачатку XVI стагоддзя храм ужо існаваў. 

Паводле розных сведчанняў, канчатковы выгляд касцёл, рэшткі якога мы бачым сёння, набыў пасля перабудоваў у XVI-XVII стагоддзях і падчас аднаўлення ў 1822 годзе. Але пасля здушэння паўстання ў 1831 годзе цягам некалькіх гадоў  быў закрыты, а кляштарныя будынкі знішчаны. Дзве сусветныя вайны таксама пакінулі свой след, а абыякавасць гараджан да сваёй гісторыі дарабляе справу ўжо цяпер. А між тым, гэта адзін з самых першых хрысціянскіх храмаў на Беларусі...

Але ж не толькі рэшткамі прыгожага касцёла вядома Старая Ашмяна далёка за сваімі межамі. Каля 20 гадоў запар на Вербніцу каталікі ладзяць незвычайны Крыжовы шлях да мясцовай гары, якую яны клічуць «Ашмянскай Галгофай». Напярэдадні вырабляецца магутны крыж даўжынёй больш за 4 метры, вернікі нясуць яго на плячах ад касцёла Святога Міхаіла Арханёла амаль да рэшткаў касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Па дарозе робіцца 14 прыпынкаў — роўна столькі рабіў Езус на сваім шляху на Галгофу. Потым крыж усталёўваецца на ўзвышшы «Ашмянскай Галгофы», ці, як яшчэ яе называюць мясцовыя жыхары, «Кальварыі». Вельмі ўражлівае месца, якое адназначна варта наведаць.

Працягваем наш шлях далей і досыць хутка спыняемся ў мястэчку, якое немагчыма абмінуць беларусу, нават калі раней ён яго ўжо наведваў. Так, мы ў Жупранах! Гэта мястэчка калісьці было досыць вядомым, першая згадка пра яго адносіцца да 1407 году. Больш за 300 гадоў ім валодалі Радзівілы, а самая буйная вуліца Ашмянаў мела назву Жупранская (цяпер Савецкая, ну як жа інакш). Першы драўляны касцёл з’явіўся тут у сярэдзіне XVI стагоддзя. Пазней Радзівілы, якія былі зацятымі кальвіністамі, перабудавалі яго ў кальвінскі збор. Цягам трох стагоддзяў тройчы з’яўляліся ў Жупранах каталіцкія храмы, але ж разбураліся падчас войнаў ці гарэлі ў пажарах. У 1854 годзе пачалося будаўніцтва мураванага касцёла. Францішак Багушэвіч вельмі актыўна дапамагаў падчас будаўніцтва — збіраў грошы на кірмашах, вазіў камяні і нават яйкі для ўмацавання сценаў.

Але не менш актыўны ўдзел малады Багушэвіч прымаў ў паўстанні 1863 году, пасля паразы якога будаўніцтва касцёла спынілася. Было зразумела, што царскія ўлады не дадуць дабудаваць каталіцкі храм у час, калі масава закрываюцца і перадаюцца ў праваслаўе іншыя касцёлы. Але нейкім цудам атрымалася здабыць дазвол, і 12 кастрычніка 1875 года касцёл быў кансэкраваны ў імя апосталаў Пятра і Паўла. У 1900 годзе ў ім адпелі Францішка Багушэвіча, які пахаваны на могілках ля касцёла. На тэрыторыі храма есць не менш цікавыя пахаванні, так што раім наведаць!

Наш пашчасціла трапіць унутр гэтага выбітнага помніка і нават прайсці па старых лесвіцах да аргану і паглядзець з вышыні на касцёльнае аздабленне. Няма тут чаго казаць, глядзіце самі...

Не наведаць магілу Францішка Багушэвіча было б недаравальна. Чалавек, які «адкрыў свету цэлую нацыю, сказаўшы аб тым, што ёсць беларуская мова». Аўтар знаёмых усім з дзяцінства, але яшчэ не цалкам зразумелых і цяпер «Дудкі Беларускай» і «Смыка Беларускага» варты самай вялікай пашаны. Вельмі хацелася папрасіць прабачэння ў Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава, але толькі ціха прамовілася: «Не пакінем мовы нашай беларускай, каб не памёрці. Дзякуй, спадар Францішак...»

Ізноў дарога, вясна, краявіды ды ўсюдыісная невялічкая рачулка Ашмянка. Падчас ўсёй вандроўкі мы пераехалі яе больш за дзясятак разоў. Але тут вырашылі спыніцца. Прыгажэйшыя відарысы, хоць троху і трывожныя. Быццам перадваенныя... Неяк так мы сабе ўяўлялі пачатак лета 1941 году.

Гонім прэч дрэнныя думкі і хутка апынаемся ля наступный кропкі нашага маршруту. Вядомы касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах хоць і «малады» ў параўнанні з сваімі папярэднімі «калегамі», але не менш цікавы. З XVI стагоддзя касцёлы на гэтым месцы знішчаліся не меней за пяць разоў, але адраджаліся зноў і зноў. Той касцёл, што мы бачым зараз, пачалі будаваць у 1926 годзе на сродкі парафіян з Солаў і навакольных вёсак. А падчас будаўніцтва знайшлі скарб — бронзавую жырандолю і розныя культавыя прадметы, якія датаваліся XVII стагоддзем. На агульным сходзе было вырашана прадаць знаходку антыквару, а здабытыя грошы выкарыстаць на аздабленне храму.

Памятаеце, мы казалі раней, што не распавядзем вам пра ўсе цікавосткі, бо трэба і самім штосьці адшукаць? Вось такія цікавосткі мае касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах! Напрыклад, што за фігура рыцара-мечаносца на даху касцёла? Чаму ў аздабленні касцёла нямала марской тэматыкі — гаўбец побач з алтаром мае выгляд лодкі, а над уваходам выява крыжа і якара? Ёсць меркаванні? Аб «Цудзе над Віслай» мы не прыгадваем, бо і так зразумела ўсё...

Падчас шляху да касцёла ў Солах мы заўважылі цудоўна прыгожае пабудаванне леваруч ад дарогі, якое імгненна схавалася за дрэвамі. Але ж мы любім загадкі і пасля наведвання касцёла Маці Божай Ружанцовай неадкладна паехалі шукаць таямнічы будынак. І знайшлі! Вось за такія моманты мы і любім нашыя вандроўкі! Знойдзеш штосьці і рады як дзіця... Цудам аказалася найпрыгажэйшая капліца Качаноў на каталіцкіх могілках ля вескі Івашкаўцы. Хто былі гэтыя Качаны, высветліць пакуль не атрымалася — хутчэй за ўсё, хтосьці з наведвальнікаў солаўскага касцёла. Відавочна, што людзі былі заможныя — капліца вельмі грунтоўная і, дарэчы, менавіта яна выкарыстоўвалася як месца набажэнстваў падчас будоўлі касцёла ў Солах. Пабудавана каплічка на пачатку ХХ стагоддзя. 

Ёсць і яшчэ адна цікавостка могілкаў у Івашкаўцах. Гэта стары надмагільны помнік нямецкім салдатам, загінулым падчас Першай сусветнай вайны. Мемарыяльная таблічка, зразумела, адсутнічае...

Наступнае месца мы збіраліся наведаць ужо даўно, але ніяк не атрымлівалася пабудаваць адпаведны маршрут. І вось зоркі сышліся, і мы нарэшце ў Беніцы. Гісторыя гэтага мястэчка шчыльна звязана з гісторыяй старажытнага рода Коцелаў, якія набылі Беніцу ў 1634 годзе. Адным з самых вядомых прадстаўнікоў рода быў Міхал Казімір Коцел — кашталян віцебскі, ваявода трокскі і з 1710 году падскарбій ВКЛ. Менавіта з ім звязана вядомая легенда: падчас падарожжа ў Ашмяны коні панеслі брычку з дачкой Міхала, і ён горача звярнуўся да Бога з малітвай аб спыненні. Коні імгненна сталі. І на тым самым месцы ў 1704 годзе пад асабістым кіраўніцтвам Міхала Казіміра паўстаў велічны касцёл Святой Тройцы — падзяка бацькі за жыццё дачкі. 

Пасля пабудовы касцёл быў перададзены бернардзінцам, і ўжо яны побач пабудавалі двухпавярховы кляштар, які таксама выкарыстоўваўся для школьных заняткаў. Увогуле, до паўстання 1830-31 года Беніца была даволі вядомым мястэчкам — палац з паркам, каналамі і сажалкамі, аранжарэя, бібліятэка. Гэтыя мясціны часта наведвалі Станіслаў Манюшка, Тамаш Зан, Напалеон Орда, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя нашыя знакамітыя продкі. Але потым былі паразы паўстанняў 1830 і 1863 гадоў, пасля якіх касцёл быў пераданы праваслаўным, а бернардзінскі манастыр знішчаны.

У 1919 годзе касцёл перадалі каталікам, але пасля Другой сусветнай вайны ў 1948 годзе ён быў канчаткова закрыты, пахаванні ў сутарэннях разрабаваны, а ў будынку зрабілі сховішча мінеральных угнаенняў. Таксама нічога не засталося ад маёнтка, палаца і іншых помнікаў у Беніцы. На пачатку 2000-х мільганула надзея — пачаліся рэстаўрацыйныя працы, але доўжылася гэта кароткі час. Цяпер закрыты касцёл зноўку разбураецца. Кажуць, насельніцтва Беніцаў праваслаўнае, і касцёл тут зусім не патрэбны...

Надышоў час вяртацца дадому. Вясна няўмольна адштурховае зімнія настроі, шпакі бадзёра стракочуць на пакуль яшчэ голых галінках дрэваў, і ў чарговы раз надзея на лепшае замацоўваецца ў сэрцах. Наперадзе і добрае надвор’е, добрыя навіны і добрыя новыя вандроўкі па вашых замовах. 

І канешне, некалькі фота на развітанне!


Шаноўныя чытачы, замаўляйце нам новыя маршруты вандровак па Беларусі. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.