Царкоўная унія: што адбывалася ў Брэсце ў кастрычніку 1596-га?

Цягам трох кастрычніцкіх дзён 1596 года на Сінодзе епіскапаў Кіеўскай мітраполіі ў Брэсце ўрачыста абвяшчалася Царкоўная Унія. Гэта — значная гістарычная для ўсёй Усходняй Еўропы падзея, якая, напэўна, яшчэ не адно стагоддзе будзе заставацца самай дыскусійнай.

00_vokladka_39.jpg

Цяжка знайсці яшчэ адну такую падзею ў нашай гісторыя, якая б выклікала столькі спрэчак, колькі выклікае Брэсцкая Царкоўная Унія. Спрэчкі гэтыя будуюцца выключна на палітычнай глебе. Вакол гістарычнай падзеі, безумоўна значнай, сфармавалася дзве ідэйныя крайнасці. З аднаго боку, Унія вызначаецца як шлях да беларускай нацыянальнай Царквы, сродак захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, з іншага — як інструмент лацінізацыі і апалячвання тутэйшых «рускіх» людзей. Няцяжка здагадацца, прадстаўнікам якой ідэалогіі ўласцівы апошні тэзіс. Але падзея адбылася, і адбылася не на роўным месцы. І хоць фармальна Царкоўная Унія была ліквідавана на Полацкім саборы ў 1839 годзе, сёння ў Беларусі дзейнічаюць прыходы Грэка-Каталіцкай Царквы, а ва Украіне ўніяты — гэта мільёны вернікаў.

Што адбывалася ў кастрычніку 1596-га ў Брэсце? Чарговыя ўгодкі гістарычнай падзеі — добрая нагода азірнуцца ў мінулае і разабрацца ў акалічнасцях.

Міфічны след езуітаў

Праціўнікі Царкоўнай Уніі бачаць у яе заключэнні безумоўны і адназначны след Ордэна Езуітаў. Канешне, гэта быў магутны і ўплывовы ордэн, але каб настолькі… Бязглуздыя «тэорыі змовы» існавалі заўжды. Слова іх адэптам:

«Бесспорно, что мысль о церковной унии была навязчивой идеей польско-литовских католиков. Но, бесспорно, и то, что это зло не приобрело бы такого ужасающего характера, если бы не яростная антиправославная и антирусская деятельность иезуитов».

Падобныя выказванні, канечне ж, прадукт агрэсіўнай ідэалогіі «рускага свету», якая паўсюль бачыць змовы супраць іх ідэй, нават у далёкім мінулым. Было б вельмі прымітыўна зводзіць такую глабальную падзею, як Царкоўная Унія, выключна да інтрыг «усемагутнага» ордэна. Але ж сапраўды, што падштурхнула да Уніі?

Да Уніі падштурхнула… Масква! І не толькі

Брэсцкая Царкоўная Унія не пачыналася тайнай змовай мясцовых праваслаўных епіскапаў або паездкай у Рым рухавікоў уніі Іпацея Пацея і Кірылы Тарлецкага. Выкрасліць з выключных прычын заключэння царкоўнага пагаднення трэба і папскую дыпламатыю, і палітычны прымус свецкіх уладаў, і шмат яшчэ якія чыннікі.

Іпацей Пацей

Іпацей Пацей

Заключэнне Царкоўнай Уніі — гэта супадзенне і збег шэрагу фактараў, складанае спляценне палітыкі і культуры. Але галоўнае вылучыць можна.

Па-першае, трэба звярнуць увагу на час і эпоху. Канец XVІ стагоддзя — гэта рэфармацыя і контррэфармацыя, якія падштурхнулі Каталіцкі Касцёл да актывізацыі, рэформаў і дзейнасці. Не адставалі і пратэстанты. Рэфармацыя і контррэфармацыя былі рухавікамі кніжнай культуры, адукацыі, спрыялі развіццю літаратуры і мыслярства.

На фоне гэтых працэсаў Праваслаўная Царква ў Вялікім Княстве Літоўскім выглядала, мякка кажучы, вельмі сціпла. А наогул, назіралася культурная дэградацыя праваслаўя. Да XVІ стагоддзя ў ВКЛ быў сапраўдны сістэмны крызіс праваслаўя, якое не здолела стварыць уласную добра наладжаную сістэму адукацыі. Гэта адзначалі і сучаснікі. Езуіт Пётр Скарга акрэсліваў стан праваслаўя ў ВКЛ так — «папы схалопелі, навука ўпала». А ў тыя часы быць адукаваным было ў пашане. Праваслаўная Царква губляла канкурэнтныя перавагі…

Пётр Скарга

Пётр Скарга

Нельга адмаўляць і чыннік дзяржаўных інтарэсаў. Трэнд эпохі — духоўны ўздым, стварэнне нацыянальных Цэркваў і лагічнае імкненне дзяржаўных кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага на ўмацаванне незалежнасці. Што маглі прапанаваць эліты ВКЛ? Канешне, рэформы. Неабходнасць рэфармаваць Царкву разумелі і праваслаўныя іерархі. Асабліва на фоне знешнепалітычных фактараў.

І апошняе, што падштурхнула да Уніі, — барацьба з Масквой. Спачатку гэта была барацьба за перайманне кіруючай ролі Канстанцінопальскага патрыярхату. Сам Канстанцінопаль быў захоплены туркамі, яго уплыў скаціўся да ўзроўню падлогі. А тут яшчэ і Лівонская вайна падліла алею ў агонь. Маскоўская дзяржава ў 1589 годзе ўстанавіла сваю патрыярхію і стала трансліраваць тэзу: яна — цэнтр усходнеславянскага праваслаўя. Арыентацыя на Маскву, якая столькі бед прынесла ВКЛ у Лівонскай вайне, канешне ж, была здрадніцтвам.

Айцы-ініцыятары вядуць перамовы

Мінула дзесяцігоддзе, як астылі гарматы Лівонскай вайны, і ў 1590-я пачаліся перамовы. Унія была прынята не паспешна і бяздумна, яе падрыхтоўка доўжылася цэлых пяць гадоў. На саборах, нарадах, шматлікіх сустрэчах з прадстаўнікамі Каталіцкай Царквы праваслаўныя іерархі выпрацоўвалі ўмовы злучэння ўсходняй Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Канешне, перамовы былі складаныя, бо і справа сур’ёзная. А на фоне рэлігійнага складніку, дзе так шмат дагматыкі, гэта была дыпламатыя вышэйшага ўзроўню. Тады ж паўстала пытанне аб гарантыях забеспячэння самабытнага аблічча, асобнасці, правоў і прывілеяў сваёй Царквы. 

Глядзіце таксама

Пазіцыя Ватыкана спачатку была непахіснай: унія бачылася як пераходная ступень да поўнага акаталічвання. Але гэта было разбіта на перамовах. Падтрыманы ўладамі ВКЛ, епіскапат агаварыў, што ўступіць у саюз з Касцёлам, толькі «заховавши вцале церемонии и обрадки хвалы Божое и сакрамента светые водлуг звычаю стародавнего церкви восточное».

Хто ж праводзіў перамовы і фарміраваў умовы заключэння выгаднай Уніі?

Ініцыятарамі Царкоўнай Уніі выступілі Епіскап Брэсцкі і Уладзімірскі Іпаці Пацей і епіскап Луцкі і Астрожскі Кірыла Тарлецкі. Іх падтрымалі Кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза, кароль і князь Жыгімонт ІІІ Ваза і канцлер ВКЛ Леў Сапега. Падтрымка сур’ёзная!

Мітрапаліт Міхаіл Рагоза

Мітрапаліт Міхаіл Рагоза

33 артыкулы: непахісныя ўмовы Уніі 

Ініцыятыўная група іерархаў выпрацавала 33 артыкулы-ўмовы царкоўнай згоды, гарантыі якіх трэба было дамагчыся перш, чым прызнаць над сабой уладу Рыма. Гэты праграмны дакумент утрымліваў некалькі блокаў пытанняў: дагматычныя, абрадавыя, кадравыя, маёмасныя, моўныя, узаемаадносіны з дзяржавай, касцёлам, адзначэнне свят і іншыя. Напрыклад, утрымліваліся наступныя пункты:

  • захоўваліся ўсе царкоўныя святы згодна з праваслаўным календаром;
  • на царкоўныя пасады прызначаюцца толькі русіны;
  • манастыры і цэрквы не пераўтвараюцца ў касцёлы;
  • забараняецца пераманьваць уніятаў на лацінскі абрад;
  • Папа Рымскі з’яўляецца кіраўніком Царквы ў пытаннях веры;
  • уніяты прымаюць некаторыя догмы Каталіцкай Царквы: у прыватнасці, сімвал веры.

Калі ўважліва пазнаёміцца з высунутымі ўмовамі, то іх форма і змест абвяргаюць стэрэатып аб поўным падпарадкаванні Праваслаўнай Царквы Рымскай, яны разбіваюць і міф аб расчыстцы шляху для польска-каталіцкай культурна-рэлігійнай экспансіі. Змовы езуітаў тут не было дакладна.

Епіскапы едуць у Рым

Галоўны пасыл праваслаўных іерархаў — пасля прыняцця Уніі не павінна было быць ломкі звычаяў і традыцый. На гэта вельмі спадзяваліся. Умовы выпрацаваныя, трэба дзейнічаць: ехаць у Рым.

Дэкларацыя аб рашэнні заключыць саюз з Каталіцкай Царквой была абвешчана на саборы праваслаўных епіскапаў ў Брэсце вясной 1595 года.  

Яе падпісалі кіеўскі мітрапаліт Рагоза і ўсе епіскапы Вялікага Княства Літоўскага. Але знайшліся і праціўнікі: епіскапы львоўскі і перамышльскі. Большасць была за прыхільнікамі, сабор упаўнаважыў І. Пацея і К. Тарлецкага на перамовы з каралём і Папам Рымскім, і пры дасягненні згоды — на правядзенне акта уніі.

Кірыла Тарлецкі

Кірыла Тарлецкі

У лістападзе 1595 года з дазволу караля і пры падтрымцы дзяржаўнай улады Рэчы Паспалітай прадстаўнікі Кіеўскай мітраполіі ўладыкі Іпаці Пацей і Кірыла Тарлецкі выправіліся ў падарожжа ў Рым. 23 снежня 1595 года ў іх адбылася аўдыенцыя ў Рыме з Кліментам VІІІ, які згадзіўся з усімі ўмовамі і падпісаў папскую булу аб Уніі.

Фармальны бок справы быў зроблены, трэба было збіраць сабор, які, аднак, мог пайсці па любым сцэнарыі… 

Папа Клімент VIII

Папа Клімент VIII

Брэсцкі сабор: збіраўся адзін, атрымалася два


І вось ужо 16 кастрычніка 1596 года ў Брэст з’ехаліся царкоўныя саноўнікі з усёй Кіеўскай мітраполіі на скліканы з дазволу караля царкоўны сабор. На запрашэнне мітрапаліта Кіеўскага Міхаіла Рагозы ў горад прыехалі ўсе епіскапы, прадстаўнікі духавенства і манаства, а таксама прыхільнікі і праціўнікі уніі з ліку свецкіх асоб.

Царква Св. Мікалая, Брэст. Месца заключэння Уніі

Царква Св. Мікалая, Брэст. Месца заключэння Уніі

Канешне, у Царкоўнай Уніі былі праціўнікі. Апаненты акта злучэння разумелі, што яны не ў стане перашкодзіць абвяшчэнню царкоўнага пагаднення. У адказ яны сабраліся на свой сход які абвясцілі таксама царкоўным саборам. Апазіцыю узначальвалі ўплывовы магнат Канстанцін Астрожскі (не блытаць са славутым гетманам, гэта — яго нашчадак), які прывёў з сабой войска, і епіскап львоўскі Гедэон Балабан. У саборы супраць уніі прымаў удзел яшчэ адзін епіскап — перамышльскі Міхаіл. Былі там і прадстаўнікі духавенства, манаства.

Епіскап Львоўскі Гедэон Балабан

Епіскап Львоўскі Гедэон Балабан

Сярод іх выдзяляўся грэк Нікіфар Тур з Кіева-Пячорскай лаўры, які не меў права ўдзельнічаць у царкоўным форуме. Справа ў тым, што кароль адзначыў у сваёй грамаце: на сабор у Брэсце будуць дапушчаныя толькі епіскапы, духоўныя і свецкія асобы не чужаземнага паходжання. Але ж галоўнай духоўнай фігурай сходу супраць уніі стаў прадстаўнік Канстанцінопальскага патрыярхату грэк Нікіфар, які патрапіў на сабор толькі дзякуючы К. Астрожскаму. З той прычыны, што Нікіфар, хоць і быў прадстаўлены ў Брэсце як патрыяршы экзарх, не з’яўляўся святаром, а тым больш епіскапам, яго права галасаваць і накладаць санкцыі на ўладык уяўлялася сумнеўным нават самім удзельнікам сабору.

Канстанцін Васіль Астрожскі

Канстанцін Васіль Астрожскі

Склад удзельнікаў альтэрнатыўнага сходу толькі ўзмацніў імпэт большасці іерархаў Кіеўскай мітраполіі ў іх намеры давесці справу аднаўлення царкоўнага адзінства з Рымскай Царквой да канца. У іх вачах сход праціўнікаў увасабляў прычыны ўсіх бед Праваслаўнай Царквы — умяшанне свецкіх асоб у царкоўныя справы, непаслушэнства актывістаў брацтваў, умяшанне грэкаў з няпэўнымі паўнамоцтвамі ў кіраванне Кіеўскай мітраполіяй.

Бакі не знайшлі паразумення, але Кіеўская мітраполія афіцыйна абвясціла пра аднаўленне сваёй поўнай злучнасці з Рымскім апостальскім Прастолам. Наклаўшы ўзаемныя праклёны, іерархі — прыхільнікі уніі і іх праціўнікі — раз’ехаліся па сваіх епархіях, сеючы варожасць і напружанасць у грамадстве.

Кароль Жыгімонт ІІІ сваім універсалам ад 15 снежня 1596 года зацвердзіў усе пастановы царкоўнага сабора 16—20 кастрычніка ў Берасці, заклікаў усіх праваслаўных вернікаў дзяржавы да паслушэнства сваім епіскапам, а М. Капыстэнскага і Г. Балабана каб не прызнавалі больш сваімі пастырамі.

У грамадстве ж пачала расці напружанасць і варожасць паміж прыхільнікамі і праціўнікамі уніі.

Што па факце адбылося ў Брэсце?


Старадаўні Брэст (малюнак П. Татарнікава)

Старадаўні Брэст (малюнак П. Татарнікава)

У 1596 годзе не была створаная новая царква, гэта факт. Фармальна адбылося наступнае.

На саборы епіскапаў Кіеўскай мітраполіі 16–20 кастрычніка 1596 года было абвешчана пра аднаўленне еднасці Кіеўскай мітраполіі з Рымам і Усяленскай Царквой. Адпаведна, ніякай новай царкоўнай структуры тады не стваралася — працягвала існаваць ранейшая, з усім духавенствам і манаствам, якое прызнавала законным рашэнне сваіх епіскапаў на саборы.

Урачыстае абвяшчэнне Уніі ў Брэсце было расцягнутае на тры дні 18–20 кастрычніка. Сам акт падпісаны 18 кастрычніка. 19 кастрычніка епіскапы склалі прысягу і ў царкве перад народам была зачытана падпісаная напярэдадні грамата аб Уніі з Рымам. У нядзелю, 20 кастрычніка, была ўрачыстая служба Божая ў царкве Святога Мікалая з удзелам лацінскіх біскупаў і святароў, пасля якой была ўрачыстая працэсія ўладык і духавенства абодвух абрадаў у рыма-каталіцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа, дзе адбыўся малебен.

Акт Брэсцкай Уніі

Акт Брэсцкай Уніі

Хацелі як лепш, а атрымалася…

Прыняцце Царкоўнай Уніі — было найперш стратэгічнае рашэнне эліты, якая клапацілася пра захаванне і будучыню сваёй Царквы ў Рэчы Паспалітай у тагачаснай складанай геапалітычнай і царкоўнай сітуацыі. Ідэя яднання — цудоўная, добрая і па сваёй сутнасці вельмі правільная. Але любы саюз — гэта і ўзаемныя саступкі. Вось тут пачаліся трэшчыны.

Узор тыповай уніяцкай царквы ў ВКЛ

Узор тыповай уніяцкай царквы ў ВКЛ

Грамадства Вялікага Княства Літоўскага ўспрыняла ўвядзенне Уніі па-рознаму. Частка насельніцтва — шляхта, духавенства, гараджане — шчыра яе падтрымала, асабліва ў тых епархіях, што ўзначальвалі прыхільнікі уніі. Але ж частка палітычнага народа і кансерватыўнага духавенства ўпарта адмаўлялася ад рэформы. Увядзенне уніі прымалася як асабістая трагедыя.

Што праўда, некаторыя праваслаўныя дзеячы выступалі не супраць самой ідэі уніі, а супраць падпарадкавання Рымскаму Папу. Такое моцнае супраціўленне было непрадбачаным, канфрантацыя нарастала. Адбываліся сутычкі, барацьба за храмы і епіскапскія кафедры, некаторыя падзеі прымалі жудасныя формы.

Але ж з часам уніяцтва праз падтрымку дзяржавы і культурна-асветніцкую дзейнасць паступова пашыралася сярод сялян і гараджан, дробнай шляхты. Да пачатку XVІІІ стагоддзя яно стала самай масавай канфесіяй у княстве.

Глядзіце таксама

Прыхільнікі праваслаўя не зніклі з гістарычнай сцэны. У 1620 годзе яны тайна, пры падтрымцы Маскоўскага патрыярха, прынялі новую іерархію ў Кіева-Пячорскай Лаўры, якая кантралявалася праваслаўнымі.

Ва ўсходніх паветах Вялікага Княства Літоўскага праваслаўныя мелі значны грунт, асабліва ў буйных гарадах. Таму кіраўнікі дзяржавы з цягам часу вымушаны былі афіцыйна прызнаць адраджэнне праваслаўя ў княстве. Як раз гэту карту — карту абароны праваслаўных і барацьбы з уніяй — у сваіх палітычных інтарэсах не раз у XVII і XVIII стагоддзях яшчэ разыграе Масква.  


Глядзіце таксама

P. S. «Отторгнутые насилием воссоединены любовью»

На землях Вялікага Княства Літоўскага Уніяцкая Царква праіснуе да 1839 года, пакуль не будзе скасаваная на Полацкім царкоўным саборы, які выклікае яшчэ больш спрэчак, чым сабор Брэсцкі канца XVI стагоддзя.

Мэтай Полацкага сабору была ліквідацыя Грэка-Каталіцкай Царквы па ідэалагічным меркаванні пасля падзей лістападаўскага паўстання ў шэрагу іншых рэпрэсіўных мер. Унію скасоўвалі не адразу, сакрэтная інструкцыя ўрада імперыі яшчэ ў 1834 годзе сцвярджала аб неабходнасці «паступовага і асцярожнага» прымусу ўніятаў у падначаленні іх улады Расійскай праваслаўнай царквы. 

Медаль у памяць Полацкага сабору, 1839 г.

Медаль у памяць Полацкага сабору, 1839 г.

Полацкі сабор склікалі Іосіф Сямашка, Антоній Зубко, Васіль Лужынскі, якія загадзя былі ўведзены ў акружэнне Іасафата Булгака — апошняга мітрапаліта грэка-каталіцкай царквы, непахіснага і прынцыповага прыхільніка Уніі, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам.

Язафат Булгак

Язафат Булгак

У канцы жыцця яго акружалі згаданыя прыхільнікі збліжэння, а потым і аб’яднання з праваслаўнай царквой, што вяло да змяншэння яго ўплыву. Смерць Іасафата Булгака зняла апошнюю перашкоду для скасавання Брэсцкай Царкоўнай Уніі 1596 года.

Ліквідатары Царкоўнай Уніі І. Сямашка, А. Зубко, В. Лужынскі

Ліквідатары Царкоўнай Уніі І. Сямашка, А. Зубко, В. Лужынскі

З таго часу ўніяцтва на беларускіх землях было забаронена. Але ідэя адраджэння Уніі — сваёй Царквы — лунала ў паветры. Напрыклад, адраджэнне Уніі ставіў адной з задач свайго паўстання Кастусь Каліноўскі, які называў уніяцтва вераю нашых дзядоў.