Іпаці Пацей: стваральнік царкоўнай вуніі, сёньняшні вораг РПЦ у Беларусі

410 гадоў таму ў лепшы сьвет сыйшоў чалавек, дзякуючы якому беларусы ў школе завучваюць дату Берасьцейскай вуніі 1596 года. Яшчэ за некалькі гадоў да той падзеі Пацей меў імя Адам, а таксама жонку і шэсьць дзяцей. Як Адам стаў Іпаціем і чаму мы мусім узгадваць гэтага вялікага чалавека?

800px_hipacy_pociej.png

Народжаны Адамам

Беларускі шляхціч Адам Пацей, займаў досыць высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім i карыстаўся аўтарытэтам як палітык.

Адам нарадзіўся 12 красавіка 1541 года у адным з маёнткаў сваіх бацькоў  сядзібе Ражанка, у пару дзясятках кілямэтраў ад Берасьця. Ахрышчаны ў праваслаўнай веры, тады, маленькім дзіцём ён не мог і ўявіць, які шлях у веры чакае яго наперадзе.

Як адзначае гісторык Юрась Лаўрык, бацька Адама  прыдворны каралевы Боны Леў Пацей  займаў пасаду падскарбія i пісара вялікага літоўскага. Адамава матка  дачка берасьцейскага войскага (намесьніка кашталяна) Ганна Слушчанка.

Адам жа тым часам быў уладкаваны пажам пры каралеўскім двары. Існуе легенда, што аднойчы каралева моцна занядужала, і Адам Пацей, каб ёй дапамагчы, прынёс з капліцы кадзільніцу ды ўсю ноч кадзіў каралеўскую спальню сьвятым дымам, чытаючы малітвы. Быццам бы з гэтае нагоды Жыгімонт Аўгуст прадказаў, што будзе Пацей біскупам. Так яно з часам i сталася.

Пасьля Адам быў аддадзены на выхаваньне да двара князя Мікалая Радзівіла Чорнага. Тут ён скончыў пратэстанцкую школу i атрымаў багатыя веды, а ў колах нашай эліты набыў выкшталцонасьць ды палітычны досьвед.

ipaci_paciej._ipaci_pacej__1714_.jpg

У Вялікім Княстве Літоўскім пры дапамозе канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага шырылася пратэстанцтва. Напрыклад, у Наваградзкім ваяводзтве з 600 праваслаўных родаў у старой веры засталося толькі 16. А з 700 каталіцкіх парафіяў, што былі некалі ў Вялікім Княстве Літоўскім, да 1566 года засталося толькі 6. Рэфармацыя нечакана стала ўсеагульным захапленьнем, i не дзіва, што малады Пацей, які жыў у кальвінісцкім асяродку, перайшоў з праваслаўя ў пратэстанцтва, падкрэсьлівае Юрась Лаўрык.

Дасягнуўшы паўналецьця Адам Пацей у лістападзе 1561 года быў павянчаны з Ганнай, дачкою валынскага князя Хвёдара Галаўні-Астражэцкага. Плёнам таго пачуцьця зьявілася шасьцёра дзяцей: сыны Крыштап, Ян ды Пётр i дочкі Ганна, Аляксандра ды Кацярына.

Пацей пачынае пакрысе адыгрываць ролю ў жыцьці Берасьцейскага ваяводзтва. У 1566 годзе ён прызначаны пісарам земскім, і ў 1569 годзе адпраўлены на Люблінскі сойм прадстаўляць берасьцейскую шляхту.

Адваяваўшы два гады i ўславіўшы сваё імя ў бітвах, Адам пэўны час жыве досыць спакойна. Ягонае імя зьяўляецца ў крыніцах толькі пад 1586 годам, калі памірае кароль Стэфан Баторы. Яго абіраюць у склад адмысловай установы, што дзейнічала пад час бескаралеўя i займалася арганізацыяй выбару новага манарха. У 1588 годзе новы вялікі князь Жыгімонт Ваза прызначае Пацея берасьцейскім кашталянам i сэнатарам. Гэтым заканчваецца сьвецкая дзейнасьць Адама.

ipaci_paciej._ipaci_pacej__1930_39_.jpg

Праваслаўны-кальвініст-праваслаўны-вуніят

Хрышчаны паводле праваслаўнага абраду, ён пераходзіць у пратэстанцтва i вызнае «новую веру» больш як 20 гадоў. Але каля 1574 года зноў вяртаецца ў праваслаўе. Значна пазьней у лісьце да львоўскага дамініканскага правінцыяла Пацей так тлумачыць гэтыя ваганьні:

«...Немалы час я быў эвангелікам, бо з маладосьці маёй вучыўся ў такой школе, а потым i пану такому, пры якім ерась зьвіла сабе гняздо, немалы час служыў...»

Як небезпадстаўна сьведчаць гісторыкі, у другой палове XVI стагодзьдзя стан праваслаўнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім быў вельмі бядотны. Духоўныя пасады раздаваліся як узнагарода за вайсковыя i грамадзянскія заслугі або прадаваліся за грошы. Сьвятары i манахі гібелі ў невуцтве і распусьце, дысцыпліна i субардынацыя адсутнічалі. Гледзячы на такое бязладдзе i разбэшчанасьць «духоўных айцоў», паства пакідала старую веру і пераходзіла ў каталіцтва ці пратэстанцтва.

Прагнучы адрадзіць праваслаўе i вярнуць яму колішнюю моц і ўплыў, знакаміты князь Канстантын Астрожскі з аднадумцамі распрацаваў канцэпцыю выратаваньня становішча, якая грунтавалася на аб'яднаньні Ўсходняй царквы з Заходняй.

У выніку ў праваслаўным асяродку зьявіўся плян, асноўнымі пунктамі якога былі:

1) недатыкальнасьць усходніх абрадаў

2) недатыкальнасьць праваслаўных бажніцаў i ix маёмасьці

3) пасьля заключэньня вуніі - забарона пераходу праваслаўных у каталіцтва

4) роўнасьць праваслаўных i каталіцкіх духоўных асобаў і гарантыя ўдзелу мітрапаліта з уладыкамі ў справах Сэнату i ў Соймах

5) згода на заключэньне вуніі патрыярхаў усходніх ды маскоўскага

А таксама некаторых іншых.

ipaci_paciej._ipaci_pacej__xix___2_.jpg

Да прыхільнікаў гэтай канцэпцыі далучыўся i Адам Пацей. Ён хутка стаў адным з найбольш дзейных яе апалягетаў.

Каталіцкія герархі ўяўлялі вунію зусім інакш, чым яе праваслаўныя ініцыятары. Цьвяроза ацэньваючы сітуацыю, яны, напрыклад, разумелі, што Маскоўшчына на злучэньне цэркваў ніколі не пойдзе, i таму вялі гаворку толькі пра вернікаў Вялікага Княства Літоўскага. Галоўным жа прынцыпам вуніі яны бачылі падпарадкаваньне Усходняй Царквы Папу Рымскаму, а не аўтаномію, якой дамагаліся праваслаўныя.

Пацей далучыўся да шэрагу беларускіх праваслаўных духоўных асобаў, што праводзілі патаемныя перамовы з папскім нунцыем.

Тым часам адбыліся дзьве падзеі, што зьмянілі як лёс самога Пацея, так i ўсёй тады праваслаўнай царквы. У сакавіку 1592 года жонка Адама Пацея памірае, а на пачатку 1593 года памірае берасьцейскі і ўладзімерскі біскуп.

Канстантын Астрожскі, даведаўшыся пра вакансію, пачаў схіляць Пацея даць згоду на пастрыжэньне ў манахі. Дамовіцца аб прызначэньні менавіта Адама Пацея было прасьцей, бо князь Канстантын меў грамату, паводле якой вышэйшыя царкоўныя пасады маглі займаць толькі людзі, рэкамендаваныя ім асабіста.

З боку Жыгімонта Вазы пярэчаньняў не было, тым болей што ён ведаў пра лаяльнасьць кандыдата ў біскупы да ідэі падпарадкаваньня Рыму.

У красавіку 1593 года Пацей быў пад імём Іпація пастрыжаны ў манаства. А 27 траўня Пацей быў рукапаложаны ў сан біскупа кіеўскім мітрапалітам Міхаілам Рагозам.

Падрыхтоўкай вуніі Пацей непасрэдна заняўся напрыканцы 1594 года.

У гонар вуніі Ватыкан адбіў срэбныя ды залатыя медалі з выявай Пантыфіка Клімэнта VIII і біскупаў Вялікага Княства Літоўскага, якіх той бласлаўляе.

У 1609 годзе праваслаўныя вырашылі забіць вуніяцкага мітрапаліта, якім стаў Іпаці Пацей. Віленскі праваслаўны братчык Іван Тупека з шабляй кінуўся на Іпацея Пацея.

Як піша Ўладзімер Арлоў, гэта адбылося сярод белага дня каля рынку. Залаты сьвятарскі ланцуг уратаваў Пацея ад сьмерці. На шчасьце, поруч апынуўся сьвятар Язафат Кунцэвіч, які дапамог параненаму мітрапаліту абараніцца. А Тупеку арыштавалі, мітрапаліт застаўся жывы, страціўшы два пальцы левай рукі.

Апісваючы бездухоўнасьць i маральны заняпад праваслаўнага духавенства, Пацей даводзіць, што найлепшае выйсьце для вернікаў - прыйсьці пад пастырства Папы i такім чынам далучыцца да эўрапейскай культуры i адукацыі. Гэты твор фактычна стаў праграмнай працай вуніяцтва, ці грэка-каталіцтва, як прынята казаць сёньня.

Яшчэ напрыканцы XVIII ст. вуніятамі сябе лічылі каля 75% жыхароў сучаснай тэрыторыі Беларусі.

Апошнія хвіліны жыцьця Іпацея Пацея падрабязна апісаныя Лявонам Кішкам, які выдаў жыцьцеапісаньне мітрапаліта ў 1714 годзе.

«У годзе 1613, месяца Чэрвеня, дня 25 Дабрадзей Пан Наш Ягомасьць Айцец Іпаці Пацей расхварэўся ўжо на сьмерць, у Замку Катэдральным ва Ўладзіміры, а дня 18 ліпеня разьвітаўся з гэтым Сьветам няшчасным i адышоў да вечных храмаў i Славы Госпада свайго, Якога сьмерць так дзіўна прыгожая i набожная была, што для памяці сваёй я запісаў яе для сябе.

Блаславёны гэты Біскуп, як толькі расхварэўся, адразу ж праз тыдзень спавядаўся i Найсьвяцейшы Сакрамант Цела i Крыві Гасподняй дзякуючы міласьці Збаўцы свайго прыняў, потым трэцяга дня пасьля Сьвятога Прычасьця прыняў Апошняе памазаньне, а па яго прыняцьці зноў праз тыдзень спавядаўся, i найдаражэйшага Цела i Крыві Госпада свайго зь вялікай Пабожнасьцю прыняў.

A калі ўжо надыходзіла гадзіна сьмерці ягоная, якой мы так хутка не спадзяваліся, дня 17 месяца Ліпеня ў сераду смуткаваў увесь дзень ды заснуць ня мог, калі ж надышоў вечар, сядзелі пры ім сын ягоны малодшы пан Пётра з жонкаю сваёю i з жонкаю старэйшага сына ягонага пана Яна, бо сын старэйшы захварэў быў i ў другой палаце ляжаў, там жа ўначы размаўляў з намі зь вялікім разуменьнем, так што ніводнага падабенства сьмерці мы не бачылі, i нібыта a гадзіне трэцяй ночы, змоўкнуўшы, паляжаў трошкі, а по­тым усьміхнуўся лежачы; калі мы запыталі, з чаго сьмяяўся, сказаў нам: «бачу, - кажа, - на правай старане майго ложку ля ног маіх мніха нейкага, што ўкленчыў», на што мы адказалі, што тое Францішак альбо Дамінік Сьвяты Госпада Бога просіць аб добрым здароўі Вашае міласьці, на што ён сказаў: 

«О, хутчэй, аб душы збаўленьні, чым аб здароўі!»

Пасьля гэтага прывіду недзе праз паўгадзіны, сказаўшы жанчынам адысьці да каморы, казаў сябе падняць з ложка пану Пётру сыну свайму з падлеткам адным; як толькі паднялі, на руках у ix пачаў канаць, а падлетак, спалохаўшыся, крыкнуў да жанчынаў, каб з каморы выйшлі, павядаючы, што Ягоная міласьць канаюць; a калі, выйшаўшы, сынова ягоная старэйшая ўзяла яго пад руку, ён ужо быў сканаў, i душы ў сабе ня меў, i вочы быў заплюшчыў, а бачачы тое, што ўжо сканаў быў, паклалі яго на ложак зь вялікім жалем сваім i з плачам енчачы на ім, чаго ён ужо ня чуў i не прыйшоў у сябе».