Рашучая перамога ВКЛ і цяжкая параза Масквы
Чарговая вайна нашай дзяржавы з расейцамі цягнулася ад 1558 па 1582 год. Нягледзячы на перамогу, Вялікае Княства Літоўскае змагло толькі вярнуць тыя землі, што былі захопленыя на пачатку вайны. Хто і за што ваяваў? І дзе тая Лівонія?

Коньніца Вялікага Княства Літоўскага
У 1582 годзе 6 студзеня была скончаная Лівонская вайна.
Маскоўскі тыран Іван IV Жахлівы
імкнуўся дасягнуць заходняй часткі Эўропы, бо адчуваў адсталасьць сваёй краіны
ў тэхналёгіях і больш шырока — у культуры. Адзіны магчымы шлях вёў праз балтыйскія
землі, што тады складалі канфэдэрацыю з пяці княстваў, пад началам Лівонскага
Ордэну.
Як гэта спрадвек павялося, маскавіты, спасылаліся на тое, што ў часы дапатопныя гэтыя землі нібы належылі іх продкам, а тагачасная ўлада Лівонскага Ордэна не плаціла даніну Маскве – вырашылі прымусіць гэта рабіць з дапамогай мяча. Маскавіты захапілі Нарву, Дэрпт і падыйшлі да Рэвеля. Ордэн, у сваю чаргу, вырашыў шукаць дапамогі ў мацнейшых суседзяў.

Іван IV Жахлівы
Першымі адмовілі Данія і Швэцыя, якія не жадалі быць уцягнутымі ў вайну. Тады ў 1559 годзе магістр Ордэна зьвярнуўся да Жыгімонта ІІ Аўгуста, караля Польшчы, і той таксама адмовіў у дапамозе. А далей адбылася цікавая рэч: магістр зьвярнуўся да Жыгімонта ІІ Аўгуста ўжо як вялікага князя літоўскага, і на гэты раз атрымаў тое, чаго прагнуў. Тут крыецца вялікая геапалітычная гульня, што разгортвалася ў тыя часы. Разам з тым, што Лівонскі Ордэн пераходзіў пад пратэктарат беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага 31 жніўня 1559 года, станавілася відавочным, што вялікая вайна з маскавітамі была непазьбежнай.

Захоп Нарвы расейцамі
ВКЛ было ўцягнутае ў вайну, што прывяло да Люблінскай вуніі 1569 года, калі нашая дзяржава і польскае каралеўства зьядналіся ў Рэч Паспалітую. Пры гэтым Польшча ўсяляк устрымлівалася ад вайны і дапамогі Вялікаму Княству.
Вернемся да вайны. Войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Рудога было скіраванае ў Лівонію, але атрымала паразу ў 1561 годзе. У хуткім часе спыніў і фармальнае сваё існаваньне Лівонскі Ордэн. У Рызе іх магістр перадаў знакі дзяржаўнай улады Вялікаму Княству, і працягваў кіраваць тэрыторыяй ужо ад імя вялікага князя літоўскага.
Гэта дало падставу для расейскага Івана зрабіць напад на нашую дзяржаву. Было сабранае вялікае 80-тысячнае войска і ў 1563 пасьля працяглай аблогі быў захоплены Полацк. Іван Жахлівы абвесьціў палоннымі не толькі жаўнераў, але і ўсіх жыхароў горада! Ён вывеў з горада 50 тысячаў нявольнікаў. Расейцы забілі ў Полацку ўсіх каталікоў, а габрэяў ад немаўлятак да старых — патапілі пад лёдам Дзьвіны.

Маскоўскія войскі ў Лівоніі. Гравюра ў Нюрнбэргу, 1561 год
Пад Глыбокім атрымала паразу 40-тысячнае войска ВКЛ. Адбыліся перамовы, дзе
маскоўскі тыран патрабаваў, каб яну была перададзеная значная частка Вялікага
Княства: уся Лівонія і Полацкая зямля. З такім нахабствам не маглі пагадзіцца,
і вайна працягнулася. Расейцы вырашылі захапіць Менск і Навагародак. Аднак
пасьпяховыя дзеяньні Мікалая Радзівіла Рудога здолелі гэтаму зяпярэчыць.
У наступныя гады Іван Жахлівы выбудоўваў шэраг крэпасьцяў на Полаччыне. Займаліся гэтым зразумела нашыя жыхары пад акупацыяй. Яны мусілі здабываць і дастаўляць будаўнічыя матэрыялы і выконваць усю неабходную працу.
Тым часам памірае Жыгімонт ІІ Аўгуст, а на яго месца вялікага князя і караля абіраецца француз Генрых Валуа, а пасьля яго ўцёкаў на французскі трон у 1575 годзе — вугорац Стэфан Баторы. Менавіта яму належыла перамагчы расейскую навалу ў будучыні.

Вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторы
З 1570 года дзейнічала замірэньне ў ваенных дзеяньнях. Сярод перадвыбарных абяцаньняў Стэфана Баторыя вылучалася асноўнае: вярнуць страчаныя землі ВКЛ назад. Абяцаньні трэба выконваць, таму ўжо ў 1576 годзе распачаліся працы па аднаўленьні замкаў на ўсходніх межах, каб быць падрыхтаванымі да новай атакі маскавітаў. Красамоўным зьяўляецца выраз з дакумэнта таго часу: «Быць гатовымі да ўварваньня ў ВКЛ звыклага непрыяцеля».
Стэфан Баторы, як вядома, нават выклікаў маскавіта Івана на дуэль: «Увазьмі зброю, сядзь на каня, сыдзіся са мной у абраны час, пакажы, які ты муж і як давяраеш праўдзе сваёй. Рассудзім спрэчку мячом, каб меней крыві хрысьціянскай лілося». Але маскоўскі цар баязьліва адмовіўся.
У 1577 годзе маскоўскі цар зноў нападае на Вялікае Княства ў Лівоніі. Стэфан Баторы з папрокам зьвярнуўся да Івана Жахлівага, з пытаньнем чаму той без абвяшчэньня пачаў вайны і захоплівае гарады. На што атрымаў наступны адказ: расейцы прыйшлі ў Лівонію, бо гэта іх зямля. Аднак Іван згадзіўся на перамовы, падчас якіх у якасьці неабходнай умовы вылучыў саступкі маскавітам апроч Лівоніі і Полацка яшчэ і Віцебска з Кіевам. Так і напрашваецца паралель з сёньняшнім расейскім царком і яго ўмовамі для спыну вайны.
У пачатку жніўня 1579 года Стэфан Баторы на чале войска Вялікага Княства зьявіўся ля Полацка і ўзяў яго ў аблогу. Калі напачатку вайны захоп крывіцкага горада спрыяў далейшым посьпехам маскавітаў у ваенных дзеяньнях, тады як яго вызваленьне пацягнула за сабой канчатковую паразу Івана Жахлівага на беларускіх землях. Адзначым цікавы факт: праваслаўны біскуп Кіпрыян не пажадаў здавацца войску ВКЛ і зачыніўся ў Сафійскім саборы, адкуль яго прыйшлося выцягваць з дапамогай сілы.

Адваёва Полацка ў 1579 годзе
З адваёвай Полацка вайна ня скончылася, а перайшла ў наступную фазу, зьвязаную з непасрэднымі зацікаўленасьцямі Вялікага Княства, як і раней — Полацкага княства з часоў Брачыслава і Ўсяслава Чарадзея. Войскі Стэфана Баторыя скіраваліся на Пскоў.

Асада Пскова войскам ВКЛ
У 1580 годзе пры аблозе Вялікіх Лукаў з прапановамі замірэньня да вялікага князя прыехалі прадстаўнікі маскоўскага Івана. Яны ўжо пагаджаліся на саступку Лівоніі і Полацка, у сваю чаргу Стэфан Баторы патрабаваў Вялікія Лукі, Пскоў, Ноўгарад і Смаленск.
Нашыя войскі ўзялі Веліж, Невель, Вялікія Лукі і трапілі ў глыб Наўгародзкай зямлі. 28 жніўня 1581 года пачалася аблога Пскова, якая трывала 5 месяцаў, але пасьпеху ня мела. Гэта выклікала незадавальненьне ў кіроўных элітаў Рэчы Паспалітай, якія змусілі Стэфана Баторыя падпісаць такі мірнае пагадненьне з маскавітамі.

Стэфан Баторы пад Псковам
6 студзеня 1582 года, недалёк ад Пскова было падпісанае Ям-Запольскае замірэньне на 10 гадоў. Гэта адбылося пра пасрэдніцтве Папы Рымскага Урбана VII, да якога зьвярнуўся Іван Жахлівы з просьбай аб мірных перамовах.
Прадстаўнікамі Вялікага Княства Літоўскага былі Януш Збаражскі, Альбрэхт Радзівіл, Міхал Гарабурда і Кшыштаф Варшавіцкі. З расейскага боку прысутнічалі Дзьмітры Ялецкі, Раман Алфер’еў і некаторыя іншыя.
Па ўмовах дакумэнту, у Вялікае Княства Літоўскае вярталіся ўсе захопленыя з пачатку Лівонскай вайны землі ў тым ліку Полацк і Веліж, а таксама былы Лівонскі ордэн, які станавіўся часткай нашай дзяржавы. Аднак заваяваныя тэрыторыі ў маскоўскай дзяржавы перадаваліся ёй. У 1583 адбылася яшчэ адно мірнае пагадненьне, паводле якога паўночная частка сучаснай Эстоніі з гарадамі Нарва, Іван-горад і іншыя перадаваліся Швэцыі.
6 студзеня прынесла нашай дзяржаве мір, але разам з тым яно засьведчыла і катастрафічныя наступствы. Безьліч спустошаных гарадоў і вёсак, дзясяткі тысячаў забітых расейцамі нашых грамадзянаў, вялікая колькасьць палонных, лёс якіх пераважна застаўся невядомым. Вялікае Княства Літоўскае перамагло ў вайне, але не атрымала ад гэтага выгодаў. Наадварот – вынікам стаў і эканамічны заняпад краіны. Партнэр па Рэчы Паспалітай таксама карыстаўся становішчам і станавіўся ўсё больш галоўным у хаўрусе двух народаў.
Стэфан Баторы застаўся незадаволены такім сканчэньнем вайны і прагнуў працягнуць наступ на спрадвечнага ворага, аднак сойм Рэчы Паспалітай не даў яму гэтага дазволу. Ужо праз 2 гады ў Маскве памірае Іван Жахлівы, і Стэфан Баторы быў гатовы ісьці ў паход на Крэмль, але ня лёс.
Пасьля вялікі князь прасіў яшчэ грашовую дапамогу на вайну ў Папы Рымскага Сікста V, аднак той вырашыў ухіліцца ад гэтага. А ў 1586 годзе і сам Стэфан Баторы адыйшоў у лепшы сьвет.