Беларусь, якая чакае. Збочваем з адпрацаваных маршрутаў (ФОТА)
Чытачы ўжо не аднойчы звярталі нашу ўвагу на тое, што цягам вандровак мы абмінаем тыя ці іншыя цікавыя мясціны, якія былі зусім побач. Не будзем спрачацца, тым больш, што мы згодныя з вашымі заўвагамі. Менавіта таму сённяшняе падарожжа будзе прысвечана тым мясцінам, якія мы раней абмінулі па розных прычынах. Паехалі!
Ранішняе жнівеньскае сонейка нашмат больш лагоднае за самое сабе месяцам раней, а ў паветры ўжо пачынаюць адчувацца лёгкія восеньскія адценні. У прыўзнятым бадзёрым настроі, які цалкам адпавядае прыгожаму ранку, мы завітваем да першай нашай кропкі — касцёлу Сэрца Езуса ў пасёлку Школьны. Безумоўна, гэты храм нельга пераблытаць ні з якім іншым, дзякуючы архітэктурнаму вырашэнню. Таксама адзначым, што гэта даволі «малады» касцёл, бо будаваўся ён у міжваенны перыяд з 1931 да 1933 году.
Фундатарамі будаўніцтва былі гаспадары гэтых земляў — Караль Незабытоўскі і ягоная жонка Сафія, якая раней (у 1924 годзе) ужо ахвяравала сродкі на невялікую капліцу на тым жа месцы. Але хутка колькасць вернікаў перабольшыла здольнасці маленькага храму, і ў 1931 годзе пачалося будаўніцтва новага. У 1934 годзе касцёл кансэкравалі ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Напрыканцы жніўня запланавана святочнае набажэнства з нагоды 90 год кансэкрацыі касцёла — жадаючыя могуць наведаць! Пасля вызвалення мястэчка ад немцаў у 1944 годзе касцёл быў закрыты і выкарыстоўваўся як зернясховішча мясцовага спіртзаводу. Пасля шматлікіх зваротаў напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя будынак быў адноўлены і зноў адданы вернікам.
Касцёл Сэрца Езуса ў пасёлку Школьны
Мяркуючы па ўсім, касцёл Сэрца Езуса будаваўся яшчэ і як пахавальня для роду Незабытоўскіх — у ягоным сутарэнні маюцца адмысловыя нішы і ў цэнтры — месца для Караля і Сафіі. Хтосьці лічыць, што яны тут і былі пахаваныя, але гэта не так. На плітах ёсць даты нараджэння, але няма датаў смерці. Дарэчы, бачна, што пліта з імем Сафіі была пашкоджана. Мясцовыя кажуць, што падчас разбурэння скляпенне было пустое, таму месца Караля Незабытоўскага не чапалі. Насамрэч, свой апошні прытулак Караль Незабытоўскі знайшоў у Вялікабрытаніі, дзе памёр у 1952 годзе. Але ж адна ніша ў скляпенні занятая — тут пахавана мясцовая жыхарка Альберта Уліч, якая актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні храму, не шкадуючы сіл і сродкаў.
Касцёл Сэрца Езуса ў пасёлку Школьны
Ну, а мы працягваем нашую вандроўку і праз невялікі час спыняемся ля самага маладога касцёлу адной з самых старых парафій Беларусі. У ХV стагоддзі тут ужо месціўся драўляны храм, які цягам стагоддзяў неаднойчы перабудоўваўся і аднаўляўся. Перад намі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Налібаках. Цагляны храм пачаў будавацца побач са старым драўляным у 1935 годзе і на пачатак Другой Сусветнай вайны меў толькі сцены. Падчас баявых дзеянняў згарэў стары касцёл. Без даху, з сценамі, якія паступова разбураліся, недабудаваны храм прастаяў да 1990 году, калі пачалося аднаўленне і працяг будаўніцтва. Сродкі на яго збіраліся літаральна па ўсім свеце — ад Беларусі да Аўстраліі. У 1994 годзе касцёл быў кансэкраваны пад гістарычным тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Другога падобнага ў Беларусі не знойдзеце дакладна!
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Налібаках
Не меншая цікавостка месціцца за касцёлам — старыя могілкі. Тут можна ўбачыць досыць старыя пахаванні, крыжы і помнікі на якіх былі зроблены яшчэ на налібацкім чыгуналіцейным заводзе Вітгенштэйна, што працаваў тут з 1852 года.
Старыя могілкі ў Налібаках
Налібакская Галгофа вядома далёка за межамі мястэчка. Яна была пабудавана на новай частцы могілак да 570-годдзя мясцовай парафіі. Шлях да яе атачаюць невялічкія стылізаваныя каплічкі з выявамі біблейскіх сюжэтаў, кожная з якіх мае прыгадванне тых, хто ахвяраваў на яе стварэнне. Падчас вялікіх святаў тут адбываецца ўрачысты Крыжовы шлях. Як і касцёл, Налібакская Галгофа не мае аналагаў у сучаснай Беларусі. Вы можаце, канешне, прыгадаць Ашмянскую, але тут зусім іншае.
Галгофа ў Налібаках
Далейшы наш шлях ляжыць пад Карэлічы. Так, мы не аднойчы праязджалі непрыкметнае збочванне па дарозе на Наваградак, але зараз менавіта гэты напрамак сёння з’яўляецца для нас галоўнай мэтай. Мы ў невялічкай вёсцы Беразавец літаральна ў некалькі кіламетрах ад Карэлічаў, дзе знаходзяцца руіны вялікай царквы Святой Тройцы.
Руіны царквы Святой Тройцы
Руіны выглядаюць досыць старымі, але ж, насамрэч, будаўніцтва царквы пачалося ў 1899 годзе замест драўлянага храму 1863 года на тым жа ж падмурку. Падчас Першай Сусветнай вайны царква моцна пацярпела і ўжо больш ніколі не выходзіла са стану руінаў. Снарад Другой Сусветнай вайны давяршыў справу, і дагэтуль царква павольна разбураецца пад ціскам вятроў, дажджоў і снегу. З аднаго боку невялікай дарогі стаіць капліца для сучасных вернікаў, а з іншага — два непрыкметныя пахаванні. Магчыма, святароў, але надпісы амаль нечытэльныя. Што цікава — пахаванні і руіны царквы вельмі дагледжаныя, і гэта пры зусім невялікай колькасці жыхароў вёскі. Вялікае пытанне — навошта ў маленькай вёсцы мусіў быць такой вялізны храм? Зусім побач жа ж Карэлічы... Таямніца!
Руіны царквы Святой Тройцы
Нашыя чытачы, якія дасылалі прапановы маршрутаў, ужо здагадаліся, што наступным пунктам прызначэння будзе цікавае месца Райца з ягонай царквой. Безумоўна, яны трапілі ў самую кропку! Але ж па чарзе... У 1682 (а па некаторых звестках -- у 1652) годзе па загаду і фундацыі паноў Раецкіх (прыгадаем назву мястэчка) на прыгожым пагорку, якімі багатыя Карэліччына і Наваградшчына, быў пабудаваны драўляны касцёл. У 1817 годзе ён быў адноўлены ў мураваным выглядзе і захаваўся на малюнку славутага Напалеона Орды.
Але потым прыйшоў 1863 год і, як шмат ягоных братоў, касцёл у Райцы быў перададзены праваслаўнай царкве. Рэтраспектыўна-гатычная архітэктура будынка ніяк не пасавала праваслаўю, але ж загад ёсць загад, і будынак у 1864 годзе быў асвячоны як «Спаса-Прэабражэнская чацвёртага класу мураваная царква». Падчас Другой Сусветнай вайны яе спальвалі партызаны і абстрэльвала артылерыя з абодвух бакоў, у 1959 годзе яе амаль знеслі трактарамі, а скляпенне роду Раецкіх было разрабавана і паўсюль валяліся косткі. Тым не менш, храм выжыў, хоць і быў больш падобны на груду старых камянёў. Напачатку ХХІ стагоддзя пачалося аднаўленне і ў 2003 годзе царква Святой Варвары зноў адчыніла свае дзверы вернікам.
Царква ў Райцы
Рэстаўрацыя і аднаўленне, канешне ж, вельмі добра, але ж тое, што зрабілі з былым касцёлам у Райцы, патрабуе новай рэстаўрацыі. Навошта гэты савецка-дзікунскі падыход з выкладаннем цэглай лічбы «2000» нібыта гэта стайня ці кароўнік? Навошта пластыкавая імітацыя гадзінніку на вежы? Што гэта за безгустоўны крыж на пагорку? Пытанні без адказу... Лік святой Варвары абмяркоўваць не будзем.
Царква ў Райцы
Чарговае месца даўно вабіла нас, і нават мы да яго даехалі! Так, мы ў Варончы, якая мае багатую гісторыю. Касцёл Святой Ганны — найбольш вядомая цікавостка мястэчка. Будаўніцтва храму скончылася ў 1808 годзе, месціўся ён у вялікім комплексе сядзібы мясцовых гаспадароў Несялоўскіх, якія і былі фундатарамі будаўніцтва. У гэтым касцёле быў хрышчоныЯн Чачот.
Касцёл Святой Ганны
У 1943 годзе сядзіба была спалена партызанамі, пацярпеў і касцёл. Пасля вайны храм стаяў зачынены і прыходзіў у заняпад. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пачалося аднаўленне касцёла, і ў 1995 годзе ён быў рэкансэкраваны пад гістарычным тытулам Святой Ганны. З адваротнага боку касцёла ў сцяну ўмуравана надмагільная пліта фундатара з родавымі гербамі, а побач з касцёлам месцяцца пахаванні дзядоў і бацькоў нашага славутага фатографа Яна Булгака. Увогуле тэрыторыя касцёла вельмі добра дагледжана. Абавязкова завітайце!
Касцёл Святой Ганны
Час вяртацца дадому і планаваць новыя вандроўкі з улікам вашых прапаноў. Лета хутка скончыцца, але ж будзе восень, якая, мы спадзяемся, падорыць нам добрае надвор’е і новыя падарожжы. Чакаем вашых замоваў і, як звычайна, напрыканцы яшчэ некалькі фота нашай прыгожай Беларусі.
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі. Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.