Ствараў велічны і непаўторны вобраз Айчыны. Да 215-годдзя Напалеона Орды
Сёння адзначаецца 215-я гадавіна з дня нараджэння славутага беларускага мастака і музыкі Напалеона Орды. Прапануем вам цікавыя факты з жыцця нашага земляка ад Уладзіміра Арлова. Цалкам артыкул «Сузор'е слынных мастакоў» чытайце тут.
Будучага мастака назвалі ў гонар Напалеона Банапарта, з якім патрыёты Вялікага Княства звязвалі надзеі на аднаўленне незалежнасці. Першай настаўніцай хлопчыка стала маці Юзафіна. Яна была здольнай піяністкай і марыла, што сына чакае лёс кампазітара.
Напалеон навучаўся ў Свіслацкай гімназіі ды на фізічным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Каланіяльныя ўлады не далі атрымаць дыплом. У 1827 годзе выдатніка Орду адлічылі за сяброўства ў таемным таварыстве «Заране», у якім ён браў удзел яшчэ гімназістам. 15-месяцавае турэмнае зняволенне юнака мела працяг — адпраўку пад нагляд паліцыі ў бацькаў маёнтак Варацэвічы на Піншчыне.
А ў 1831-м Напалеон далучыўся да тых, хто кінуў выклік каланізатарам. Вызначыўшыся ў баях, стралок коннай гвардыі Напалеон Орда быў адзначаны чынам капітана і найвышэйшай вайсковай узнагародай — ордэнам «Virtuti Militari». Пасля разгрому паўстання ён амаль чвэрць стагоддзя мусіў жыць за мяжой.
У Парыжы наш зямляк працягваў заняткі музыкай пад кіраўніцтвам польскага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна. Орда і сам пісаў творы для фартэпіяна: рамансы, паланэзы, серэнады, мазуркі, стаў дырэктарам парыжскай Італьянскай оперы. Паспяхова займаўся ён у той час і літаратурнай творчасцю, друкуючы нарысы пра вядомых сучаснікаў. У парыжскім асяроддзі Орды былі пісьменнікі Анарэ дэ Бальзак, Стэндаль, Іван Тургенеў, кампазітары Джузэпэ Вэрдзі і Джаакіна Расіні.
Але славу Орда заслужыў перадусім як мастак. Ён быў улюбёным вучнем французскага майстра архітэктурнага краявіду П’ера Жэрара. У сваіх летуценнях Напалеон часта вяртаўся ў Літву-Беларусь і бачыў сябе мастаком-вандроўнікам. Летуценні сталіся яваю, калі на пяцідзясятым годзе жыцця ён нарэшце зноў ступіў на зямлю продкаў. У недалёкім часе Орда і распачаў свае знакамітыя падарожжы з алоўкамі, фарбамі і пэндзлем. Ён нястомна маляваў мясціны, звязаныя з жыццём выдатных асоб, і краявіды з помнікамі беларускай старасвеччыны.
Некалькі соцень гэтых малюнкаў і акварэлей стварылі велічны і непаўторны вобраз Айчыны ў тую эпоху. На творах Напалеона Орды адлюстраваныя Полацк і Вільня, Віцебск і Гародня, Магілёў і Менск, Пінск, Лагойск, Слуцк... Сімваламі слаўнага мінулага паўстаюць Крэўскі, Мірскі, Нясвіжскі, Наваградскі, Лідскі, Медніцкі замкі. Мастак падараваў нам на сваіх акварэлях выявы старадаўніх храмаў: полацкіх Сафійскага сабора і Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, гродзенскай Каложы, касцёлаў у Гнезне і Ішкалдзі. Пранікнёна і з любоўю намаляваў ён родныя мясціны Тадэвуша Рэйтана, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча… Пра некаторыя страчаныя гістарычныя помнікі мы ведаем сёння адно дзякуючы творчай спадчыне Орды.
Надзвычай цікавая і загадкавая старонка жыцця Напалеона Орды — паездкі па ахопленым паўстаннем краі ў 1863-м. Магчыма, ён дапамагаў «каліноўцам» падтрымліваць сувязь. У жандарскіх дакументах сцвярджалася, што мастак займаецца «черчением планов городов». За гэта на яго завялі справу аб пазбаўленні шляхецкіх правоў.
Творы Напалеона Орды сёння выдадзеныя ў шматлікіх альбомах. Яго імем назвалі вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, Пінская дзіцячая мастацкая школа. Малюнкі Орды і яго партрэт змяшчаліся на манетах і папяровых грошах незалежнай Беларусі. У вёсцы Варацэвічы, дзе нарадзіўся мастак, створаны яго музей-галерэя. Калі апынецеся ў тых мясцінах, не прамiніце і цудоўны помнік, усталяваны творцу ў недалёкім Янаве-Палескім (Іванаве).