ФОТАВІЛЬНЯ

Звычайная чорна-белая фатаграфія віленскай катэдры. Але маю ўвагу прыцягваюць нейкія драўляныя вышкі на ёй. «Гэта эшафоты?» — «Якія эшафоты? Эшафоты стаялі на Лукішках… Магчыма, гэта рыштаванні для ўзвядзення помніка Кацярыне ІІ» — «А чаму іх два?» — «Тады не помнік… А! Згадаў! Менавіта ў гэтым годзе на катэдральнай плошчы па загадзе губернатара Мураўёва пачалося будаўніцтва фантану». Гэтак у гутарцы з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім мы прыходзім да невялічкага адкрыцця.



ade55409d1224074754035a5a937d2e0.jpeg

Звычайная чорна-белая фатаграфія віленскай катэдры. Але маю ўвагу прыцягваюць нейкія драўляныя вышкі на ёй. «Гэта эшафоты?» — «Якія эшафоты? Эшафоты стаялі на Лукішках… Магчыма, гэта рыштаванні для ўзвядзення помніка Кацярыне ІІ» — «А чаму іх два?» — «Тады не помнік… А! Згадаў! Менавіта ў гэтым годзе на катэдральнай плошчы па загадзе губернатара Мураўёва пачалося будаўніцтва фантану». Гэтак у гутарцы з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім мы прыходзім да невялічкага адкрыцця. Не прамінаючы пры гэтым зазначыць: нездарма на форзацы чатырохкілаграмовага фотаальбому «Вільня: партрэт гораду» змешчаны здымак, датаваны менавіта 1863 годам.

(На здымку: Vilnius: miesto portretas. Vilnius: R. Paknio leidykla, 2010)


Аўтар гэтага здымка не вядомы. Затое добра вядомы аўтар самага першага візэрунка Вільні ў гісторыі фатаграфіі. Ім стаў Альберт Свяйкоўскі, які зняў віленскі краявід у 1854 годзе. З гэтага моманту, сцвярджае Харэўскі, пачалася гісторыя Вільні ў беларускай фатаграфіі.
Фотаальбом «Vilnius: miesto portretas» — не проста сувенір для турыстаў, якія сцякаюцца ў колішнюю «Крывіцкую Мекку» з усяго свету. Гэта новае асэнсаванне Вільні яе цяперашнімі жыхарамі і гаспадарамі, апошняе слова еўрапейскай урбаністыкі. Структура альбома даволі мудрагелістая: здымкі з сярэдзіны ХІХ стагоддзя да нашага часу змешчаныя не ў храналагічным, а ў тэматычным парадку, укладальнікі шукалі і паспяхова знаходзілі сугуччы ў працах фотамастакоў розных нацый і эпохаў.
«Літоўцы доўга і пакутліва засвойвалі Вільню — чужы ім культурна горад — пасля вайны, — кажа Харэўскі. — Усплёск уласна літоўскай віленскай фатаграфіі прыйшоўся на 1970-я. Пасля Вільня як бы перастала іх цікавіць, стала для іх халодным турыстычным аб’ектам… І вось цяпер гэты альбом, які даводзіць: літоўцы даспелі да мультыкультурнага асэнсавання сваёй цяперашняй сталіцы».
Фатаграфіі суправаджаюцца ўрыўкамі з сусветнай літаратуры, прысвечанымі Вільні: Чэслаў Мілаш ды Рамэн Гары, Альфрэд Дзёблін ды Томас Вэнцлава… На пачатку ідуць вершы, сімвалічна пададзеныя на мовах арыгіналу. Беларусь тут прадстаўляе Максім Багдановіч са знакамітым: «Вулкі Вільні ззяюць і гулка грымяць!..» «Так шыкоўна Багдановіча яшчэ ніколі не выдавалі!» — захапляецца Харэўскі.
Беларускі складнік не абмяжоўваецца тэкстамі: апроч класічных фатаграфій Юзафа Чаховіча (другая палова ХІХ стагоддзя) і Яна Булгака (1910-я) тут змешчаныя фотапрацы нашага сучасніка Дзяніса Раманюка). Тое, што душэўнай цеплынёй і святлом напоўненыя фатаграфіі менавіта беларускіх фотамастакоў, заканамерна: каб добра зняць горад, трэба адчуваць яго сваім.
Як прыклад Харэўскі прыводзіць прызнанне літоўскага акцёра Ёзаса Будрайціса: маўляў, той так і не спасціг Вільні, хоць пражыў там палову жыцця. Каб адчуваць горад, трэба прабавіць у ім маленства… Так было з фотамастачкай Аленай Адамчык, якая ў сталым жыцці вярнулася ў Вільню ўжо з мінскім досведам… Хоць яе працы 1990-х і не ўвайшлі ў дадзены альбом, яны высока ацэненыя ў Еўропе як нестандартны погляд на Вільню сваю — знутры. І пры гэтым беларуская Вільня непазбежна, на думку Харэўскага, у гэтай майстаркі рыфмуецца з Мінскам.
Паралелі «Вільня — Мінск у фатаграфіі» напрошваюцца самі сабою… «Ці магчымы такі альбом для Мінска?» — задае Харэўскі амаль рытарычнае пытанне. «Тэхнічна, канешне, магчымы, — тут жа адказвае ён, — існуе безліч выяваў Мінска не на нейкіх там «старых паштоўках», а на высокамастацкіх кадрах, і з кожным годам гісторыкі фатаграфіі адшукваюць усё новыя архіўныя здымкі. А колькі ў нас літаратурных згадак пра Мінск! Колькі эсэ, вершаў!.. Задайце сабе пытанне: каго ў прыстойнай Еўропе здольныя зацікавіць «шэдэўры альбомараблення» кшталту «Мінск вячэрні»? Гэта пазамінулае стагоддзе пазіцыянавання роднага горада».
Але, здаецца, такога альбому на афіцыйным узроўні яшчэ доўга не будзе. Здымкі ХІХ стагоддзя і сучасныя выявы Вільні адрозніваюцца хіба тэхнікай ды аўтарскім поглядам: вуліцы, а таксама назвы вуліц, цэрквы ды касцёлы застаюцца на сваім месцы. Мінск жа за гэты час змяніўся да непазнавальнасці.
Таму, відаць, усім рамантыкам беларушчыны па-ранейшаму застанецца духоўна блізкай яна — Вільня.
Фатаграфуе Ян Булгак
На патэфоне
Гучыць вясёлы пасадобль.
Што там у садзе Бэрнардынскім?
Цырк шапіто? Мадам Фурэ?
Ах, вішні расьцьвілі?
О, Божа, колькі жабракоў
На плошчы перад катэдрай...
Якія бледныя ў іх твары.
Як рукі з голаду дрыжаць...
Мая Зямля,
Хоць крываточаць Твае раны,
Ты йшчэ багата Боскім Духам,
Бо моляцца ж, бо моляцца
За ўсіх.

1987 г. З кнігі: “Зянон. Глёрыя Патрыя м. — Вільня, 2000


Фота Яна Булгака (1917 г.)


Ян Булгак (1876–1950) — фотамастак, краязнавец, этнограф. У 1910-я афіцыйна займаў пасаду віленскага гарадскога фатографа. Зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё урбаністычнай і этнаграфічнай фатаграфіі.

-------------------------------------------------------------------------------------------------------


Фота Дзяніса Раманюка (2000 г.)


Дзяніс Раманюк ад 1992 года, калі ён пачаў навучанне ў Віленскай мастацкай акадэміі, і да сёння жыве тут, застаючыся самім сабой. Беларускім мастаком, шчыльна звязаным з культурным кантэкстам Мінску, дзе нарадзіўся і пачаў свой творчы шлях. Дзе значнае месца ў нацыянальнай культуры займаў ягоны бацька, Міхась Раманюк і дзе ён выкладаў мастацтва сам. Таму ягоная творчасць зварачаецца найперш да беларускага гледача, прапануючы яму віленскае люстэрка. Люстэрка, у якім ён бачыць уласны адбітак.
Сяргей Харэўскі. З лекцыі «Вільня ў беларускім фотамастацтве на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў»