«Кніжная культура праваслаўнай царквы ў Беларусі»: прэзентацыя кніг Антона Мірановіча ў Мінску

Прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Антон Мірановіч — даўні сябра газеты «НЧ». Менавіта ён ачольваў польскі бок на арганізаваных нашым выданнем  «круглым стале» беларускіх і польскіх гісторыкаў па праблемах падзей верасня 1939 г. і становішча нашых народаў пад акупацыяй у 1939–1945 гг.



miron.jpg

Гэтым разам Антон Мірановіч наведаў беларускую сталіцу, выступіўшы 20 лістапада ў БДУ і Нацыянальнай бібліятэцы, каб прэзентаваць свае кнігі, прысвечаныя асноўным тэмам доследаў — культуры і гісторыі беларускай праваслаўнай царквы, беларуска-расійска-польскіх узаемасувязей, культуры беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

53-гадовы кіраўнік кафедры гісторыі культур пагранічча ў Інстытуце гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта на сёння мае на сваім рахунку 35 надрукаваных кніг, каля 500 навуковых артыкулаў, падрыхтаваў нямала вучняў — 10 простых (роўных нашым кандыдатам) і 2 габілітаваных дактароў навук, за 1000 магістраў. Большасць з выданняў Мірановіча прадстаўлена ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — і зарз зноў прафесар прывёз у бібліятэку чарговыя кнігі. Кіраўніцтва бібліятэкі да прэзентацыі паклапацілася зрабіць выставу папярэдніх прац прафесара.

Мірановіч пачынаў вывучаць архіўныя дакументы з сярэдзіны 1980-х гадоў адначасова з гасцямі прэзентацыі, беларускімі даследчыкамі Валянцінам Голубевым і Уладзімірам Дзянісавым. На думку гэтых мінскіх сяброў прафесара, менавіта руплівая праца з архіўнымі дакументамі складае аснову вартасці яго прац. Напачатку даводзілася пераадольваць незвычайныя цяжкасці: у беларускіх архівах замежным грамадзянам (хай і беларусам) не дазвалялася непасрэдна глядзець каталогі дакументаў. Не кажучы пра магчымасць капіраваць арыгіналы фотакопіяй… Даводзілася дапамагаць адзін аднаму.  Звярнуцца да царкоўнай гісторыі было няпроста: у постсацыялістычных краінах гэтае поле заставалася неўзараным з часоў Расійскай Імперыі. Валянціну Голубеву, які напачатку марыў заняцца вывучэннем рэлігійнай спадчыны, перашкодзіла магчымасць палітычных уплываў на прадмет даследавання. У часы перабудовы ён далучыўся да дзейнасці беларускіх дэмакратычных сіл, прайшоў у склад Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання. У Польшчы займацца гісторыяй праваслаўнай, асабліва беларускай, царквы — таксама не толькі навука. Але гэта не проста палітыка, а палітыка выжывання для беларускай меншасці: калі беларускія каталіцкія арганізацыі на сёння на Беласточчыне амаль зніклі, то праваслаўныя — працягваюць гуртаваць народ. Менавіта папулярнасць тэмы і вядомасць як яе даследчыка падштурхнулі Мірановіча ў 2009 годзе, хоць і беспаспяхова, балатавацца ў Еўрапарламент.

miranowic.jpg

Найлепшы бок навуковага метаду Мірановіча — уважлівая праца з дакументамі. Дакументальная дакладнасць дазваляе яму выпраўляць сур’ёзныя хібы прац папярэднікаў. Так, даводзячы факт росквіту царкоўнага жыцця ў Турава-Пінскай епархіі ХІ–XVІ стагоддзяў (тэма адной з апошніх манаграфій), Мірановіч налічыў у час росквіту буйнейшай царкоўна-адміністрацыйнай адзінкі ВКЛ 296 прыходаў, а не 24(!), як падаваў «Беларускі гістарычны атлас». Таму і гутарка за круглым сталом увесь час вярталася да неабходнасці рэальнага і віртуальнага — у электронным выглядзе — вяртання архіваў, публікацыі дакументаў пра найбольш значныя манастырскія і свецкія кнігазборы. У практычнае рэчышча супрацоўніцтва польскіх і беларускіх даследчыкаў, з удзелам таксама літоўскіх і расійскіх калег, у бліжэйшы час пераходзіць у дачыненні бібліятэк Супрасльскага і Жыровіцкага манастыроў.

Важнасць супрацоўніцтва адзначыў у сваім выступе ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесар Адам Мальдзіс, назваўшы яго «кніжнымі мастамі культуры паміж Мінскам і Беластокам», як і іншымі даследчымі цэнтрамі. «Масты» будуюцца ў некалькіх сферах. Гэта свежыя выданні «Новае слова ў беларусістыцы» па матэрыялах V Міжнароднага кангрэса беларусістаў 2010 г. (серыі мовазнаўства, літаратуразнаўства і фалькларыстыка, беларусазнаўства), падрыхтоўка свежай анталогіі паэзіі беларускага замежжа. І стварэнне адзінай даведачнай базы дадзеных па беларусах у свеце. Другое пашыранае выданне даведніка «Беларусы ў свеце» (з падтытулам «Беларусы ў памежных краінах») хутка мусіць ажыццявіць выдавецтва «Энцыклапедыкс». З’явіцца таксама інфарматар з адрасамі беларусаў замежжа, найперш даследчыкаў і навукоўцаў. Падтрымка гэтых праектаў польскімі беларусамі з Беластоку вельмі пажаданая.

Аптымістычную ноту ў агучванні апошніх планаў, якія ажыццяўляе ў Мінску Інстытут культуры Беларусі, надае разгортванне Міністэрствам культуры праграмы «Беларусы ў свеце». Пра яе, прыйшоўшы прывітаць прафесара Мірановіча, казаў на сустрэчы намеснік міністра Тадэвуш Стружэцкі. Практычнай базай увасаблення праграмы паслужаць беларускія культурныя цэнтры, якія ўжо створаны пры дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі ў Польшчы, і ў бліжэйшыя год-два будуць разгортвацца ў Літве і Расіі.  

Тэзіс «рукапісы не гараць», пагадзіліся прысутныя на дыскусіі, варта ўвасабляць праз выданне рукапісаў, дакументаў, рэдкіх старых кніг і дбайнае захаванне архіваў. У тым ліку даследчыцкіх, карысных наступнікам-навукоўцам. Прафесар Мірановіч спрабуе ў гэтым паказаць прыклад — ужо другі раз ён прывёз і перадаў на захаванне Нацыянальнай бібліятэцы чарговую частку асабістага навуковага архіву.