Палец Культуры
Усе кажуць: Крэмль, Крэмль... У Варшаву я ўпершыню трапіла ў 2002 годзе, пасля чаго была ў гэтым горадзе частым госцем, але за 12 гадоў так і не пераступіла парог Палацу культуры і навукі — манументальнай сталінскай высоткі, першага, што кідаецца ў вочы, калі выходзіш з Цэнтральнага варшаўскага вакзала.
І вось у апошні прыезд я вырашыла ліквідаваць гэты прабел. Сябры, радасна адгукнуўшыся на маю просьбу, тут жа адвялі мяне ў «Кавярню культуральну» ў адным з вестыбюляў палаца. Не так даўно свечку вышынёй у 230 метраў абставілі хмарачосамі. Цяпер гэта — вінтажная разынка «Варшава-сіці». А 12 гадоў таму, калі я ўпершыню прыехала сюды, Юзэф, як называюць яго варшавяне, узвышаўся над цэнтрам у ганарлівай, злавеснай адзіноце. Жыхары Варшавы далі гэтаму будынку яшчэ адну трапную мянушку: «палец культуры».
Нечакана ў наш дэкаданс уліваецца ўкраінскі пісьменнік Сяргей Жадан — страшна стомлены. Украінскія пісьменнікі апошнім часам — як на перадавой, а Жадан пабываў на перадавой у прамым сэнсе: на галаве выразна праступае шоў.
А я адразу ж са справай. «Сяргей, — кажу вы з Міхаілам Елізаравым — практычна равеснікі. Абодва з Усходняй Украіны, абодва вучыліся ў Харкаве. Дзе-небудзь у прэсе або крытыцы абгульваўся гэты факт? Можа, у вас супольныя чытанні з гэтай нагоды былі?» Неа, адказвае Жадан. З Елізаравым ён асабіста не знаёмы, а абгульваць «харкаўскі» фактар журналістам цяжка, бо сам лаўрэат Рускага Букера пра сваё нараджэнне на тэрыторыі Украіны мала распаўсюджваецца.
«А навошта табе?» — пытаюцца за сталом.
«Ды вось, хачу тэкст напісаць пра статус у нас рускамоўных пісьменнікаў. Збіраю фактуру. Разумееце... У святле крымскіх падзей Пуціну для анексіі Беларусі трэба будзе знайсці ў нас хоць нейкае дыскрымінаванае рускамоўнага насельніцтва. А літаратары, што пішуць па-руску — адзіная праслойка, якая мае права заявіць, што яе прыгнятаюць. Гэта значыць, абарона рускамоўнай літаратуры Беларусі — адзіная нагода для Пуціна ўвесці войскі».
«Ну, тады Пуціну трэба будзе ўвесці літаратурныя войскі. Лімонаў, Лук'яненка, Прылепін...» — падумаўшы, адказвае Жадан.
Наша вечарынка працягваецца, а я ўсё думаю пра тэкст, які хацела б напісаць. Пра тое, што, магчыма, я правільна зрабіла, што з ім зацягнула, таму што да Крыму гэта быў бы зусім іншы тэкст.
***
Пра што я збіралася напісаць да Крыму? Спачатку я збіралася растлумачыць, чаму такі тэкст пішу менавіта я.
У васямнаццаць гадоў, думаючы пра літаратурную кар'еру, я без роздумаў абрала беларускую мову як мову творчасці. Найперш таму, што ў таго, хто рос і глядзеў па баках у 1990-я гады ў Беларусі практычна не было сумневаў наконт выбару мовы. Але, у адрозненне ад многіх сваіх калег, якімі кіравалі найперш ідэалы нацыянальнага адраджэння, я зрабіла выбар з пазіцыі эколага: мне хацелася падтрымаць від, які вымірае.
І вось, выдаўшы дзве кнігі па-беларуску і атрымаўшы за іх кухталёў ад беларускамоўнай жа публікі, то бок паварыўшыся ў тым самім беларускім катле пекла, да якога, паводле анекдота, нават чарцей прыстаўляць няма сэнсу, аднойчы я займела вельмі дзіўную размову з мінскім рускамоўным пісьменнікам. Ён лічыў мяне асабіста прычынай сваёй невядомасці і непрызнанасці як у Беларусі, так і ва ўсім свеце.
Я вырашыла не выносіць з гэтай дзіўнай размовы персанальныя крыўды, а зрабіла з яе парадаксальную выснову. Нягледзячы на тое, што я і мае калегі-літаратары часта рызыкуем быць збітымі, калі гаворым па-беларуску на вуліцах Мінска (асабліва дзе-небудзь у спальным раёне), наша культурная пазіцыя — гэта пазіцыя сілы. Бо калі цябе лічаць эксплуататарам і чымсьці камусьці абавязаным, цябе прызнаюць гаспадаром сітуацыі.
І як гаспадар сітуацыі я ў чарговы раз мушу падтрымаць від, які вымірае.
***
Да Крыма я напісала б пра тое, што вайна паміж руска- і беларускамоўнымі пісьменнікамі ў Беларусі — перажытак дзевяностых. Што ўсе беларускія літаратары незалежна ад мовы творчасці — браты па няшчасці, а не канкурэнты.
Наша агульная праблема ў тым, што ў Беларусі няма свайго кніжнага рынку. Ён цалкам замешчаны кніжнай прадукцыяй Расіі. У асноўным — шырспажывам. У гэтым плане Беларусь — задворкі свету, які чытае па-руску.
У тым ліку і рускамоўныя аўтары з Беларусі, каб мець хоць нейкі шанец патрапіць да чытача на радзіме, мусяць прайсці праз буйныя расійскія выдавецтвы, якія дыктуюць свае ўмовы, уносяць у тэкст праўкі, што знішчаюць у ім усё жывое. Я называю расійскія выдавецтвы «ананімайзэрамі», бо іх рэдактары імкнуцца прыбраць з рэгіянальнага тэксту любыя згадкі пра месца дзеяння, калі гэта не Піцер ці Масква. Часам спрацоўвае — як у выпадку з Елізаравым, а часам аўтар проста губляе ідэнтычнасць, не набываючы наўзамен нічога, як, напрыклад, менш паспяховы Уладзімір Казлоў. Чытаючы яго «Гопнікаў», жыхары Магілёва са здзіўленнем пазнаюць родны горад у апісаннях, але тэкст адрэдагаваны так, каб чытачы па ўсім свеце ўбачылі ў ім гопнікаў з Уладзівастока, Екацярынбурга і нават з Брайтан-Біч. Цікава, што не так даўно Казлоў здзейсніў «нацыянальны камінаўт», заявіўшы, што заўсёды лічыў сябе беларускім пісьменнікам.
У пісьменнікаў, якія пішуць па-беларуску, у сілу спецыфікі, няма іншага выбару, апроч як друкавацца ў несамаакупляльных прыватных выдавецтвах за грошы культурных фондаў або на ўласныя сродкі. Можна яшчэ адстаяць пяцігадовую чаргу ў калапсуючыя без датацый дзяржаўныя выдавецтвы — але гэта калі ты не заўважаны ў актыўным выказванні сваёй грамадзянскай пазіцыі, што, пагадзіцеся, для пісьменніка амаль нерэальна. Працэс выдання кнігі беларускамоўным аўтарам доўгі, пакутлівы і прыніжальны. Але ў выніку крытычная маса выдадзеных твораў стварае своеасаблівую нішу, гэтакі востраў у моры Данцовых, і прыносіць аўтарам сімвалічны капітал. Аўтары, якія пішуць па-беларуску, больш-менш вядомыя чытачам (тым, хто яшчэ наогул чытае), яны прадстаўляюць краіну за мяжой, яны фармуюць літаратурны канон, з іх меркаваннем лічацца. Для літаратара такі капітал часцяком куды важней, чым капітал рэальны.
Рускамоўныя пісьменнікі адносна нядаўна перанялі гэтую схему. Ствараюцца выдавецтвы, якія заяўляюць, што іх стратэгія — выдаваць папулярную літаратуру пра Беларусь для беларусаў па-руску. Але, на жаль, поспехі гэтых выдавецтваў пакуль малапрыкметныя. Такая дзейнасць усё роўна не акупляецца ў дзесяцімільённай краіне з заканадаўствам, якое не дае выдаўцам ніякіх зніжак (ПДВ для кніжнай прадукцыі — 20%, як і на любы тавар. Для параўнання: у Расіі — 10%, у Швецыі — 6%).
***
Яшчэ адна агульная праблема літаратараў у Беларусі — гэта сама культурная сітуацыя, якая вынікае з палітыкі, што праводзілася ў саюзных рэспубліках з 1945 па 1991 гады. У выніку татальнай русіфікацыі, якая разгарнулася ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, літаратура ператварылася ў свайго роду бамбасховішча для мовы. Беларускую мову прыраўнялі да фальклору і прызначылі тым самым «нацыянальным зместам», у які варта было ўкладаць «сацыялістычны сэнс». Горкая праўда ў тым, што, калі б не воля Масквы, у мяккацелай БССР па-беларуску пісалі б адзінкі. Гэта значыць, менавіта дзякуючы сваёй дэкаратыўнай функцыі беларуская мова падтрымлівала існаванне і нават худа-бедна развівалася — літаратарамі. Праблемай стала тое, што ў савецкі перыяд практычна цалкам атрафавалася камунікатыўная функцыя беларускай мовы. Нават цяпер размаўляць па-беларуску ў масавай свядомасці азначае быць пісьменнікам (журналістам) або палітыкам правага сектара.
У спадчыну ад савецкіх продкаў сучасным беларускамоўным пісьменнікам дасталася місія захавальнікаў мовы, абаронцаў краіны ад татальнай русіфікацыі. Гэтая інэрцыя адчуваецца і цяпер, што, вядома ж, не спрыяе лёгкай інтэграцыі рускамоўных і беларускамоўных пісьменнікаў у Беларусі, паколькі другія часта бачаць у першых патэнцыйных агрэсараў, якія надзяцца адабраць тое адзінае, што ёсць у беларускамоўнай супольнасці — манаполію на творчасць. Парадаксальна, але факт: чым больш паспяхова будзе адбывацца адраджэнне беларускай мовы, тым імклівей будзе паляпшацца становішча рускамоўных беларускіх аўтараў.
***
Ёсць у рускамоўных літаратараў і тое, што адрознівае іх ад беларускамоўных. У тым ліку, ёсць рэчы, якім «писателям» варта павучыцца ў «пісьменнікаў».
Перш за ўсё, агульная бяда беларусаў — адсутнасць салідарнасці. Гэта датычыцца, напэўна, усяго асяроддзя беларускіх літаратараў, але па традыцыі, якая склалася ў дзевяностыя, беларускамоўная культурная супольнасць усё-такі больш кансалідаваная.
Асобныя рускамоўныя пісьменнікі Беларусі часта абвяшчаюць сябе дыскрымінаванай меншасцю, аднак пакуль нельга сказаць, што гэта пазіцыя нейкай больш-менш вялікай групы, якая самаарганізавалася і праводзіць сваю культурную палітыку. Часта пісьменнікаў, якія пішуць па-руску, не аб'ядноўвае нічога, акрамя мовы творчасці. Нават самавызначэнняў, корпаючыся ў прэсе, можна знайсці мінімум два: «рускі пісьменнік, які жыве ў Беларусі», «беларускі пісьменнік, які піша па-руску». Калі ласка, не пераблытайце: ёсць прынцыповая розніца.
Да таго ж, апошнія тэндэнцыі паказваюць: дзяленне па мове ўсё меней актуальна для беларускай культуры. У асяроддзі літаратараў, а асабліва маладых літаратараў, назіраецца хутчэй падзел па эстэтычным прынцыпе. Без выключэння ўсе актыўныя сёння літаратурныя ініцыятывы ўключаюць у сябе аўтараў, якія ствараюць на абедзвюх мовах — нават калі нейкая з моваў дамінуе (рускамоўная "Мінская школа», двухмоўны лэйбл «Пяршак» на 34mag.net, дзейнасць Саюза беларускіх пісьменнікаў).
Яшчэ адна праблема рускамоўных пісьменнікаў Беларусі ў тым, што грамадства — як расійскае, так і беларускае, — настойліва раіць ім вызначыцца: рускія яны пісьменнікі ці ўсё ж такі беларускія? Праблема нават не столькі ў мове творчасці, а ў тым, у чыёй ты пясочніцы. Выдаў ты кнігу ў Расіі ці Беларусі? Пра што і для каго ты ўвогуле пішаш?
Асабіста для мяне дваістае становішча нашых рускамоўных пісьменнікаў — гэта іх яскравая рыса. І калі пісьменніца Таццяна Заміроўская для мяне — частка «барысаўскага феномену», які таксама даў нам Юрыя Станкевіча і Алену Брава, то расійскі крытык можа параўнаць яе з блізкімі ёй па метадзе расійскімі аўтарамі. І мы абодва будзем мець рацыю.
***
Так ці інакш, зрабіла б я выснову ў тэксце, напісаным да Крыму, у Беларусі за апошнія дваццаць гадоў развіўся новы — грамадзянскі тып самасвядомасці. І нядзіўна, што паэты і пісьменнікі першымі гэта зразумелі, сфармулявалі і прапусцілі праз уласны вопыт. Моўная карціна ў літаратуры Беларусі менавіта цяпер актыўна змяняецца, і вельмі цікава назіраць за гэтымі зменамі.
Але вось здарыўся Крым, і мы — рускія, беларусы і ўкраінцы — сядзім у «Кавярні культуральнэй» на першым паверсе «пальца культуры», адчуваем на сабе ўвесь дэкаданс чатырнаццатага года, усю бездапаможнасць любой культурнай інтэграцыі перад малохам гісторыі. Ці хопіць нам, пісьменнікам Беларусі, мужнасці не падзяліцца, не напасці адзін на аднаго з надуманымі прэтэнзіямі, калі намі пачне дырыжыраваць нябачны Палец Культуры? Вось што я хацела б ведаць.
Рускамоўная версія артыкула — на сайце journalby.com