Прайсці свет з “ПрайдзіСветам”

27 мая адбылася знакавая падзея для ўсіх маладых беларускіх літаратараў, хто калі-кольвек спрабаваў перакладаць. Пабачыў свет інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет www.prajdzisvet.org, і з гэтай нагоды мела месца прэзентацыя першага нумару ў мінскім музеі Максіма Багдановіча.



5f2c22cb4a5380af7ca75622a6426917.jpg

27 мая адбылася знакавая падзея для ўсіх маладых беларускіх літаратараў, хто калі-кольвек спрабаваў перакладаць. Пабачыў свет інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет www.prajdzisvet.org, і з гэтай нагоды мела месца прэзентацыя першага нумару ў мінскім музеі Максіма Багдановіча.
  Месца прэзентацыі было абрана не выпадкова і таксама мела знакавы характар. Сёлета — своеасаблівы юбілей. 7 мая 1909 года ў газеце “Наша ніва быў надрукаваны першы пераклад, зроблены Багдановічам, якога беларускія творцы шануюць як аднаго з айцоў беларускага перакладу. “Гэтыя сцены для нас святыя, — зазначыў вядучы вечара, паэт і перакладчык Уладзь Лянкевіч.
Інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет — праект унікальны: у беларускім друку на дадзены момант не існуе НІВОДНАГА спецыялізаванага выдання, цалкам прысвечанага перакладам замежнай літаратуры на беларускую мову. Праект пачатку 1990-х — “Далягляды — сёння ўжо легенда, якую мала хто памятае. У Беларусі выдаецца часопіс “Всемирная литература, які друкуе пераклады твораў замежнай літаратуры на рускую мову (пры гэтым беларуская літаратура трактуецца выдаўцамі часопіса як замежная і з рознай ступенню паспяховасці русіфікуецца). “ПрайдзіСвет з нахабнасцю, уласцівай маладосці, прэтэндуе на тое, каб заняць гэтую важную нішу — беларускі перакладны часопіс. І падступна карыстаючыся тым, што кансерватыўныя літаратары старэйшага пакалення не вельмі абазнаныя ў інтэрнэт-грамаце, пазіцыянуе сябе як рэсурс маладых перакладчыкаў нефармальнай скіраванасці.
Пра нефармальную скіраванасць сведчыць і назва, якая выклікАла здзіўленне, а часам і абурэнне ў тых, хто яе ўпершыню чуў. Як можа такі амбітны праект мець такую прафанацыю ў якасці тытульнага слова? “А потым я падумаў: у Беларусі халерна шмат рэчаў ідыёцкіх рэчаў, якія робяцца з сур’ёзнымі тварамі пад сур’ёзнымі назвамі. І я сказаў сабе: чаму не? — прывітаў “ПрайдзіСвет філосаф Валянцін Акудовіч, куратар Беларускага Калегіюму. Менавіта ўдзельнікі Перакладніцкай Майстэрні пры Беларускім Калегіюме — ядро рэдакцыі новага часопісу. Гэта перакладчыкі Юлія Цімафеева (“дырэктар), Кацярына Маціеўская (рэдактар), Настасся Гводзева (аўтарка назвы), Наталля Козінцава (аглядальнік) Ганна Янкута, Алена Пятровіч, Уладзімір Лянкевіч, Паліна Маслянкова, Сярж Мядзведзеў (праграміст сайту і вэб-майстар), Вольга Караблёва (дызайнерка).

vanna.jpg

Нефармальнасць “ПрайдзіСвету палягае і ў яго канцэпцыі. Гэта адначасова і сайт, прысвечаны мастацкаму перакладу, які змяшчае навіны пра беларускі літаратурна-перакладніцкі працэс, агляды галоўных замежных літпрэмій ды іншую карысную інфармацыю, і магчымасць для перакладчыкаў абмеркаваць свае праблемы ў віртуальнай майстэрні — на форуме, і электронная бібліятэка, якая будзе захоўваць у адлічбаваным выглядзе рарытэтныя на сёння пераклады замежнай літаратуры на беларускую мову — і ўласна інтэрнэт-часопіс. Кожны нумар будзе мець уласную тэму. На сайце www.prajdzisvet.org  вы знойдзеце  першы нумар, умоўная тэма якога — “Сучаснасць, — пераклады на беларускую мову твораў чатырнаццаці аўтараў з сямі моваў, інтэрв’ю з пісьменнікамі Чарльзам Букоўскім і Сяргіем Жаданом, майстар-клас з перакладчыкам Васілём Сёмухам, а таксама апытанні і тэсты.
Анансаваная перыядычнасць часопіса – раз на тры месяцы.
Падчас прэзентацыі ў музеі Багдановіча не было сумна нагэтулькі, што захопленыя ўдзельнікі без ценю сціпласці абвясцілі яе “найлепшай імпрэзай сезона. Адкрываў вечар міні-спектакль ад “Крывога тэатру — вялізная лялька, кіраваная лялькаводамі, увасобіла пакуты творчасці літаратара-перакладчыка. Але асноўным упрыгожаннем сталі мастацкія пераклады — і іх класнае чытанне ды спяванне. Па-новаму заззяла зорка паэта Віталя Рыжкова, які агучыў уласныя пераклады вершаў амерыканскіх слэмераў гэтак, як тое робяць самі амерыканскія слэмеры, чытаў вершы “амерыканскага брытанца Уінстана Х’ю Одэна ды “ўкраінскага амерыканца Сяргія Жадана па-беларуску. Юлія Цімафеева прачытала пераклады сучаснага амерыканскага паэта Мэцью Дзікмана, Марыя Мартысевіч — польскага паэта першай паловы ХХ стагоддзя Баляслава Лесьмяна, Ганна Янкута — жывога класіка нідэрландскай паэзіі Ар’ена Дэйнкера. Спяваў малады бард Раман Абрамчук. Цвіком жа вечара стаў кіраўнік Перакладніцкай Майстэрні Андрэй Хадановіч. Істотна разрадзіў атмасферу конкурс “Лімерык пра прайдзісвета, праведзены Палінай Маслянковай, а ў якасці прыемнай неспадзяванкі паэт-праграміст Сярж Мядзведзеў прачытаў экспромтны рэп на тэму “Як я ствараў сайт.


Ілюстрацыі да часопіса "ПрайдзіСьвет". Малюнкі Вольгі Караблёвай


Што ж, гартаем, ацэньваем новы часопіс, робім заўвагі што да структуры і зручнасці карыстання, рэгіструемся ды пакідаем аўтарам і перакладчыкам каментары, і — галоўнае — далучаемся да праекту з цікавымі ідэямі і тэкстамі. Прынамсі, калі верыць усяму, што прагучала на вечарыне 27 мая, — “ПрайдзіСвет створаны найперш для гэтага.