Што скраў Дэн Браўн у Міхаіла Анікіна
Нядаўна Мінск наведаў старэйшы навуковы супрацоўнік піцерскага Эрмітажа, спецыяліст па творчасці Леанарда да Вінчы, мастак і літаратар прафесар Міхаіл Анікін. Цікаўнасць да творчасці
Леанарда зрабіла Анікіна ўніверсальным чалавекам.
(На здымку: Міхаіл Анікін (стаіць у цэнтры) з жонкай (сядзіць пры стале другая злева) у Аддзеле старабеларускага мастацтва
Нацыянальнага мастацкага музея)
Нядаўна Мінск наведаў старэйшы навуковы супрацоўнік піцерскага Эрмітажа, спецыяліст па творчасці Леанарда да Вінчы, мастак і літаратар прафесар Міхаіл Анікін. Цікаўнасць да творчасці Леанарда зрабіла Анікіна ўніверсальным чалавекам.
(На здымку: Міхаіл Анікін (стаіць у цэнтры) з жонкай (сядзіць пры стале другая злева) у Аддзеле старабеларускага мастацтва
Нацыянальнага мастацкага музея)
Сярод літаратуразнаўцаў Міхаіл Анікін вядомы тым, што метадамі структурна-статыстычнага аналізу тэкстаў ён ставіць пад сумнеў аўтарства Міхаіла Шолахава ў дачыненні да большасці ягоных класічных
твораў. Строгае навуковае даследаванне даводзіць: нобелеўскі «Ціхі Дон» відавочна напісаны Аляксандрам Серафімовічам, які, да таго ж, быў бацькам або дзядзькам Шолахава. Апошні
спатрэбіўся Серафімовічу як падстаўны аўтар з беззаганным рабоча-сялянскім паходжаннем, каб абысці перашкоды камуністычнай цэнзуры. Гутарка журналіста «НЧ» Аляксея Хадыкі з
прафесарам Міхаілам Анікіным пачалася з яшчэ аднаго сенсацыйнага факту яго біяграфіі.
— Міхаіл Аляксандравіч, ваша імя вядомае многім у сувязі са скандальным раманам Дэна Браўна «Код да Вінчы»? У чым сутнасць «скандалу з
плагіятам»?
— Усё вельмі проста. Яшчэ 14 кастрычніка 1987 года на пасяджэнні аддзела заходнееўрапейскага мастацтва Эрмітажа (дакладнасць даты вызначана пратаколам) я выклаў вынікі свайго даследавання і
інтэрпрэтацыі ці не самага знакамітага твора сусветнага мастацтва — «Джаконды» Леанарда. Сутнасць ідэі ў тым, што вялікі мастак стварыў закадаваную алегорыю хрысціянскай
царквы: левая частка антрапаморфнай выявы сыходзіць з архетыповага вобразу Маці Божай, правая — Хрыста. Царква — збіральны вобраз чалавецтва, карціна аб’ядноўвае сімвалы
мужчынскага і жаночага пачаткаў. Ужо тады ў дыскусіі з калегамі нарадзілася назва мастацкага феномену — «код да Вінчы». У 2000 годзе я выклаў свае ідэі ў
навукова-папулярнай кнізе «Леонардо да Винчи, или Богословие в красках». Між тым, у 1998 годзе пры падрыхтоўцы ў Эрмітажы выставы сюррэаліста Рэнэ Магрыта ў Пецярбург прыехала група
амерыканскіх даследчыкаў і спецыялістаў, з адным з якіх, дызайнерам і фотамастаком Уільямам Стэнам, я даволі рэгулярна сустракаўся цягам двух тыдняў. Ён рабіў уражанне зацікаўленага і прыстойнага
чалавека, вельмі ўважліва выслухаў маю сенсацыйную тэорыю. І на заканчэнне папрасіў падзяліцца ёю са сваім сябрам, журналістам Дэнам Браўнам. Я нават даў згоду на магчымае выкарыстанне сюжэта пры
адзінай умове — спасылцы на аўтара. Якім жа было маё здзіўленне, калі ў 2003 годзе, прачытаўшы свежы бестселер Браўна, я даведаўся, што ён заснаваны «на агульнавядомых тэорыях, якія
выказваюць мастацтвазнаўцы»! Гэтым справа не скончылася — мае ж канцэпцыі, зноў без спасылкі, Дэн Браўн выкарыстаў у дзвюх іншых творах — «Лічбавай
крэпасці» і «Анёлах і дэманах». Праўда, мае звароты ў Генпракуратуру Расіі і амерыканскі суд з мэтай пакараць плагіятара пакуль не далі вынікаў. Так, у пачатку 2008 года
экспертыза Мастацкага інстытута Чыкага прызнала запазычанне Дэнам Браўнам маіх сюжэтаў. Але казус у тым, што аўтарскае права пераважна не ахоўвае ідэі, метады і канцэпцыі, а засяроджваецца на форме.
Такім чынам, факт плагіяту ў літаратуры можа быць прызнаны судом толькі ў выпадку непасрэднага даслоўнага крадзяжу тэкстаў.
— Скажыце, а ці вы самі спрабуеце рэалізаваць сябе як літаратар ці мастак?
— Так, я друкую вершы з 1969 года, а з 1993-га выйшлі некалькі маіх паэтычных зборнікаў (адзін з першых — «Свете Тихий»). Я таксама рэдагую альманах
«Петербургские строфы». Ды і захапленне жывапісам мне не чужое — я пішу ў асноўным тэмперай. У Літве ў перакладзе на літоўскую мову выйшаў мой «Русский роман, или
повесть о новом Дон Кихоте…», які хутка надрукуюць таксама ў Балгарыі. У Расіі выдаўцоў я пакуль не знайшоў, магчыма, не ўсім падабаюцца некаторыя «вострыя» месцы
тэксту.
— Працуючы ў Эрмітажы, ці спрабавалі вы арганізаваць выставачны абмен з Беларуссю?
— Справа арганізацыі сур’ёзных вялікіх выстаў даволі складаная і асабліва моцна залежная ў наш час ад адпаведнага фінансавання. Нават у Эрмітажы сур’ёзныя выставы
адбываюцца не вельмі часта. Маю нагоду запрасіць беларусаў наведаць Пецярбург у сувязі з сапраўднай «выставай дзесяцігоддзя», якая праходзіць у нас да 29 мая. Упершыню пасля сваёй
грамадзянскай вайны 1936–1939 гадоў іспанцы, а менавіта музей Прада, які звычайна не экспануе свае шэдэўры за мяжой, прывезлі ў Піцер 66 самых выдатных палотнаў. Прычым гэта не толькі лепшыя
творы Веласкеса, Рыберы, Сурбарана, роўных якім няма ў ніводным еўрапейскім музеі, але і выключнай якасці карціны іншых мастацкіх школ Еўропы. Што датычыцца так званых «палонікаў»,
твораў, якія паўсталі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, то ў Эрмітажы ў маім аддзеле іх 56, а ў іншых — 13, агулам — 69. Безумоўна, ёсць таксама і творы заходнееўрапейскага жывапісу,
якія трапілі ў Пецярбург з Беларусі ў XVIII–ХХ стагоддзях. Пару гадоў таму дырэктар Эрмітажа выказваўся за тое, каб некалькі лепшых адрэстаўраваных «палонікаў» вывезці на
выставу ў Нацыянальны мастацкі музей у Мінск, але справа затармазілася з-за адсутнасці фінансавання.
— Ці не маглі б Вы назваць які-небудзь з найбольш цікавых твораў сярод «палонікаў»?
— У мяне хутка выходзіць чарговая кніга, прысвечаная адлюстраванню архетыповых сюжэтаў у мастацтве. Дык вось, адна з «гераіняў» кнігі — карціна 1664 года Даніеля
Шульца, якую раней разглядалі або як партрэт Міхаіла Казіміра Радзівіла з сынамі, або як адлюстраванне сям’і татарскага мурзы. Улічваючы складаны шэраг прадметаў-сімвалаў у гэтай выяве, я
лічу карціну карыкатурай на Багдана Хмяльніцкага — асобу, якую ў Беларусі шчыра ненавідзелі. Варта прыгадаць іншую карыкатуру на яго — гравіраваную выяву Хмяльніцкага з казлінымі
рагамі, выкананую па замове Януша Радзівіла Абрахамам ван Вестэрфельдам. Яе прыстойны двайнік, без рагоў, які ўручылі Хмяльніцкаму падчас перамоваў з мэтай спынення вайны, усе добра ведаюць са
школьных падручнікаў гісторыі.
Карыкатура на Багдана Хмяльніцкага
— Вы рэгулярна бываеце ў Беларусі, тры гады таму выступалі на канферэнцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі з дакладам па творчасці Леанарда. Вас нешта звязвае з нашай краінай,
апрача навуковых зацікаўленняў?
— Мая жонка, з якой я прыехаў і зараз, філолаг-багеміст, прафесар Піцерскага ўніверсітэта, напалову беларуска. Яна паходзіць па маці з сям’і Жукоўскіх. Апрача таго, у яе ў Беларусі
з 1975 года жыве і працуе ў Бярэзінскім запаведніку дзядзька — прафесійны ляснік і выключны мастак-пейзажыст. Я б сказаў пра яго — нацыянальнае дастаянне Беларусі, якое ў вас кепска
выкарыстоўваюць. Анатоль Віктаравіч Бухаркін, на чыё 83-годдзе мы і прыязджалі, папраўдзе, прынцыповы затворнік, ён ніколі не ўступаў ні ў адзін мастацкі саюз і выстаўляе свае творы вельмі неахвотна.
Але б я раіў вам зацікавіцца гэтай неардынарнай асобай і выдатным мастаком.
P.S.: Сустрэча з Міхаілам Анікіным была нядоўгай: мы завіталі ў Нацыянальны мастацкі музей, дзе госцю з Піцера перадалі зборнік артыкулаў канферэнцыі ў Мінску з яго публікацыяй, а пазней наведалі
галерэю і кнігарню «Ў». Магчыма, у выніку гэтага візіту ўдасца наладзіць абмен выставамі з мастакамі Пецярбурга. А таксама ў гутарцы з кнігавыдаўцом Ігарам Логвінавым была выказана
прапанова перакласці па-беларуску і выдаць «Рускі раман» Анікіна. Пры ўмове, калі знойдуцца сродкі.