Святло і фарбы старых абразоў

24 красавіка ва ўрачыстай атмасферы ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося адкрыццё выставы рускай і беларускай іконы «Святыя заступнікі ў праваслаўным іконапісе». На прыступках музея бомкалі званочкі невялікай пераноснай званічкі, чырвоны дыван пафасна чакаў ганаровых гасцей. Падзея прысвячалася 75-годдзю Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта і 32-годдзю яго служэння ў Беларусі. За апошнія гады – гэта трэцяя буйная абменная выстава рускага і беларускага сакральнага мастацтва з калекцый Яраслаўля і Мінска ў нацыянальным музеі.



e139c454239bfde741e893edb46a06cc.jpg

24 красавіка ва ўрачыстай атмасферы ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося адкрыццё выставы рускай і беларускай іконы «Святыя заступнікі ў праваслаўным іконапісе». На прыступках музея бомкалі званочкі невялікай пераноснай званічкі, чырвоны дыван пафасна чакаў ганаровых гасцей. Падзея прысвячалася 75-годдзю Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта і 32-годдзю яго служэння ў Беларусі. За апошнія гады – гэта трэцяя буйная абменная выстава рускага і беларускага сакральнага мастацтва з калекцый Яраслаўля і Мінска ў нацыянальным музеі.
Прадзед Мітрапаліта Іван Аляксандравіч Вахрамееў (1843-1908), гарадскі галава ў Яраслаўлі, у свой час зрабіў значны ўнёсак у выратаванне і вывучэнне помнікаў яраслаўскага іканапісу і архітэктуры. На яго ахвяраванні рэстаўравалася яраслаўская царква Іллі Прарока XVII ст., ён спрыяў збіранню экспанатаў першага яраслаўскага царкоўна-археалагічнага музея-сховішча старажытнасцяў. Добрая памяць аб ім у Яраслаўлі паспрыяла арганізацыі выстаўкі ікон з фондаў Яраслаўскага мастацкага музея ў беларускай сталіцы. Частка з 33 абразоў XVI–XIX стагоддзяў, прадстаўленых у мінскіх залах да 24 ліпеня бягучага года, была вядомая непасрэдна Івану Аляксандравічу.
Тэматычным стрыжнем, які яднае экспазіцыю, з’яўляецца шэраг твораў, звязаных з іканаграфіяй найбольш шанаваных у праваслаўным свеце свяціцеляў, архібіскупаў Міколы Мірлікійскага і Яна Златавуснага. І хаця ў калекцыі яраслаўскага музея сярод 2000 тысячаў твораў ёсць і больш старажытныя, пачынаючы з ХІІІ ст., бясспрэчныя шэдэўры адносяцца да XVII ст., калі разам з эканамічным росквітам Яраслаўля, другога па значнасці горада пасля Масквы, у той час, расквітнела і яго мастацкая школа. Узвышанасць мастацкіх вобразаў на іконах у гэты час вызваляецца ад залішняй сухасці і ўмоўнасці, дапаўняецца вытанчанасцю і далікатнасцю, нават мяккасцю малюнка і свежасцю жывой яскравай палітры гучных, часам кантрастных колераў. Багацце купецкага горада, пэўны час другога пасля Масквы, надае яго мастацтву тую жыццядайнасць і прасветленасць, якая вызначала культуру вялікіх гандлёвых гарадоў часу іх росквіту ў розных хрысціянскіх краінах – што Венецыі ў Італіі, што Магілёва ў ВКЛ.

Для беларуса яраслаўскія абразы цікавыя тым, што рэдка сустракаецца ў нашым сакральным жывапісе – падрабязнай апавядальнасцю, закладзенай ў мініяцюрныя малюнкі жыційных клеймаў – эпізодаў гісторыі святых. Св. Мікола, святочны Санта Клаус Еўропы, аднолькава папулярны ў заходнім і ўсходнім хрысціянстве. Таму і на Захадзе, і на Усходзе святкуюцца і “Мікола зімовы, на ўспамін пра дзень яго смерці 6 снежня, і “Мікола веснавы. 9 мая 1087 г. мошчы св. Мікалая прыбылі ў італьянскі горад Бары, і насуперак расколу, які падзяліў тады хрысціянскі свет паміж Рымам і Канстанцінопалем, гэты дзень адзначаюць усе. Бо італьянскія маракі забралі агульную святыню ад туркаў, якія захапілі Лікію і Міры, месца першаснага спачыну св. Мікалая. Эпізоды з класічнай агіяграфіі святога, сабраныя Сымонам Метафрастам  і іншымі старагрэцкімі аўтарамі, пераказваліся і ў Рэчы Паспалітай Пятром Скаргам, і на Маскоўскай Русі мітрапалітам Макарыям і Дзмітрыем Растоўскім. Яны поўняцца папулярнымі эпізодамі цудаў  – ад выратавання трох дзяўчат з беднай сям’і ад прымусу бацькам да заняткаў старажытнай прафесіяй, ад ажыўлення трох падлеткаў, брутальна забітых і засоленых карчмаром у кадцы падчас голаду, да папулярнай мясцовай кіеўскай гісторыі, дзе ўпушчанага маці ў Дняпро немаўля абараніла ікона св. Мікалая з Сафійскага сабора. Так святы рабіўся апекуном самых разнастайных груп – дзяўчат і малых дзяцей, школьнікаў і падарожнікаў, маракоў і сялян. У беларускіх землях культ св. Міколы – самы пашыраны пасля шанавання Багародзіцы, нездарма самыя старажытныя храмы сталічнай Вільні, каталіцкі і праваслаўны, высвячаныя ў яго імя. У рускіх ён выявіўся ў пашырэнні мясцовых цудоўных абразоў – св.Міколы Зарайскага, св. Міколы Мажайскага, рэплікі якіх прадстаўлены на выставе.

Св. Мікола


Другі святы, вобразы якога фармуюць экспазіцыю, –  Ян Златавусны (каля 350-407), адзін з трох вялікіх свяціцеляў, разам са святымі Рыгорам Багасловам і Васілём; стваральнік чыну літургіі, што дагэтуль служыцца ў храмах. Выявы святых, слупоў сучаснай праваслаўнай духоўнасці, прыцягнуць у музей не толькі аматараў высокага мастацтва, але і вернікаў. Бо ў экспанаваных  творах увасобіліся не толькі эстэтычныя ідэалы і пачуццё прыгажосці, але і святло веры пакаленняў двух суседніх народаў.

Св. Ян Златавусны


Пра зусім свецкі аспект, звязаны з арганізацыяй падзеі, паведаміла “НЧ кіраўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Алена Карпенка. Даўнія творы патрабуюць далікатнага абыходжання і дарагой рэстаўрацыі. Выстава дапамагла прыцягнуць да дзейнасці музея мецэнатаў-спонсараў, дзякуючы якім аднаўляюцца, у прыватнасці, абразы з трох’яруснага іканастаса грэка-каталіцкіх часоў (1732-1733 гг.) Успенскага сабора, перліны беларускай духоўнасці Жыровіцкага манастыра. 7 абразоў з сабора перададзеныя ў музей пры непасрэдным спрыянні Мітрапаліта Філарэта, а адзін – “Прарокі Ісайя і Ярэмія, уключаны ў выставу побач з яшчэ некалькімі беларускімі іконамі. Велічныя вобразы, выкананыя ўжо ў стылістыцы еўрапейскага рэалістычнага жывапісу барока, нясуць адбітак даўняй традыцыі – тэксты іх прароцтваў пра Хрыста на світках у руках святых напісаны па-царкоўнаславянску.
На адкрыцці выставы прагучалі прыгожыя словы пра хрысціянскае духоўнае адзінства Расіі і Беларусі, культурнае сяброўства, узаемадапамогу. Прамаўлялі амбасадар Расіі Аляксандр Сурыкаў, міністр культуры Беларусі Павал Латушка, сам Уладыка Філарэт, да якога прысутныя звярталіся з юбілейнымі віншаваннямі. З галерэі музея хор грымнуў “Многія лета. Пафас падзеі апраўдальны: культура нясе нашым краінам і грамадствам, далёкім у сваіх стасунках ад гармоніі і спакою, мір і ўзаемапаразуменне.