«У карцінах Шагала ёсьць нешта такое шчымлівае, што зразумелае ўсім беларус-к-ам у выгнаньні…»
Беларуская эміграцыя пачалася не ў 2020-м, і шмат таленавітых беларусаў з’ехалі з краіны раней. І дамагліся поспеху на чужыне, але не перарываюць сувязь з Беларусьсю. Сувязь, найперш, духоўную. У бэльгійскай перакладніцкай рэзыдэнцыі мы сустрэліся з бэльгійскай ілюстратаркай, мастачкай і пісьменьніцай Дзінай Мельнікавай. Якая ўвесь час падкрэслівае, што яна «беларускага паходжаньня».
— Дзіна, распавядзі крыху пра сябе.
— Я — ілюстратарка, мастачка і да нядаўняга часу настаўніца мастацтва. І ў душы я застаюся настаўніцай. Я думаю, калі мы хоць крыху калі-небудзь настаўнічалі, то застаемся настаўнікамі на ўсё жыцьцё. Хаця галоўным чынам я перадусім ілюстратарка. А таксама я пішу, але пакуль язык мой не паварочваецца сказаць, што я — пісьменьніца. Я яшчэ йду да гэтага. Я атрымала адукацыю ў Каралеўскай Акадэміі прыгожага мастацтва ў Брусэлі, дыплём «ілюстрацыя і графічны раман». Гэта тое, што па-француску называецца bande dessinée. У нас гэта часта перакладаецца, як комікс, але гэта не зусім дакладна. Я ня вельмі люблю панятак «комікс», гэта нас адразу пераносіць у ЗША, у сьвет чалавека-павука і супэргерояў, тады як у нас у Эўропе ёсьць свая традыцыя — графічны раман.
Па заканчэньні Акадэміі прыгожага мастацтва я вяла заняткі практычнага мастацтва ў мастацкай школе. Але з 2024 году я вырашыла цалкам прысьвяціць сябе ілюстрацыі і кнігам, бо стала цяжка спалучаць выкладаньне і творчасьць. І потым я пачала атрымліваць замовы, пачала думаць пра свае ўласныя праекты. У выніку я дазволіла сабе быць мастачкай на поўную стаўку. Сымбалічна так удала супала, што сваю мастацкую кар’еру я пачала зь вядомай пісьменьніцкай рэзыдэнцыі ў Сэнэфе (гэта ў Валёніі, у Бэльгіі), мяне прынялі і запрасілі ня проста як ілюстратарку, але і як пісьменьніцу.
— Ты — бэльгійская падданая. У інфармацыі пра цябе можна прачытаць: Дзіна Мельнікава, бэльгійская мастачка, ілюстратарка, пісьменьніца. І часта дадаецца прыдатак: «родам зь Беларусі». Распавядзі, калі ласка, пра сваю сувязь зь Беларусьсю.
— Тут шмат складнікаў, якія варта агучыць: з аднаго боку, Бэльгія, асабліва Брусэль, — вельмі шматнацыянальнае, шматкультурнае места зь людзьмі зь вельмі розным культурным бэкграўндам, і гэта добра ўспрымаецца, як нешта багатае, цікавае, што прыносіць нешта новае. І гэта таксама паўплывала на мяне, як на мастачку. Зь іншаша боку, да дваццаці аднаго году я жыла ў Беларусі. Больш за 12 год я жыву ў Бэльгіі. Але я фармавалася ў Беларусі, таму мой беларускі досьвед вельмі моцна ўплывае на мяне, на тое, што я раблю, малюю. Нават калі я вельмі добра інтэграваная ў Бэльгіі, мае карані — у Беларусі. І я ніколі не хавала сваіх каранёў, я заўсёды іх падкрэсьліваю, у аўтабіяграфіях я заўсёды пішу, што я родам зь Беларусі — гэта частка маёй ідэнтычнасьці, нават калі домам я лічу Бэльгію.
Я нарадзілася ў Баранавічах, але не пражыла там і пару месяцаў, як бацькі пераехалі ў Менск. Менск — гэта мае роднае месца, там я пражыла ўсё маладое жыцьцё да пераезду ў Бэльгію. У Баранавічы я часта вяраталася на вакацыі, каб адведаць бабулю і дзядулю. Большую частку вакацыяў праводзіла зь імі, асабліва калі была маленькай, бо маці навучалася завочна, складала іспыты і часта пакідала мяне ў сваіх бацькоў. Там я праводзіла шмат часу на прыродзе. І гэта моцна паўплывала на мяне, на тое, што я расказваю цяпер у сваіх кнігах. Напрыклад, беларуская прырода, яна — чароўная, цудоўная, тут такой няма, яна моцна і неяк настальгійна ўплывае на мяне, на тое, аб чым я пішу і малюю.
— Пяройдзем да тваёй прафэсійнай сфэры. Раскажы, калі ласка, у якой манеры, у якім стылі, як ты працуеш?
— Мне складана сказаць «манера». Часта кажуць, што мастакі і пісьменьнікі заўсёды расказваюць, ствараюць адную і туж ж гісторыю, адное і тое ж. І мне, падаецца, гэта важна. Калі я навучалася ў Акадэміі, выкладнікі мне заўсёды казалі: «Табе трэба распавядаць гісторыі, якія жывуць у табе», а я тады не разумела іх, бо думала, што трэба прыдумаць нешта важнае, іншароднае. І ў мяне спачатку ня ўсё атрымлівалася. А калі я пачала расказваць, маляваць пэўныя перажываньні, успаміны, чульлівыя тонкасьці, тое, што я адчуваю, у мяне пачалі атрымлівацца мае кнігі, яны сталі цікавыя. Таму тое, што я расказваю ў кнігах, гэта заўсёды тое, што круціцца вакол успамінаў пра дзяцінства, настальгіі, якая пранізвае тэксты і ілюстрацыі. І гэта вельмі тонкае, паэтычнае адчуваньне настальгіі. Я вельмі люблю зьвяртаць увагу на паўсядзённыя дробязі, на тое, што многія могуць не заўважаць — дэталі, якія прыносяць многа цяпла, душэўнасьці і шчасьця, і адкрываюць новы сьвет, напрыклад, я шмат працую з тэмай лішайнікаў. Я многа назіраю за імі і малюю іх, чытаю пра іх. У мяне ячшэ не выйшла кнігі пра іх, але, спадзяюся, калі-небудзь зьявіцца. Я здаўна цікаўлюся лішайнікамі, вядома, многія ведаюць плюс-мінус, што гэта такое, але большасьць праходзіць міма іх і ня ведаюць дакладна, што гэта: грыб, расьліна… А, насамрэч, гэта вельмі складаны арганізм. І такія рэчы мяне цікавяць: у іх ёсьць тонкасьць, душэўнасьць, уразьлівасьць, мне складана патлумачыць, часам гэта вельмі абстрактна. У сваіх праектах я часта даю сабе волю проста быць, расказваць тое, што душа мне распавядае і выліваць гэта на паперу ў выглядзе словаў, тэкстаў, малюнкаў, і потым яно само мяне кудысьці вядзе магічным чынам, калі я давяраюся гэтаму.
— Ты ня проста мастачка ў клясычным сэнсе, ты — артыстка, ты шмат працуеш на сумежжы розных відаў мастацтва і мастацкіх практыкаў. Я бачыў, напрыклад, твае працы на аснове пакецікаў гарбаты. Раскажы пра сваю міждысцыплінарную дзейнасьць.
— Я — ілюстратарка, але, насамрэч, у наш час — 2024-2025 гады — вельмі рэдка сустракаюцца маста-ч-кі, якія вельмі строга займаюцца толькі адным відам мастацкай практыкі, дзейнасьці, гэта хутчэй рэдкасьць. Сяньня маста-ч-кі працуюць мультыдысцыплінарна. Я якраз склала сьпіс розных тэхнікаў, зь якімі я працую. Насамрэч, я вельмі люблю працаваць у розных тэхніках і з рознымі праектамі, гэта дае мне сілы. Напрыклад, у шэраг маіх праектаў уваходзіць пісаньне кнігаў (гэта марудны працэс), ілюстрацыі на замову, графічны дызайн, які вельмі цікавы мне, муралы ці фрэскі — своеасаблівыя ілюстрацыі вялікага фармату. У пэўны момант я навучылася анімацыі. Я раблю міні-анімацыі зь ілюстрацыяў. А таксама асабістыя мастацкія экспэрымэнты, напрыклад, з пакецікаў гарбаты. Гэта вышыўка, то бок сэрыя вышывак на тэму «недасканаласьці скуры», тое, што прынята называць недасканаласьцю. Я вышываю так, быццам гэта кавалачкі скуры з сьлядамі ад акнэ, вугроў, ад расьцяжак скуры, ад шнараў. У рамках гэтага праекту з вышыўкамі я вышывала на пакеціках гарбаты, бо яны давалі надзвычай цікавую тэкстуру. Я займаюся гравюрай. Займалася керамікай, цяпер усё менш і менш. І прыгэтым усім я застаюся ілюстратаркай. Ува ўсіх тэхніках, якімі я займалася і займаюся ёсьць сьлед ілюстрацыі ў сэнсе больш экспэрымэнтальным, сучасным, мультыдысцыплінарным. Спэцыфікай ілюстрацыі ёсьць ейны апавядальны характар, якраз ува ўсіх маіх тэхніках прысутнчае (р)апавяданьне.
— Дзіна, для каго ты пішаш, ствараеш кнігі? Хто твая чытацкая публіка?
— Вельмі часта ілюстратар-к-ам кнігаў трэба заносіць сябе ў нейкія рамкі і выбіраць публіку. Мне пашанцавала і ня трэба было так рабіць, бо мая выдаўца вельмі любіць экспэрымэнтальныя формы кнігаў і больш верыць у праект, чым у пэўную публіку. На жаль, у сьвеце кнігарняў і бібліятэкаў ёсьць адзьдзелы, кнігу трэба кудысьці ставіць, у якісьці адзьдзел. У маіх апублікаваных кнігаў ёсьць публіка з узроставай пазнакай, але я нават ня памятаю якая, для мяне гэта зусім няважна. Усе мае кнігі, асаблівая мая першая аўтарская кніга «Soirée d’été» (Летні вечар), дзе ёсьць і мой тэкст, і мае ілюстрацыі, яна для ўсёй публікі, хаця фармальна яна выглядае, як кніга для дзяцей. Бо ў ёй мала тэксту і шмат ілюстрацыяў. Звычайна такія кнігі нібыты пішуцца для дзяцей, таму яе клясыфікуюць, як дзіцячая. І дзеці яе прымаюць, калі чытаюць разам з бацькамі, яны разумеюць гісторыі па-свойму, бо тэкст у ёй вельмі паэтычны, у ім няма разьвіцьця сюжэту, гэта паэтычны тэкст з ноткамі настальгіі, а ілюстрацыі ня проста ілюструюць, а распавядаюць нешта дадатковае, яны йдуць паралельна, што дадаткова ўзбагачае кнігу. Гэта тое, што па-француску называецца livre d’artiste, то бок аўтарская кніга, створаная артысткай-ам, кніга-аб’ект, своеасаблівы твор мастацтва, дзе апрача гісторыі і ілюстрацыяў важныя дыхтоўная вокладка, папера. Такія кнігі складана клясыфікаваць. І я лічу, што кнігі ня трэба заносіць у нейкія катэгорыі, бо нават добрая клясычная дзіцячая кніга будзе расказваць нешта новае і цікавае дарослым, добрыя г.зв «дзіцячыя кнігі» хаваюць у сабе некалькт слаёў, пасланьняў: адно для дзяцей, іншае для дарослых. Такія сапраўдныя кнігі ўнівэрсальныя і разьлічаныя на ўсе ўзроставыя катэгорыі. Мне шанцуе, мяне ніколі не абмяжоўвалі рамкамі ўзросту публікі.
— Над чым ты працуеш цяпер?
— Якраз цяпер я працую над графічным раманам (ні ў якім разе не назаву гэта коміксам), дакладней графічнай аповесьцю, якую пішу ў супрацы з сваёй сяброўкай, якая напісала тэкст, а я малюю візуальную частку. Гэтая кніга пра рэальнасьць экспаткі (экспатрыяткі), якая адведвае дом і сям’ю, як яна сябе адчувае, пра журбу і аддаленьне ад родных, а таксама пра гордасьць выбудовы жыцьця ў краіне свайго выбару. Пра шматграннасьць адносінаў, якія выбудоўваюцца на адлегласьці з радзімай, з сям’ёй, якая засталася там, з домам дзяцінства, які больш такім не зьяўляецца. І гэтая шматграннасьць, комлекснасьць і складанасьць адчуваньняў калега расказвае ў тэксьце, апісваючы сваю паездку ў родную Італію, мне гэта вельмі знаёма, зразумела, гэта сьціскае мне сэрца, таму мы працуем разам. У ілюстрацыях я не паўтараю гісторыі, а пашыраю нарацыю візуальным шляхам, каб даць адчуваньні эмоцыяў, якія яна зьведала. Даты выхаду кнігі яшчэ няма, але спадзяемся хутка. Вядома, такая кніга ня зойдзе пяцігадовым дзецям, кніга будзе большая па фармаце — тоўсьценькая, таму разьлічаная яна на падлеткаў і дарослых.
— Як ты пачуваешся ў Бэльгіі?
— Я вельмі люблю Бэльгію. Гэта мой дом. Мне вельмі блізкая мультыкультурная атмасфэра краіны, што моцна ўплывае на тое, што ў людзей адкрытыя погляды на жыцьцё, смага жыцьця, кур’ёзнасьць, шчыры інтарэс да ўсяго новага, іншага. У першыя гады майго жыцьця ў Бэльгіі я вучылася крытычнаму мысьленьню, якому нас мала вучылі ў Беларусі. Мяне натхняе наколькі бэльгі актыўна заангажаваныя ў розныя публічныя справы, змагаюцца за свае інтарэсы. Гэтая заангажаванасьць, рух, адкрытасьць поглядаў матывуюць мяне. Да ўсяго я вельмі люблю францускую мову, заўсёды хацела яе вывучыць, таму досыць хутка я рэалізавала мару і, падаецца, ужо даўно думаю па-француску.
— Ці захавалася ў цябе сувязь зь Беларусьсю?
— Я зусім не кантактую зь беларусамі Бэльгіі. Але захоўваю сувязь зь беларусамі, раскіданымі па сьвеце, асабліва пасьля 2020 году. Таксама і мае родныя і сябры збольшага зьехалі зь Беларусі, таму цяпер мае сэрца зьвязанае не з канкрэтнымі беларус-к-амі на радзіме, а ў цэлым з радзімай. Я б дадала, што 2020 год умацаваў маю сувязь зь Беларусьсю, я вельмі ганарылася беларусамі, асабліва беларускамі, якія выходзілі і супрацьстаялі паўсюднаму гвалту. Калі да 2020 году мая сувязь зь Беларусьсю была выключна на роўні сям’і, сяброў, то цяпер я адчуваю сувязь на глябальным, нацыянальным роўні. Я душэўна нібы зьнітавалася з усімі беларус-к-амі. Я ганаруся, што я — беларуска. Я заўсёды ўдакладняю і папраўляю, калі мяне, нас блытаюць з расейцамі. Я папраўляю бэльгаў, якія часам памылкова блытаюць нас ці называюць la Biélorussie, я агучваю дакладную назву le Bélarus, расказваю ім пра нас. У той жа час я адчувала сорам, што мяне не было ў Беларусі ў 2020 годзе, сядзела сабе камфартнютка ў Бэльгіі. Мною часта авалодваюць зьмяшаныя пачуцьці.
— Як ты лічыш, ці зьмяніў беларускі 2020 год бэльгаў?
— Так, вельмі моцна 2020 год зьмяніў бэльгаў. Я добра памятаю, калі ўвесь сьвет пачаў пісаць пра падзеі канца лета-восені 2020 ў Беларусі, уся прэса тут пісала пра нас, мае знаёмыя зацікавіліся Беларусьсю, рэгулярна кансультаваліся са мною, сачылі за навінамі, усяляк падтрымлівалі мяне. Бо да 2020 году калі я казала слова беларуска, мяне аўтаматычна адносілі да расейкі. Пасьля 2020 году ўсё зьмянілася: больш ніхто не блытаў мяне з расейцамі, усе ўяўлялі, дзе знаходзіцца тая Беларусь. Да вайны ва Ўкраіне бэльгійцы актыўна цікавіліся беларускай тэмай, якая потым адыйшла на далёкі задні плян. Думаю, памылкова праз вайну ва Ўкраіне многія бэльгі вырашылі, што ў Беларусі ўсё наладзілася, мне часта надараецце такое чуць. Вайна адразу зьмясьціла акцэнты і інтарэсы. Адзіным плюсам можна назваць тое, што дзякуючы падзеям 2020 году стала лепшая інфармаванасьць бэльгаў на беларускую тэму: пачынаючы з 2020 году больш ніколі мяне ня блыталі з расейцамі.
— Што ты любіш чытаць?
— З апошняга прачытанага мяне асабліва ўразілі наступныя кнігі: кніга ўспамінаў Марыны Абрамовіч і «сьпірытуальныя» раманы амэрыканска-канадыйскай пісьменьніцы Рут Азэкі: A Tale for the Time Being і The Book of Form and Emptiness. Таксама я рэгулярна перачытваю «Віно з дзьмухаўцоў» Рэя Брэдбэры. Шмат хто любіць гэтую кнігу, мне вельмі блізкая гэтая кніга па настроі. У цэлым я чытаю розныя кнігі: фікшн, нон-фікшн, эсэ і, вядома, графічныя раманы.
— А якія твае арыентры ў мастацтве, ілюстрацыі? Хто паўплываў на цябе, як ілюстратарку?
— У сфэры ілюстрацыі на мяне паўплывалі перадусім бэльгійскія і францускія ілюстратары. Сьвет франкамоўных выдавецтваў дзіцячай літаратуры, а таксама графічных раманаў вельмі моцны на міжнародным роўні. Апрача гэтага я часта вяртаюся да графічнага стылю савецкага канструктывізму. Гэта вельмі моцна натхняе мяне падчас працы зь ілюстрацыямі, постарамі на замову. А якраз постары канструктывісцкага стылю — проста цудоўныя, неверагодна прыгожыя. Яны натхняюць мяне, я шмат працую зь імі, каб стварыць нешта сваё. Зь імёнаў я б назвала Эль Лісіцкага. Таксама апошнім часам я часта вяртаюся да савецкай дзіцячай ілюстрацыі. А яшчэ я хацела б прыгадаць Марка Шагала. Я заўсёды лічыла яго вялікім мастаком, але асабліва апошнім часам я асабліва тонка пранікаюся ягонымі карцінамі. Некалькі тыдняў таму я была ў Парыжы і хадзіла ў Музэй Пампіду, дзе ёсьць невялічкая заля з карцінамі Шагала. Я проста села і глядзела на іх: у іх ёсьць нешта такое шчымлівае, што зразумелае нам, беларусам у выгнаньні. І хоць я не ў выгнаньні, але і я пранікаюся гэтай нейкай сумесьсю ўспамінаў, казак, местаў, вёсак з цэркаўкамі, з сымабалічнымі пэрсанажамі, і паралельна з краявідамі Парыжу, Эйфэлявай вежай, усё гэта так зразумела і блізка, ад чаго сьціскаецца сэрца. Усё гэта ўплывае на мяне.
— На разьвітаньне можаш што-небудзь пажадаць беларус-к-ам.
— Так, у мяне ёсьць, пажаданьне: калі ласка, заўсёды грэйце ў сэрцы надзею на лепшы сьвет, верце ў лепшае ў людзях, кожны дзень абдымайце блізкіх і кажыце ім, што яны вам дарагія. Бо, я думаю, гэта дае нам усім штодзённы кавалачак шчасьця. Усім нам патрэбныя праменчыкі шчасьця, дабрыні, любові, каб ісьці наперад і тварыць вялікія справы. З Новым годам!
Фота з асабістага архіву Дзіны Мельнікавай