339-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: апошнія навіны з фронту

Расія рыхтуе новы наступ на ўкраінскія тэрыторыі ў лютым-сакавіку, а пакуль нясе вялікія страты ў Макееўцы.

Ілюстрацыйнае фота: unian.net

Ілюстрацыйнае фота: unian.net


***

Пры ўдары ўкраінскай арміі па будынку ПТВ у захопленай арміяй РФ Макееўцы Данецкай вобласці страты расійскага боку з высокай ступенню верагоднасці перавысілі 300 чалавек, гаворыцца ў новай зводцы Міністэрства абароны Вялікабрытаніі. Большасць з вайскоўцаў, хутчэй за ўсё, загінулі або зніклі без вестак, а не параненыя, паведаміў Лондан, назваўшы «рэдкім крокам» прызнанне Мінабароны РФ гібелі 89 вайскоўцаў.

Розніца паміж колькасцю ахвяр, прызнаных Расіяй, і верагоднай сапраўднай агульнай колькасцю падкрэслівае «паўсюдную наяўнасць дэзінфармацыі ў публічных заявах расійскага боку», адзначыла брытанскае ведамства. «Звычайна гэта адбываецца з-за спалучэння наўмыснай хлусні, санкцыянаванай вышэйшым кіраўніцтвам, і перадачы недакладных справаздач чыноўнікамі рангам ніжэй, якія імкнуцца зменшыць свае памылкі», — дадалі ў Лондане.

***

У Запарожскую вобласць прыбылі 800 паліцыянтаў з Растоўскай вобласці і Краснадарскага краю, паведаміў у Telegram-канале мэр Мелітопаля Іван Фёдараў. Паводле яго слоў, расійцы зноў палохаюць мясцовых жыхароў чарговымі «наглядчыкамі за парадкам» і турмамі, «спрабуючы ўкараніць пакорлівасць». Прывезеных з РФ паліцыянтаў збіраюцца вазіць на працу ў Такмак, Палогі і Васільеўку, а на ноч перамяшчаць у больш бяспечнае месца, бо акупанты «баяцца партызан».


***

Планаваны Расіяй у лютым ці сакавіку наступ пойдзе ў Луганскай вобласці альбо ў раёне Угледара Данецкай вобласці, гаворыцца ў новым аналітычным аглядзе амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW). На карысць версіі пра Луганскую вобласць, на думку экспертаў інстытута, сведчыць тое, што Расія перакідвае туды часткі 2-й мотастралковай дывізіі з Беларусі. Таксама на гэта паказваюць і нядаўнія абмежаваныя наземныя атакі войскаў РФ у Запарожскай вобласці, мэта якіх, мяркуючы па ўсім, — разгрупаваць украінскія сілы. У той жа час вельмі малаверагодна, што новы наступ будзе накіраваны на поўнач Украіны з боку Беларусі, лічаць у ISW.

Пра тое, што Расія зноў рыхтуецца наступаць, гаворыць і сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў: «Цяпер яны рыхтуюцца да максімальнай актывізацыі з улікам таго, што гэта людзі з "саўка" і яны лічаць, што да гадавіны яны павінны мець нейкія дасягненні. Няма ніякай таямніцы, што яны да 24 лютага рыхтуюцца да новай хвалі, як яны самі кажуць. Ёсць разуменне, на якіх участках яны хочуць нешта зрабіць».

***

Украінскі Кабінет міністраў забараніў сваім чыноўнікам ездзіць за мяжу. Цяпер службовым асобам Украіны можна выязджаць толькі ў камандзіроўкі. Раней праз навагоднюю паездку ў Іспанію сышоў у адстаўку намеснік генпракурора Аляксей Сіманенка. Дэпутата Вярхоўнай Рады ад партыі «Слуга народа» Мікалая Цішчанку выключылі з партыйнай фракцыі і з самой партыі пасля таго, як ён быў заўважаны ў Тайландзе, дзе нібыта праводзіў сустрэчу з украінскай суполкай.

***

Прынамсі трое мірных жыхароў загінулі, яшчэ двое параненыя ў выніку ракетнага ўдару, нанесенага па Канстанцінаўцы сёння раніцай, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Павел Кірыленка. Паводле яго слоў, у выніку абстрэлу расійскімі вайскоўцамі былі пашкоджаныя чатыры шматпавярхоўкі, гасцініца, гаражы і грамадзянскія аўтамабілі.

Таксама за мінулыя суткі з тэрыторыі Расіі па памежных раёнах Сумскай вобласці былі выпушчаныя 52 міны, паведаміла ў Facebook абласная ваенная адміністрацыя. Абстрэлам падвергліся Белапольская, Эсманьская і Сярэдзіна-Будская абшчыны. Паводле папярэдніх даных, ахвяр і разбурэнняў не было. За два дні да гэтага, 25 студзеня, войскі РФ выпусцілі па памежных абшчынах Сумшчыны каля 60 мін і снарадаў.

Агулам жа за мінулыя суткі расійскія акупанты здзейснілі па тэрыторыі Украіны 10 ракетных абстрэлаў (адзін з іх па грамадзянскай інфраструктуры Запарожжа), 26 авіяцыйных удараў і 81 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню, у прыватнасці, па грамадзянскіх аб'ектах у горадзе Ачакава. Ёсць параненыя і загінулыя сярод мірнага насельніцтва.

Расійцы працягваюць весці наступальныя дзеянні на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках. На Купянскім, Ліманскім, Запарожскім і Херсонскім напрамках наступае ўкраінская армія.

***

Авіяцыя Сіл абароны Украіны за мінулыя суткі нанесла 8 удараў па раёнах засяроджвання жывой сілы, узбраення і вайсковай тэхнікі праціўніка, а таксама ўдар па пазіцыях зенітна-ракетных комплексаў, паведамляе Генштаб УСУ.

Акрамя таго, былі знішчаныя самалёт Су-25, верталёт Мі-8 і 2 БпЛА тыпу «Суперкам», 2 пункты кіравання, 2 пазіцыі СПА праціўніка і 5 раёнаў засяроджвання яго жывой сілы.

У Чорным моры на баявым дзяжурстве на дадзены момант знаходзяцца 14 варожых караблёў, сярод якіх — два носьбіты крылатых ракет «Калібр», агульны залп складае каля 12 ракет. У Азоўскім моры, паводле звестак Генштаба УСУ, расійцы працягваюць кантраляваць марскія камунікацыі, утрымліваючы на баявым дзяжурстве два караблі. У Міжземным моры 10 варожых караблёў, з іх 5 — носьбіты крылатых ракет «Калібр», агульны залп якіх складае 72 ракеты.