612-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: апошнія навіны

Расія прымушае палонных украінскіх вайскоўцаў ваяваць супраць «сваіх», у той час як нясе пад Аўдзееўкай самыя вялікія страты за ўвесь час баявых дзеянняў ва Украіне.

Ілюстрацыйнае фота: unian.net

Ілюстрацыйнае фота: unian.net

***

Расійскія ўлады, імаверна, прымусілі ўкраінскіх ваеннапалонных уступіць у «добраахвотніцкае» фарміраванне, якое будзе ваяваць ва Украіне, паведаміў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Гаворка ідзе пра так званы «добраахвотніцкі батальён імя Багдана Хмяльніцкага», сфармаваны з былых вайскоўцаў УСУ. Расійскія СМІ пішуць, што гэта падраздзяленне ўключана ў склад аператыўна-баявога тактычнага фармавання (АБТФ) «Каскад». Яго камандзір Андрэй Цішчанка расказаў, што ўсяго ў батальёне — каля 70 чалавек, з іх 95% — былыя ўкраінскія вайскоўцы з баявым досведам, і што «пасля прыняцця прысягі байцы адправяцца на перадавую».

Між тым прымус ваеннапалонных да баявых дзеянняў, як падкрэслівае ISW, з'яўляецца парушэннем Жэнеўскай канвенцыі ад 12 жніўня 1949 года, у якой гаворыцца, што «ні адзін ваеннапалонны ні ў які час не можа быць ні пасланы ў такі раён, дзе ён падвяргаўся б дзеянню агню з зоны баёў, ні затрыманы там, а таксама не можа быць выкарыстаны для абароны сваёй прысутнасцю якіх-небудзь пунктаў або раёнаў ад ваенных аперацый».

***

Фарміраванні, якія прыбылі пад Аўдзееўку Данецкай вобласці, маглі панесці самыя высокія страты сярод усіх страт расійскага войска ў 2023 годзе, піша «Бі-бі-сі» са спасылка на штодзённую зводку брытанскай выведкі.

На працягу апошняга тыдня вакол Аўдзееўкі працягваліся цяжкія, але безвыніковыя баі. Расія пачала маштабны наступ у гэтым раёне ў сярэдзіне кастрычніка.

Расійскія «ваенныя блогеры» рэзка крытыкавалі тактыку вайскоўцаў у гэтай аперацыі. Яе характар прадугледжвае, што асноўная ваенна-палітычная задача Расіі застаецца той жа, што і была на працягу большай часткі вайны. Палітычныя кіраўнікі патрабуюць захопу новых тэрыторый, але вайскоўцы не могуць аператыўна правесці эфектыўныя наступальныя дзеянні.

***

Расія зноў нанесла ўдар па Херсоне, ёсць разбурэнні. «Вораг з левага берага ўдарыў, у прыватнасці, па цэнтральнай частцы горада. Ёсць разбурэнні ў прыватным сектары. Інфармацыя пра пацярпелых удакладняецца», — напісаў у Telegram-канале кіраўнік гарадской вайсковай адміністрацыі Раман Мрочка. У Херсонскай вобласці з-за начных абстрэлаў з боку Расіі адбылося некалькі пажараў, паведаміла Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях Украіны. 

У Берыславе праз расійскі абстрэл узнік пажар у шматпавярховым будынку, патушыць які доўгі час не ўдавалася праз абстрэлы, паведамілі ў ГЧС. Інфармацыі пра загінулых і пацярпелых у выніку абстрэлаў няма.

Сілы супрацьпаветранай абароны УСУ знішчылі ў небе над Днепрапятроўскай вобласцю тры расійскія ракеты, паведаміў раніцай 28 кастрычніка старшыня Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак у Telegram. Паводле яго слоў, расійцы таксама двойчы абстралялі з цяжкай артылерыі Нікапальскі раён. Ахвяр і пацярпелых няма.

Таксама ў ноч на 28 кастрычніка сродкамі ўкраінскіх СПА знішчаныя тры ракеты Х-59 у небе над Мікалаеўскай вобласцю, паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай АВА Віталь Кім у Telegram-канале. Паводле яго, абстрэлам падвергнулася тэрыторыя Ачакаўскай абшчыны. Кім таксама паведаміў пра артылерыйскія абстрэлы Куцурубскай абшчыны днём 27 кастрычніка. Пацярпелых у выніку абстрэлаў і падзення абломкаў ракет няма.

Пра выбухі таксама паведамляюць з Крывога Рога.

***

За мінулыя суткі, 27 кастрычніка, авіяцыя Узброеных сіл Украіны нанесла 5 удараў па раёнах засяроджання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі і яшчэ 4 — па зенітна-ракетных комплексах расійцаў.

Як паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштаба, украінскія абаронцы з ракетных войскаў разбілі 4 раёны засяроджвання асабовага саставу, узбраення і вайсковай тэхнікі, 8 артылерыйскіх сродкаў, 2 склады боепрыпасаў, цяжкую агнямётную сістэму залпавага агню ТГС-1а «Сонцапёк» і 3 сродкі супрацьпаветранай абароны арміі РФ.

Адзначаецца, што ўсяго акупанты нанеслі 8 ракетных і 15 авіяцыйных удараў, здзейснілі 61 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах.

«Таксама за мінулыя суткі расійскія акупанты нанеслі чарговы ракетна-авіяцыйны ўдар па Украіне, ужыўшы 4 кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59, балістычную ракету "Іскандэр-М", зенітныя кіраваныя ракеты С-300/400 і ўдарныя БПЛА тыпу "Shahed-136/131". Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны знішчана большасць ударных БпЛА і 3 кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59», — дадалі ў ведамстве.

***

За суткі ўкраінскія абаронцы ліквідавалі яшчэ 740 расійскіх захопнікаў.

Як паведаміў Генштаб УСУ, агульныя баявыя страты праціўніка з пачатку поўнамаштабнага ўварвання па стане на сённяшнюю раніцу, 28 кастрычніка, арыенціровачна склалі 298 тыс. 420 чалавек.  

Таксама УСУ знішчылі нямала варожай тэхнікі, у тым ліку:

  • танкаў — 5 тыс. 167 (+22) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 9 тыс. 749 (+23) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 7 тыс. 180 (+18) адз.;
  • сродкаў СПА — 558 (+2) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 5 тыс. 399 (+9);
  • крылатых ракетх — 1 тыс. 541 (+3);
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 9 тыс. 524 (+11) адз.

У той жа час колькасць знішчаных РСЗА (834), самалётаў (320) і верталётаў (324), караблёў і катэраў (20), спецыяльнай тэхнікі (1011) не змянілася.