759-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі
У Расіі працягваюць гарэць НПЗ, а ў адказ яе войскі б'юць па ўкраінскіх энергетычных аб'ектах. Пад пагрозай зноў праца Запарожскай АЭС.
***
Спецыялісты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) мяркуюць, што новыя атакі расійцаў на энергасістэму Украіны маюць на мэце падарваць абаронна-прамысловы патэнцыял.
У ноч з 21 на 22 сакавіка расійскія войскі здзейснілі найбуйнейшую серыю камбінаваных ракетна-беспілотных удараў па аб'ектах украінскай энергетычнай інфраструктуры з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
Аналітыкі адзначаюць, што ўдары расійцаў па ўкраінскіх энергетычных аб'ектах могуць мець на мэце падарваць украінскі абаронна-прамысловы патэнцыял, а акупанты, імаверна, спрабуюць выкарыстоўваць дэфіцыт украінскіх зенітна-ракетных комплексаў у новай спробе разбурыць украінскую энергасістэму.
Эксперты дадаюць: расійскія войскі не змаглі разбурыць украінскую энергасістэму 22 сакавіка, але могуць мець на мэце працягнуць інтэнсіўныя ўдары па энергетычнай інфраструктуры ў наступных серыях удараў, асабліва для таго, каб скарыстацца пастаяннымі затрымкамі ў прадастаўленні заходняй дапамогі ў сферы бяспекі, якія істотна абмяжоўваюць магчымасці ўкраінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны.
***
На Днепрапятроўшчыне і ў Запарожжы ў выніку начной расійскай атакі «Шахідамі» ёсць пашкоджанні энергетычных аб'ектаў, пра пацярпелых невядома.
Адзначаецца, што дроны РФ манеўравалі па некалькіх абласцях, спрабавалі абысці сродкі СПА.
Баявая праца сіл супрацьпаветранай абароны працягвалася больш за 7 гадзін.
У аперацыйнай зоне Сіл абароны поўдня ўдалося вынікова адпрацаваць па 12 баражуючых снарадаў: па 4 на Днепрапятроўшчыне і ў Запарожжы, 3 — на Херсоншчыне, 1 — на Мікалаеўшчыне.
***
Паводле даных украінскіх вайскоўцаў, расійцы атакавалі чатырма зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 па Данецкай вобласці і 34 ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed».
Беспілотнікі запускалі з расійскай Курскай вобласці і мыса Чаўда ў акупаваным Крыме.
У выніку супрацьпаветранага бою мабільнымі агнявымі групамі Сіл абароны, зенітнымі ракетнымі падраздзяленнямі і авіяцыяй Паветраных сіл знішчаны 31"Шахід" у межах Палтаўскай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.
***
За мінулыя суткі сілы абароны Украіны знішчылі яшчэ 1050 акупантаў, 12 танкаў і 75 дронаў ворага.
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 23.03.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 435 760 (+1 050) чал.;
- танкаў — 6 852 (+12) адз.;
- баявых браніраваных машын — 13 130 (+19) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 10 811 (+36) адз.;
- РСЗА — 1018 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 723 (+0) адз.;
- самалётаў — 347 (+0) адз.;
- верталётаў — 325 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8 463 (+75) адз.;
- крылатых ракет — 1992 (+39) адз.;
- караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 14 344 (+57) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1768 (+19) адз.
***
За мінулыя суткі адбылося 69 баявых сутыкненняў паміж УСУ і войскамі РФ, паведамляе Генштаб УСУ.
Увогуле вораг нанёс 88 ракетных і 143 авіяцыйныя ўдары, здзейсніў 92 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Авіяцыйным ударам падвергліся населеныя пункты Сямёнаўка Чарнігаўскай вобласці; Няскучнае, Аляксандраўка, Дружба Сумскай вобласці; Атраднае, Калодязнае, Петрапаўлаўка, Катляроўка Харкаўскай вобласці; Белагораўка Луганскай вобласці; Тэрны, Ямполаўка, Часаў Яр, Аляксандра-Шульціна, Ачэрэціна, Новабахмутаўка, Жаланнае, Новагродаўка, Бердычы, Навасёлаўка Першая, Сямёнаўка, Карлаўка, Краснагораўка, Новаміхайлаўка, Канстанцінаўка, Вугледар, Старамаёрскае Данецкай вобласці і Рабоціна ў Запарожскай вобласці.
Пад артылерыйскім агнём былі каля 140 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
***
У Расіі гарыць чарговы НПЗ.
Атакаваны нафтаперапрацоўчы завод у Новакуйбышаўску Самарскай вобласці.
Акрамя Самарскай гэтай ноччу было гучна таксама ў Белгародскай, Бранскай і Варонежскай абласцях. У Мінабароны РФ паведамілі пра збіццё 12 беспілотнікаў над рэгіёнамі, а белгародскія паблікі пішуць, што ў выніку абстрэлу паражаныя дамы і бізнэс-цэнтр «Манблан».
***
У Днепрапятроўскай вобласці ўначы падчас расійскай атакі былі абясточаныя дзве магістральныя лініі і выведзеная са строю рэзервовая схема харчавання Запарожскай атамнай электрастанцыі, паведамляе «Укрінформ» са спасылкай на заяву «Укрэнерга».
У Днепрапятроўскай вобласці ноччу расійцы зноў прыцэльна білі па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры. Ноччу падчас атакі БПЛА і артылерыйскіх абстрэлаў была пашкоджана частка абсталявання на адной з падстанцый і абясточаныя дзве магістральныя лініі 330 кВ. У выніку была выведзена з ладу рэзервовая схема харчавання Запарожскай атамнай станцыі», — гаворыцца ў паведамленні «Укрэнерга».
Рада кіраўнікоў МАГАТЭ нядаўна прыняла рэзалюцыю з патрабаваннем тэрмінова вывесці расійскіх вайскоўцаў і іншы персанал з Запарожскай атамнай электрастанцыі і неадкладна вярнуць яе пад поўны кантроль кампетэнтных органаў Украіны.
Паводле даных МАГАТЭ, за апошнія 18 месяцаў ЗАЭС восем разоў адключалася ад знешняга электразабеспячэння і працавала за кошт аварыйных дызель-генератараў. Украіна і Расія абвінавачваюць адна адну ў абстрэлах станцыі, у выніку якіх былі пашкоджаныя лініі электраперадач.