814-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: наступ пад Харкавам і маштабная атака дронаў на расійскія тэрыторыі
Больш за сотню дронаў запусцілі ўкраінцы па расійскай інфраструктуры гэтай ноччу. Мінабароны «вялікага брата» заявіла, што ўсе БПЛА збілі, але выглядае на тое, што «хто-та ўрот».
***
Расійскія войскі могуць праводзіць выведку з дапамогай беспілотнікаў у глыбокім украінскім тыле праз адсутнасць ва Украіне дастатковай колькасці СПА, мяркуюць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).
Каралеўскі аб'яднаны інстытут абаронных даследаванняў (RUSI) паведаміў 14 траўня, што Украіна была вымушаная кампенсаваць змяншэнне паставак зенітна-ракетных комплексаў (ЗРК), што дазволіла расійскім выведвальным дронам вальней лятаць у тылавыя раёны Украіны, у тым ліку над Харкавам, і аптымізаваць выведвальны агнявы комплекс (РВК) расійскіх войскаў.
RUSI заявіў, што змяншэнне паставак зенітных перахопнікаў прымусіла Украіну прымаць складаныя рашэнні па разгортванні супрацьпаветранай абароны над крытычна важнымі аб'ектамі інфраструктуры ў тыле і прыфрантавых зонах.
Адзначаецца, што добра забяспечаныя ўкраінскія войскі раней былі здольныя абмежаваць магчымасці расійскай выведкі на працягу большай часткі поўнамаштабнага ўварвання.
Расійскія войскі праводзілі шырокамаштабную паветраную кампанію супраць Харкава ў рамках сваіх наступальных аперацый на поўначы Харкава і выкарыстоўвалі ўдары плануючых бомб, каб забяспечыць расійскія наземныя манеўры ў Харкаўскай вобласці.
Яны таксама выкарыстоўвалі ўдары плануючых бомб з тактычнай мэтай падчас захопу Аўдзееўкі. Украінскія войскі маюць патрэбу ў перахопніках супрацьпаветранай абароны заходняй вытворчасці, каб знішчаць расійскія выведвальныя беспілотнікі ў тыле і на перадавой і разграміць аптымізаваную расійскую СПА, якая забяспечвае тактычнае прасоўванне расійцаў уздоўж фронту.
***
У Пентагоне заявілі, што не змянілі сваёй пазіцыі адносна прымянення Украінай зброі, якая дае ЗША ў рамках ваеннай дапамогі.
Пра гэта падчас брыфінгу сказала прэс-сакратарка амерыканскага абароннага ведамства Сабрына Сінгх, паведамляе «Еўрапейская праўда».
У яе спыталі, ці змянілі ЗША свой падыход, які палягае ў тым, што Украіна можа ўжываць амерыканскую зброю толькі ў межах сваёй тэрыторыі, пасля пачатку расійскага наступу ў Харкаўскай вобласці.
На гэта Сінгх адказала, што пазіцыя ЗША засталася нязменнай.
«Так, мы не змянілі сваю пазіцыю. Мы лічым, што тое абсталяванне, тыя магчымасці, якія мы даём Украіне, якія іншыя краіны прадастаўляюць Украіне, павінны быць выкарыстаны для таго, каб вярнуць украінскую суверэнную тэрыторыю», — адзначыла прадстаўніца Пентагона.
Яна дадала, што ЗША зрабілі свае просьбы з гэтай нагоды «дастаткова публічнымі».
Сінгх адзначыла, што кіраўнік Пентагона Лойд Осцін у сваіх размовах з украінскім міністрам абароны Рустэмам Умеравым абмяркоўвае, як лепш за ўсё выкарыстоўваць прадастаўленыя сродкі.
«І мы лічым, што гэта (павінна быць) у межах украінскай тэрыторыі», — дадала яна.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мяркуе, што нельга забараняць Украіне ўжываць заходнюю зброю для ўдараў па Расіі, бо гэта частка абароны, а не напад, паведамляе «Украінская праўда».
«Я не лічу, што павінны быць нейкія забароны, таму што гэта не пра наступ украінскай арміі з выкарыстаннем заходняй зброі на тэрыторыі Расіі. Гэта абарона. Гэта як прэвентыўныя санкцыі, пра якія мы ўсім гаварылі перад поўнамаштабным уварваннем. Гэта тое самае. Гэта папярэджанне».
Больш за тое, растлумачыў Зяленскі, гэтыя ўдары будуць наносіцца па «шэрай зоне», адкуль расійскія ўлады выселілі мірных жыхароў. «У іх на мяжы грамадзянскіх людзей амаль няма, з іх боку. Па зразумелых прычынах», — адзначыў ён.
Таксама Зяленскі расказаў пра мэту прыезду ва Украіну дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена. Паводле слоў украінскага прэзідэнта, па-першае, Блінкен прывёз пакет дапамогі ў 2 мільярды долараў, па-другое, прапановы ад ЗША па гарантыях бяспекі. «Драфт Дамовы аб гарантыях бяспекі ўжо ёсць», — падкрэсліў ён.
Па-трэцяе, абмеркавалі бачанне Украіны адносна саміту NATO. Зяленскі кажа, што «амерыканцы пачулі наша бачанне, прынялі гэтую інфармацыю і вернуцца са зваротнай сувяззю».
Прэзідэнт дадаў, што галоўнае пытанне цяпер — гэта сістэмы супрацьпаветранай абароны. «На якой стадыі знаходзіцца дыялог з той ці іншай краінай, у якой ёсць адпаведныя сістэмы? Дзе мы іх бачым, дзе партнёры іх бачаць, калі гэта можа быць і што для гэтага трэба зрабіць?» — такія пытанні турбуюць Зяленскага.
***
У чацвер вечарам расійскія войскі атакавалі Харкаў «Шахідамі», а апоўначы нанеслі ракетны ўдар па горадзе, паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Паводле яго слоў, па горадзе было нанесена прынамсі пяць удараў беспілотнікамі. У Халоднагорскім раёне ўзнік пажар. Інфармацыя пра пацярпелых удакладняецца.
Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў пра пападанне ў Аснавянскім раёне горада. На месцы пападання ўзнік пажар. Паводле яго слоў, гэта была атака беспілотнікамі.
Таксама расійцы здзейснілі 32 абстрэлы памежных тэрыторый і населеных пунктаў Сумскай вобласці, паведамілі ўлады рэгіёна.
Зафіксавана 166 выбухаў. Абстрэлам падвергліся Белапольская, Краснапольская, Вялікапісараўская, Новаслабодская, Глухоўская, Эсманская, Шалыгінская, Дружбоўская, Сярэдзіна-Будская, Зноб-Наўгародская грамады», — гаворыцца ў паведамленні Сумскай абласной ваеннай адміністрацыі.
***
За мінулыя суткі на фронце адбылося 141 баявое сутыкненне з акупантамі, з іх 11 — на Харкаўшчыне, паведамляе Генштаб УСУ. Украінскія вайскоўцы ажыццяўляюць зачыстку вуліц на поўначы Ваўчанска, не даючы суперніку замацавацца.
«За мінулыя суткі адбылося 141 баявое сутыкненне і гэта на паўсотні больш, чым тыдзень таму.
На Харкаўскім кірунку вораг працягваў наступальныя дзеянні і здзейсніў 11 атак. Баі ішлі, у прыватнасці, у раёнах населеных пунктаў Ліпцы, Старыца, Ваўчанск. Вораг працягвае выпрабоўваць агнявое паражэнне з нашай артылерыі і БПЛА. Сілы абароны ажыццяўляюць зачыстку вуліц на поўначы Ваўчанска, не даючы суперніку замацавацца.
За мінулыя суткі вораг страціў на гэтым кірунку больш за 320 чалавек забітымі і параненымі, а таксама 43 адзінкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі».
Таксама паведамляецца, што акупанты здзейснілі 4 ракетныя і 112 авіяўдараў, 98 абстрэлаў з РСЗА, а сілы абароны Украіны абясшкодзілі 1 410 акупантаў і знішчылі больш за 180 адзінак варожай тэхнікі, у прыватнасці, 2 самалёты і 1 верталёт.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 17.05.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 489 870 (+1 410) чалавек;
- танкаў — 7 547 (+18) адз.;
- баявых браніраваных машын — 14 552 (+14) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 12 603 (+38) адз.;
- РСЗА — 1 071 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 800 (+2) адз.;
- самалётаў — 353 (+2) адз.;
- верталётаў — 326 (+1) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 10 073 (+45) адз.;
- крылатых ракет — 2 200 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 17 104 (+56) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 062 (+7) адз.
***
Расійскае Мінабароны заявіла, што ўначы 17 траўня тэрыторыю РФ і часова акупаванага Крыма нібыта атакавалі 108 украінскіх паветраных і марскіх дронаў і што нібыта ўсіх іх збілі.
Расійскае ведамства запэўнівае, што ўсе БПЛА і безэкіпажныя катэры ВМС Украіны нібыта ўдалося або перахапіць, або знішчыць:
«Дзяжурнымі сродкамі СПА знішчана і перахоплена 51 БпЛА над тэрыторыяй Крымскага паўвострава, 44 БПЛА над тэрыторыяй Краснадарскага краю, 6 БПЛА над тэрыторыяй Белгародскай вобласці і 1 БПЛА над тэрыторыяй Курскай вобласці. На працягу ночы марской авіяцыяй і патрульнымі катэрамі Чарнаморскага флоту знішчаныя 6 безэкіпажных катэраў у акваторыі Чорнага мора».
Інфармацыя, якую публікуе расійскае Мінабароны, ідзе ў разрэз з тым, што публікуюць расійскія паблікі і мясцовыя ўлады.
У прыватнасці, паведамлялася, што ў Наварасійску Краснадарскага краю Расіі ў ноч на 17 мая прагрымелі магутныя выбухі. Пад ударам былі порт і нафтабаза. На відэа, якія публікуюць расійскія Telegram-каналы, відаць пажар. Мясцовыя жыхары паведамлялі пра атаку на Наварасійскі мазутны тэрмінал і тэрмінал «Транснафты». Таксама пісалі, што ў горадзе знікла святло. «Прылёты» пацвярджалі і расійскія «ваенкары».
Адміністрацыя Наварасійска забараніла жыхарам выходзіць з дому, бацькі мясцовых школьнікаў раніцай пачалі атрымліваць паведамленні, што дзецям не трэба ісці ў навучальныя ўстановы. Пры гэтым улады традыцыйна заявілі пра «беспаспяховую спробу атакі» і збіццё 10 БПЛА.
Паведамлялася, што 2 БПЛА атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Туапсэ ў Краснадарскім краі РФ.
Губернатар Белгародскай вобласці РФ Вячаслаў Гладкоў заявіў, што дроны атакавалі адразу некалькі населеных пунктаў у рэгіёне. Паводле яго слоў, адзін з беспілотнікаў папаў у аўтазаправачную станцыю побач з вёскай Бяссонаўка. У выніку выбуху адбылося ўзгаранне аднаго з рэзервуараў.
«У пасёлку Акцябрскі дрон-камікадзэ атакаваў аўтамабіль, у якім знаходзіліся кіроўца і тры пасажыры (мама, тата і дзіця)», — напісаў ноччу Гладкоў у сваім тэлеграм-канале. Паводле яго звестак, у выніку выбуху жанчына памерла на месцы. Чатырохгадовы хлопчык памёр у бальніцы.
«Не чакаючы брыгады хуткай дапамогі, бацька з дзіцем і кіроўца даехалі на спадарожных аўтамабілях да медыцынскай установы горада Белгарада. Дзіця знаходзілася ў крытычным стане. Лекары рабілі ўсё магчымае, каб яго выратаваць, але яго раненні былі несумяшчальныя з жыццём», — гаворыцца ў паведамленні.
Акупацыйныя ўлады Севастопаля таксама паведамлялі пра адбіццё атакі БПЛА і марскіх дронаў. У Севастопалі і Балаклаве часткова знікла святло.
Так званы губернатар Севастопаля Міхаіл Разважаеў запэўніваў, што некалькі дронаў нібыта знішчылі і што «шкоды грамадзянскай інфраструктуры няма». А частковае адключэнне святла ён патлумачыў адключэннем часткі абсталявання падстанцыі «Севастопаль», на якую нібыта ўпалі абломкі збітых БПЛА.
Пры гэтым Разважаеў прыняў рашэнне адмяніць заняткі ў школах і дзіцячых садках Севастопаля і заявіў, што на аднаўленне працы падстанцыі «Севастопаль» спатрэбіцца каля сутак.
***
З'явіліся спадарожнікавыя здымкі аэрадрома Бельбек у Крыме пасля ракетнага ўдару. На іх зафіксаваны раён стаянкі самалётаў Су-27, Су-30 і МіГ-31. На здымках кампаніі «Maxar» відаць, што два МіГ-31 і адзін Су-27 былі цалкам знішчаны.
Украінскія крыніцы неафіцыйна пісалі пра страту Расіяй трох самалётаў.
На здымках таксама відаць, што цалкам згарэў склад гаруча-змазачных матэрыялаў аэрадрома.
***
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскім войскам удалося стабілізаваць сітуацыю з надыходам расійскай арміі на поўначы Харкаўскай вобласці
Паводле яго, расійскія войскі прасунуліся на 10 кіламетраў.
«Галоўнае на сёння — нашымі сіламі абароны сітуацыя стабілізаваная... На сёння нашы сілы абароны стабілізавалі расійцаў там, дзе яны цяпер знаходзяцца. Самая глыбокая кропка іх прасоўвання — 10 кіламетраў», — сказаў Зяленскі.
Амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) таксама канстатаваў напярэдадні, што тэмп расійскіх наступальных аперацый на поўначы Харкаўскай вобласці працягвае зніжацца і што расійскія войскі прасунуліся не больш чым на 8 км ад мяжы ў Харкаўскай вобласці.