843-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: баі на Пакроўскім кірунку і абстрэл расійскай авіябазы
Каля 70 украінскіх дронаў ударылі па расійскай авіябазе. Наступствы маштабнай атакі дронаў яшчэ ацэньваюцца.
***
***
У Швейцарыі стартуе двухдзённы Саміт міру. Ён прадоўжыцца 15-16 чэрвеня на курорце Бюргеншток у Цэнтральнай Швейцарыі. Як заяўляюць у швейцарскім урадзе, мэта саміту — «ініцыяваць мірны працэс, стварыць атмасферу даверу і вызначыць ідэі для наступных крокаў на шляху да такога працэсу».
У мірнай канферэнцыі прымуць удзел 100 дэлегацый, уключаючы 57 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў з усяго свету. Расію на саміт не запрашалі, яна сама неаднаразова яго адпрэчвала. Усім прысутным дадуць магчымасць выказаць сваё бачанне справядлівага і ўстойлівага міру ва Украіне.
Праграма Саміту міру прадугледжвае пленарныя пасяджэнні і дыскусіі па трох пунктах «формулы міру»: ядзерная бяспека, харчовая бяспека і гуманітарнае вымярэнне.
Саміт таксама прапануе магчымасць упершыню абмеркаваць на самым высокім узроўні, як і калі Расія можа быць уключаная ў гэты працэс. «Для Федэральнага савета (Швейцарыі. — Заўв. рэд.) распрацоўка доўгатэрміновага рашэння ў рэшце рэшт патрабуе ўдзелу абодвух бакоў», — анансавалі ў швейцарскім урадзе.
Як паведамлялася, напярэдадні саміту ў Швейцарыі выправілі праблемныя палажэнні выніковага дакумента сустрэчы, які мог мець непажаданыя наступствы для Украіны — тэкст рашэння ў апошнія дні змянілі.
Пасля гэтага некалькі дзяржаў, якія планавалі прыняць удзел у сустрэчы, адмовіліся ад паездкі ў Швейцарыю.
***
На працягу апошніх сутак расійскія войскі абстралялі тэрыторыю 11 абласцей Украіны, паведамляе медыяцэнтр украінскага Мінабароны.
Усяго атакавана 84 населеныя пункты і 185 аб'ектаў інфраструктуры. Ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільных.
Паводле даных вайскоўцаў, для нападаў ужытыя розныя віды ўзбраення: ад мінамётаў, артылерыі, танкаў, РСЗА, БПЛА, АТРК да тактычнай авіяцыі.
***
За мінулыя суткі сілы абароны Украіны абясшкодзілі на полі бою 1090 расійскіх захопнікаў, разбілі 20 танкаў і 37 артылерыйскіх сістэм, гаворыцца ў штодзённай зводцы Генштаба УСУ ў Facebook.
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 15.06.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 525 150 (+1090) чалавек;
- танкаў — 7956 (+20) адз.;
- баявых браніраваных машын — 15 263 (+29) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 13 855 (+37) адз.;
- РСЗА — 1 103 (+2) адз.;
- сродкі СПА — 853 (+4) адз.;
- самалётаў — 359 (+0) адз.;
- верталётаў — 326 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 11 148 (+51);
- крылатых ракет — 2 293 (+7);
- караблёў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 18 911 (+57) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2322 (+12).
***
На Пакроўскім кірунку працягваюцца баі, гэтая частка фронту з'яўляецца самай напружанай, паведамляе Генштаб УСУ.
На працягу сутак 14 чэрвеня зафіксавана 112 баявых сутыкненняў.
Паводле ўдакладненай інфармацыі, вораг нанёс па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах 6 ракетных удараў з ужываннем 17 ракет, 33 авіяцыйныя удары (у прыватнасці, скінуў 56 КАБаў), здзейсніў больш за 3000 абстрэлаў, 104 з іх — з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Ужо сёння адбылося 31 баявое сутыкненне. Акупанты здзейснілі 12 авіяўдараў з ужываннем 19 КАБаў, 547 абстрэлаў пазіцый абаронцаў. Таксама расійскія тэрарысты задзейнічалі для ўдараў 18 дронаў-камікадзэ.
***
У выніку ўдараў па Харкаўскай вобласці на працягу 14 чэрвеня прынамсі адзін чалавек загінуў і двое параненыя. Як паведамілі ў Харкаўскай АВА, расійцы скінулі 5 КАБаў на сяло Кутузаўка, сярод пападанняў — тэрыторыі ферм, пашкоджана сельскагаспадарчая тэхніка, а таксама дом.
У Глушкаўцы зафіксавалі пападанне варожага снарада ў зямлю недалёка ад дзіцячага садка. Загінула жанчына 1966 г. н.
У выніку варожага абстрэлу вёскі Багуслаўка разбураныя два жылыя дамы і тры дамы пашкоджаныя. Пацярпелі два чалавекі: мужчына і жанчына, якія жылі ў адным з дамоў.
***
Расійскія войскі за мінулыя суткі абстралялі 18 населеных пунктаў Херсонскай вобласці, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін атрымаў раненні, паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.
Пашкоджаны сем прыватных дамоў, аўтамабіль, гараж, аўтамыйка і экскаватар.
***
Начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаўрасказаў, што ўначы 14 чэрвеня ўкраінскія сілы выкарыстоўвалі не менш за 70 беспілотнікаў для ўдару па расійскай авіябазе Марозаўск.
Паводле слоў Буданава, аперацыя была пачата з тэрыторыі Украіны і прынамсі 70, а можа і больш, украінскіх беспілотнікаў «Dragon» і «Splash» нанеслі ўдар па аэрадроме.
Кіраўнік ГУР дадаў, што цяпер ідзе ацэнка шкоды: «Мы чакаем інфармацыю аб тым, ці былі знішчаныя або пашкоджаныя нейкія самалёты».
У той жа час, на здымках ад «Planet Labs» відаць пашкоджанне пакрыцця ангара, размешчанага на пероне тэхабслугоўвання, а ўнутры віднеюцца два знішчальнікі-бамбавікі Су-34.
Гэта была другая маштабная атака ўкраінскіх беспілотнікаў на Марозаўск за апошнія два месяцы.
Буданаў таксама заявіў, што база будзе атакаваная зноў.
***
Губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў заявіў пра начную атаку ўкраінскіх дронаў:
— Каля 4-й гадзіны раніцы ў раёне Каменска-Шахцінскага сіламі СПА збіта некалькі БПЛА. Абломкі дронаў упалі на тэрыторыю прампляцоўкі. Паводле папярэдніх звестак, у нежылым будынку пашкоджаны шыбы, пацярпелых няма.
Пазней гэтую інфармацыю ўдакладніла Мінабароны РФ, заявіўшы пра паражэнне трох БПЛА.