880-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: У РФ раздаюць па 100 тысяч рублёў, калі адправіш сябра на фронт
Расія працягвае абстрэльваць тэрыторыю мірных украінскіх гарадоў і мястэчак. Але і ўкраінцы не адстаюць: напрыклад, сёння ноччу гарэў НПЗ у Туапсэ.
***
Выведвальная супольнасць Вялікабрытаніі адзначае, што цяпер на тэрыторыі Украіны разгорнута больш за 3000 вайскоўцаў Расгвардыі — вайсковага фарміравання РФ, наўпрост падначаленага Пуціну, большасць з якіх знаходзяцца ў тыле.
Большасць асабістага саставу Расгвардыі амаль напэўна выконвае задачы па ахове тылавых раёнаў і толькі некалькі падраздзяленняў удзельнічаюць у баявых дзеяннях на перадавой, адзначылі ў ведамстве.
Галоўная баявая адзінка Расгвардыі, 116-я брыгада спецыяльнага прызначэння, хутчэй за ўсё, складаецца з трох палкоў, якія маюць на ўзбраенні танкі, баявыя машыны пяхоты і артылерыю.
З пачатку 2024 года Расгвардыя спрабавала павялічыць свае сілы за кошт паглынання расійскіх нерэгулярных фарміраванняў.
У траўні 2024 года Расгвардыя паспяхова інтэгравала ў свае шэрагі батальён «Усход» з так званай «ДНР».
Цалкам верагодна, што чаканае пагадненне аб падпарадкаванні сіл ПВК «Вагнер» 1-му добраахвотніцкаму корпусу Расгвардыі сарвалася ў сакавіку 2024 года, дадалі ў выведцы.
***
У Расіі прыдумалі нестандартныя грашовыя стымулы для кантрактнай службы ва Узброеных сілах: чалавеку, які прывядзе свайго сябра ў ваенкамат, прапануюць 100 000 рублёў (каля 1150 долараў), піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).
Паводле інфармацыі ваенных аналітыкаў, кіраўнік Яраслаўскай вобласці Міхаіл Яўраеў абвясціў пра новую ініцыятыву, якая прапануе 100 000 рублёў кожнаму чалавеку, які прывядзе свайго сябра ў ваенкамат, калі той падпіша кантракт з Міністэрствам абароны (МА) Расіі на праходжанне ваеннай службы.
Рэспубліка Татарстан таксама пачала падобную ініцыятыву з 11 ліпеня. Намеснік старшыні Камітэта па дзяржаўным будаўніцтве і заканадаўстве Дзяржаўнай думы Расіі Юрый Сінельшчыкаў заявіў, што гэты новы механізм прызыву з'яўляецца рызыкоўным і што расійцы могуць злоўжываць гэтай сістэмай, асабліва калі іншыя суб'екты федэрацыі прымуць падобныя механізмы.
Сінельшчыкаў заклікаў замацаваць гэты механізм у расійскім заканадаўстве і выказаў занепакоенасць адносна таго, ці змогуць суб'екты федэрацыі забяспечыць фінансаванне падобных ініцыятыў.
Акрамя гэтага, паведамляецца, што расійскія войскі распрацоўваюць і фармалізуюць спецыяльнасць вайсковага матацыкліста, імаверна, у адказ на павелічэнне колькасці ўдараў украінскіх беспілотнікаў і паветранай выведкі, што прымушае расійскія войскі выкарыстоўваць невялікія і хуткія транспартныя сродкі для лагістыкі і перавозак на фронце.
Расійскія крыніцы заявілі 21 ліпеня, што расійская 5-я мотастралковая брыгада (1-шы армейскі корпус «ДНР») стварае ўласную вайскова-матацыклетную школу і што іншыя расійскія брыгады таксама займаюцца гэтым пытаннем «на высокім узроўні».
***
Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты краіне-агрэсару Расіі: толькі за мінулыя суткі абясшкодзілі 1 050 захопнікаў, 51 артылерыйскую сістэму, 18 танкаў і 17 ББМ, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ ў Facebook.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 22.07.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 567 760 (+1 050) чалавек;
- танкаў — 8 284 (+18) адз.;
- баявых браніраваных машын — 15 980 (+17) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 15 637 (+51) адз.;
- РСЗА — 1 123 (+2) адз.;
- сродкаў СПА — 900 (+4) адз.;
- самалётаў — 362 (+0) адз.;
- верталётаў — 326 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 12 475 (+73) адз.;
- крылатых ракет — 2 401 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 21 138 (+102) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 637 (+21) адз.
За мінулыя суткі расійскія войскі атакавалі 11 напрамкаў фронту, адбылося 117 баявых сутыкненняў, асноўныя — на Пакроўскім кірунку, дзе вораг канцэнтруе намаганні каля шасці населеных пунктаў.
***
Расійскія войскі за нядзелю здзейснілі 44 абстрэлы 12 раёнаў Сумскай вобласці, паведамляе Сумская абласная вайсковая адміністрацыя.
У Белапольскай грамадзе адзін чалавек загінуў і адзін атрымаў раненні.
«На працягу дня расійцы здзейснілі 44 абстрэлы памежных тэрыторый і населеных пунктаў Сумскай вобласці. Зафіксавана 128 выбухаў. Абстрэлам падвергліся Хоцінская, Юнакаўская, Мірапольская, Белапольская, Варажбянская, Краснапольская, Вялікапісараўская, Новаслабадская, Глухоўская, Эсманьская, Шалыгінская і Дружбаўская грамады», — гаворыцца ў паведамленні, якое цытуе «Бі-бі-сі».
Вобласць абстрэльвалі ў тым ліку з дапамогай FPV-дронаў, мінамётаў, артылерыі і РСЗА.
***
Расійскае Мінабароны заявіла, што цягам ночы сродкі СПА нібыта збілі 75 украінскіх беспілотнікаў над тэрыторыяй РФ і ў акваторыі Чорнага і Азоўскага мораў; Telegram-каналы публікуюць відэа атакі ў горадзе Туапсэ — там гарэў НПЗ, а ў Марозаўску, дзе размешчаны вайсковы аэрадром, заснялі велізарны слуп чорнага дыму.
Паведамляецца, што 47 дронаў нібыта перахапілі і знішчылі над Растоўскай вобласцю, 8 — над Краснадарскім краем РФ, па адным — над Белгародскай, Варонежскай і Смаленскай абласцямі. Яшчэ 17 БПЛА нібыта збілі над акваторыямі Чорнага і Азоўскага мораў.
Ні пра якія наступствы атакі і збівання дронаў Мінабароны РФ традыцыйна нічога не паведамляе.
Аператыўны штаб Краснадарскага края РФ паведаміў, што «ў выніку падзення абломкаў БПЛА была пашкоджана інфраструктура НПЗ у Туапсэ».
«Спецыялісты ліквідуюць узгаранне на плошчы 50 кв. метраў. На месцы працуюць 31 адзінка тэхнікі, 91 чалавек. Пажар лакалізавалі і ліквідавалі адкрыты агонь. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма», — гаворыцца ў паведамленні.
Аднак расійскі Telegram-канал апублікаваў відэа ўдару па НПЗ у Туапсэ. На ім відаць палёт беспілотніка, чуваць гукі стрэлаў (верагодна, са стралковай зброі) і бачна, як робат пападае ў цэль, пасля чаго ўспыхвае пажар.
Таксама Telegram-канал «Осторожно, новости» паведамляе, што ў Растоўскай вобласці пад удар беспілотнікаў папаў горад Марозаўск, побач з якім размешчаны вайсковы аэрадром.
Губернатар Васіль Голубеў запэўнівае, што дроны збілі, а ў выніку падзення абломкаў нібыта толькі загарэлася «сухая расліннасць».
***
Верталёт «Robinson», у якім знаходзіліся трое супрацоўнікаў ФСБ і які знік у Якуціі пасля спрацоўвання аварыйнага маяка 19 ліпеня, знайшлі збітым, паведаміла Усходне-Сібірская транспартная пракуратура РФ у Telegram.
«У выніку пошукава-выратавальных работ паветранае судна "Robinson" выяўлена ў цалкам разбураным стане. Знойдзеныя целы пілота і 3 пасажыраў».
Раней паведамлялася, што верталёт «Robinson» знік у раёне Алдана-Учурскага хрыбта 19 ліпеня.
Паводле звестак СМІ, на борце былі пілот і трое супрацоўнікаў ФСБ.
Пасля ўвядзення санкцый супраць Расіі за развязаную ёю крывавую вайну супраць Украіны ў РФ пачасціліся аварыі на паветраных суднах. Гэта тлумачылі недахопам неабходных дэталяў, якія РФ раней імпартавала з заходніх краін.
***
Пастаўкі ў Расію паўправаднікоў і іншых тавараў падвойнага прызначэння істотна скараціліся, аднак Кітай і Ганконг застаюцца найбуйнейшымі цэнтрамі абыходу антырасійскіх санкцый.
Пра гэта піша «Reuters» са спасылкай на раней не апублікаваныя звесткі Міністэрства гандлю ЗША.
Пастаўкі праз Ганконг тавараў высокага прыярытэту — перадавых кампанентаў, уключаючы мікраэлектроніку, якія, на думку ЗША і ЕС, могуць выкарыстоўвацца для вайны Расіі ва Украіне, — скараціліся на 28% у перыяд са студзеня да траўня гэтага года. З мацерыковага Кітая, за выключэннем Ганконга, зафіксавана скарачэнне на 19%.
Гэта вынік уплыву некалькіх фактараў, сярод якіх — санкцыі з боку амерыканскага ўрада, а таксама яго ўзаемадзеянне з кампаніямі, прадукцыя якіх незаконна імпартуецца ў РФ, лічыць Мінфін ЗША.
Са жніўня да снежня мінулага года больш за 200 зарэгістраваных у Ганконгу фірм адгрузілі расійскім пакупнікам тавараў на суму амаль $2 млрд., сведчаць звесткі Вашынгтонскай глабальнай некамерцыйнай арганізацыі бяспекі C4ADS.
З іх на $750 млн. перадавых кампанентаў было пастаўлена высакаякасных мікрасхем амерыканскай «Nvidia» і французскай «Vectrawave», а таксама больш простых чыпаў ад «Texas Instruments» і «Intel».
Як высветлілі журналісты «Reuters», у офісах некалькіх ганконскіх кампаній па ўказаных у рэгістрацыйных дакументах адрасах зарэгістраваныя дзясяткі падобных фіктыўных фірм-аднадзёнак.