891-шы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы акупавалі Вясёлае і прасоўваюцца ў кірунку Пакроўска

Сітуацыя на фронце цяжкая: украінцам не хапае жывой сілы і тэхнікі для стрымання расійскага наступу, а расійцы страчваюць утрая болей салдатаў, чым УСУ. У той жа час працягваюцца абстрэлы мірных тэрыторый Украіны, а таксама дроны прылятаюць у акупаваны Крым, Белгародскую і Курскую вобласці Расіі.

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

***

Расійскія войскі працягваюць павольна, але ўпэўнена прасоўвацца ў кірунку Пакроўска (на захад ад Аўдзееўкі): гэтаму спрыяе недахоп украінскай жывой сілы і рэльеф мясцовасці на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

Ваенныя аналітыкі прагназуюць, што, хутчэй за ўсё, расійскія наступальныя дзеянні яшчэ больш замарудзяцца, паколькі войскі РФ падыходзяць да лініі вялікіх і больш урбанізаваных населеных пунктаў. 

Украінскі ваенны аглядальнік Канстанцін Машавец адзначыў, што ўкраінскія абаронцы на Пакроўскім кірунку маюць горшае абсталяванне і сродкі абароны і таму пакуль не ў стане запаволіць прасоўванне расійскіх войскаў. 

Затрымкі з прадастаўленнем заходняй і асабліва амерыканскай ваеннай дапамогі прывялі да затрымак з абсталяваннем зноў створаных украінскіх падраздзяленняў і перааснашчэннем тых, што ўжо ваявалі.

Паводле ацэнкі ISW, расійскія сілы спрабуюць дасягнуць абмежаванага тактычнага атачэння ўкраінскіх сіл на ўсход ад трасы Т0511 (О0544) Ачэрэціна — Гродаўка — Мірнаград, у прыватнасці, на левым беразе ракі Ваўчыная. 

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 1 жніўня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся далей у межах Вясёлага ў напрамку дарогі Т0511, пры гэтым самае аддаленае пацверджанае расійскае прасоўванне — прыкладна ў 3,5 кіламетрах ад ускраін Гродаўкі. 

Машавец ахарактарызаваў нядаўняе прасоўванне расійскіх войскаў на паўднёвы ўсход ад дарогі О0544 як тактычнае пранікненне ўглыб украінскіх пазіцый і заявіў, што расійскія войскі прасунуліся на 6,5 кіламетраў углыб і на 7,5 кіламетраў у шырыню ад Сокала да Сяргееўкі, перасякаючы рэкі Ваўчыная і Казённы Тарэц (якія праходзяць праз Прагрэс — Ваўчынае і Лазавацкае адпаведна) за апошнія тыдні.

Машавец папярэдзіў, што расійскія войскі блізкія да дасягнення аператыўна значнага прарыву на Пакроўскім кірунку да канца жніўня.

Аднак цяперашнія тэмпы расійскага тактычнага прасоўвання ў напрамку Пакроўска, верагодна, не будуць працягвацца бясконца доўга, паколькі расійскія войскі набліжаюцца да лініі больш буйных і больш урбанізаваных населеных пунктаў. 

Цяперашнія намаганні Расіі на Пакроўскім напрамку сканцэнтраваны на дасягненні тактычнага прарыву ў раёне населеных пунктаў Жаданае і Наваградаўка. 

Акрамя гэтага, цэнтральная групоўка расійскіх войскаў, падобна, хутчэй перадыслакоўвае і разгортвае сілы паміж рознымі сектарамі сваёй нядаўна пашыранай зоны адказнасці ў Данецкай вобласці, чым гэта было раней на большай частцы тэатра ваенных дзеянняў.

Цэнтральная групоўка расійскіх войскаў, магчыма, стварыла больш гнуткую структуру камандавання і кіравання і хутчэй рэагуе на патэнцыйную тактычную ўразлівасць Украіны, чым іншыя расійскія групоўкі сіл ва Украіне.

***

57% украінцаў лічаць, што Украіна павінна ўступаць у перамовы з Расіяй для спробы дасягнення міру. У той жа час 66% рэспандэнтаў лічаць, што Украіна павінна вярнуць падкантрольную ёй тэрыторыю да 2014 года, уключаючы Данбас і Крым. Пра гэта сведчаць вынікі апытання Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута Украіны і Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, праведзенага сёлета ў траўні.

Паводле даных даследавання, 57% апытаных украінцаў адказалі, што павінна Украіна ўступаць у перамовы з Расіяй для спробы дасягнення міру. 38% лічаць, што Украіна не павінна ўступаць у перамовы, яшчэ 5% «не ведаюць».

Адзначаецца, што колькасць тых, хто згодны на перамовы з Расіяй, вырасла на 15% у параўнанні з лістападам 2023 года і вярнулася да вынікаў апытання траўня 2022 года. Тады 59% апытаных украінцаў адказалі, што павінна Украіна ўступаць у перамовы з Расіяй для спробы дасягнення міру.

Украінцы гатовыя да перамоваў пры такіх умовах:

66% рэспандэнтаў заявілі, што Украіна павінна вярнуць тэрыторыю, падкантрольную ёй да 2014 года, уключаючы Данбас і Крым.

60% апытаных лічаць «зусім непрымальным» тое, што Украіна можа прэтэндаваць толькі на тую, тэрыторыю якая падкантрольная ёй цяпер.

Таксама 74% і 76% апытаных не згодныя з тым, што Украіна дзеля міру павінна адмовіцца ад сяброўства ў NATO або ЕС.

***

За мінулыя суткі расійскія войскі атакавалі пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў на 11 кірунках, больш за ўсё вораг штурмаваў Пакроўскі і Курахоўскі кірункі. Усяго на фронце адбылося 127 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ.

Сілы абароны працягваюць наносіць страты Расіі — толькі за мінулыя суткі «адмінусавалі» 1 100 акупантаў, 42 артылерыйскія сістэмы і 8 ББМ.

Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 02.08.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 580 590 (+1 100) чалавек;
  • танкаў — 8 402 (+3) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 16 211 (+8) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 16 161 (+42) адз.;
  • РСЗА — 1 134 (+2) адз.;
  • сродкаў СПА — 907 (+0) адз.;
  • самалётаў — 363 (+0) адз.;
  • верталётаў — 326 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 13 005 (+37) адз.;
  • крылатых ракет — 2407 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 21 872 (+56) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 719 (+6) адз.

***

Як паведамляе ТГ-канал «Deep State», 1 жніўня расійцы акупавалі сяло Вясёлае ў Данецкай вобласці.

Акрамя гэтага, вораг прасунуўся каля Лісічнага, Іванаўкі, Сяргееўкі і Жаданага ў Данецкай вобласці.

***

Расійскія войскі раніцай 2 жніўня з дрона атакавалі аўтобус з людзьмі ў Харкаўскай вобласці, у выніку чаго пацярпелі сямёра цывільных, адзін чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане, паведаміў старшыня Харкаўскай АВА Алег Сінягубаў у Telegram.

«Каля 9.00 акупанты ўдарылі дронам па аўтобусе з людзьмі ў Дзергачоўскай грамадзе».

Усе пацярпелыя — работнікі-будаўнікі. На месцы працуюць праваахоўнікі і экстранныя службы.

Па факце парушэння законаў і звычаяў вайны следчыя адкрылі крымінальную вытворчасць.

***

Таксама пад удар папаў Купянск Харкаўскай вобласці. Ракета ўпала каля жылога дома, у выніку чаго загінула адна жанчына, яшчэ адна атрымала раненні, паведамляе кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў.

«2 жніўня каля 11:40 расійцы нанеслі ўдар па горадзе Купянск. Зафіксавана пападанне каля жылога дома. Папярэдне, вайскоўцы Расіі ажыццявілі абстрэл населенага пункта касетным боепрыпасам.

У выніку абстрэлу раненні атрымалі дзве мясцовыя жыхаркі, адна з якіх, жанчына 1958 года нараджэння, памерла. Другая жанчына параненая, шпіталізаваная ў бальніцу».

Паведамляецца, што на месца здарэння выехала следча-аператыўная група Купянскага райаддзела паліцыі, крыміналісты і выбухатэхнікі.

Па факце парушэння законаў і звычаяў вайны следчыя адкрылі крымінальную вытворчасць па арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны.

***

У выніку атакі дрона ў Херсоне загінуў мужчына 54 гадоў, 75-гадовая жанчына ў бальніцы, паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Мрочка, дадаючы, што выбухоўка была скінутая з дрона.

«Мужчына 54 гадоў загінуў. Ён атрымаў выбуховую траўму, несумяшчальную з жыццём. 75-гадовая жанчына з выбухной траўмай і асколачным раненнем спіны шпіталізаваная. Ёй аказваецца медыцынская дапамога», — цытуе Мрочку «Украінская праўда», удакладняючы, што ў момант атакі мужчына і жанчына былі на вуліцы.

***

У ноч на 2 жніўня ў часова акупаваным Крыме прагрымелі выбухі, там абвясцілі паветраную трывогу і балістычную пагрозу. Раніцай стала вядома, што фугасная частка збітай ноччу ракеты прабіла дах і затрымалася на тэхнічным паверсе 9-павярховага дома на праспекце Генерала Астракова ў Севастопалі. На дарозе побач з домам таксама выяўлена вялікая колькасць суббоепрыпасаў, паведаміў так званы губернатар Севастопаля Міхаіл Разважаеў у Telegram.

Выбухі былі чутныя ў Саках, Еўпаторыі, Балаклаве, Севастопалі і Сімферопалі.

У анэксаваным Расіяй Севастопалі каля 2.00 абвясцілі адбой паветранай трывогі. 

Акупацыйныя ўлады паведамілі пра абломкі ракет і дронаў, якія зваліліся ў чатырох месцах і пра абломкі беспілотніка на даху дома.

Разважаеў таксама напісаў, што збітыя «больш за чатыры паветраныя цэлі».

Каля 3.00 ён адзначыў, што пагроза нападу БПЛА захоўваецца на працягу ўсёй ночы.

Мясцовыя тэлеграм-каналы са спасылкай на свае крыніцы пішуць, што атакаваны суднарамонтны завод Чарнаморскага флоту.

***

Па выніках рэпатрыяцыйных мерапрыемстваў ва Украіну вярнулі целы 250 загінулых абаронцаў, паведамілі ва ўкраінскім Каардынацыйным штабе па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі

Адзначаецца, што цяпер на родную зямлю ўдалося вярнуць целы загінулых абаронцаў з Луганскага, Бахмуцкага, Мар'інскага, Аўдзееўскага, Херсонскага, Запарожскага кірункаў, а таксама з Марыупаля, Горлаўкі і з моргаў на тэрыторыі дзяржавы-агрэсара.

Рэпатрыяцыя целаў адбылася пры садзейнічанні Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, Мінрэінтэграцыі, Упаўнаважанага па зніклых без вестак у супрацоўніцтве з Аб'яднаным цэнтрам пры СБУ, ЦВС УСУ, іншымі сілавымі структурамі, ведамствамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Перадача целаў загінулых вайскоўцаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі Жэнеўскіх канвенцый.

Рэпатрыяваныя целы і парэшткі перавязуць у пэўныя дзяржаўныя ўстановы. Прадстаўнікі праваахоўных органаў і судова-медыцынскія эксперты ўстановяць асобы загінуўшых.

Пасля ідэнтыфікацыі целы перададуць родным для годнага пахавання.

***

Тэлеграм-канал Artjockey, які падтрымлівае ўварванне ва Украіну, каментуе падпісанне Уладзімірам Пуціным указа пра павелічэнне федэральнага бонуса за кантракт з расійскім войскам у 2 разы — да 400 тысяч рублёў (больш за 4,5 тысяч долараў), піша «Салідарнасць». Тым часам у шэрагу рэгіёнаў гэтая сума ўжо складае каля 2 мільёнаў «драўляных» (звыш 23 тысяч USD), а ў Маскве падбіраецца да 2,5 мільёнаў (каля 29 тысяч долараў).

«Добраахвотнікі ў Расіі скончыліся, гэта ўжо зусім відавочная праблема, у курсе нават Пуцін... далей толькі аб'яўленне мабілізацыі ў тым ці іншым выглядзе, каб пачаць выграбаць тых, хто "паклічуць-пайду".

Выплаты, дарэчы, гэта не адзіныя маркеры праблем з асабістым складам... У складзе УС РФ ужо існуе мотастралковы полк ВКС. Гэта значыць сабралі ўсіх, каго можна было сабраць з авіяцыі, і адправілі іх у пяхоту. Разумееце глыбіню праблемы? Расійскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва выграбае людзей у спробе пазбегнуць мабілізацыі (вось бы ўбачыць штурмавы батальён Дзяржаўнай думы), але гэта толькі адцягванне развязання пытання».

Канал прызнае, што расійская армія нясе значна большыя страты, чым украінская:

Страты ва УС РФ сапраўды высокія, дзесьці 1 да 3, дзесьці і больш, і гэта інфармацыя непасрэдна з фронту. Штармы сапраўды вельмі хутка і часта бесталкова зразаюцца».

***

Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоўпаведаміў пра атакі беспілотнікаў УСУ ў горадзе Шэбекіна і вёсцы Ржэўка, два чалавекі пацярпелі.

«У Шэбекіне ў выніку атакі дрона-камікадзэ па шматкватэрным доме паранены мужчына. Пацярпелы з асколачным раненнем сцягна дастаўлены брыгадай "хуткай" у гарадскую бальніцу № 2 горада Белгарада», — напісаў Гладкоў у тэлеграм-канале.

У вёсцы Ржэўка, паводле яго слоў, дрон атакаваў прыватны жылы дом. Мужчына атрымаў асколачныя раненні твару, у доме прабіты дах і выбітыя вокны.

«У выніку яшчэ адной атакі робата ў Ржэўцы пашкоджаны дахі яшчэ ў адным доме і гаражы. Трэці дрон здэтанаваў на гараж, з прычыны чаго ў ім пачаўся пажар. Узгаранне ліквідаванае», — удакладніў Гладкоў.

***

Пасля налёту на розныя раёны Крыма ўкраінская армія запусціла дроны па цэлях у Курскай вобласці Расіі.

Губернатар Курскай вобласці Аляксей Смірноў абвясціў у сацсетках пра небяспеку атакі беспілотнікаў; расійскі маніторынгавы канал «Памежжа» сцвярджае, што збітыя ўжо два дроны; навінавы тэлеграм-канал «Курскі Бомондъ» выдаў нецэнзурны ўсклік і яшчэ адну рэпліку, з якіх можна зрабіць выснову, што ў Курску прагрымеў выбух або выбухі.

Іншай інфармацыі пра адбіццё і наступствы налёту пакуль няма, піша «Бі-бі-сі».