907-мы дзень вайны. Лукашэнка кажа, што Беларусь перакінула да мяжы з Украінай траціну войска
«Больш за тое, там працуюць спецслужбы, спецпадраздзяленні – „Альфа«, „Алмаз« і іншыя», — сцвярджае Лукашэнка. Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Лукашэнка заявіў аб перакідванні траціны войска да мяжы з Украінай
Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Расія 1", што Беларусь перакінула да мяжы з Украінай таціну сваіх войскаў.
Паводле слоў Лукашэнкі, ён пайшоў на такі крок з-за таго, што Украіна не толькі "трымае паблізу граніц з Беларуссю больш за 120 тысяч ваенных", але і пачала перакідваць дадатковыя падраздзяленні.
«Бачачы іх агрэсіўную палітыку, мы ўвялі туды і размясцілі ў пэўных кропках — так, як гэта ў выпадку вайны, абароны было б, — нашых вайскоўцаў уздоўж усёй мяжы. Больш за тое, там працуюць спецслужбы, спецпадраздзяленні – „Альфа“, „Алмаз“ і іншыя — найбольш падрыхтаваныя, яны сваю працу робяць».
Наконт аперацыі УСУ ў Курскай вобласці Лукашэнка сказаў, што Украіна пайшла «на павышэнне ставак», што, на яго думку, «няправільна».
Міністр абароны Вялікабрытаніі: Украіна мае права абараняцца ад агрэсіі і на тэрыторыі Расіі
Міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Хілі напісаў калонку ў папулярнай газеце Sunday Express, у якой закрануў украінскую аперацыю ў Курскай вобласці на прызнанай тэрыторыі Расіі, перадае Бі-бі-сі.
«Правёўшы на пасадзе міністра абароны Брытаніі ўсяго шэсць тыдняў, я больш, чым калі-небудзь, перакананы, што абарона Злучанага Каралеўства — і Еўропы — пачынаецца ва Украіне. Таму што калі Пуцін атрымае поспех ва Украіне, ён там не спыніцца, а іншыя, падобныя да яго, асмялеюць», — піша Хілі.
«Таму мы будзем побач з нашымі адважнымі ўкраінскімі сябрамі столькі, колькі спатрэбіцца. Брытанія адзіная ў падтрымцы Украіны», — працягвае ён.
«Дзёрзкая вылазка ўкраінскіх войскаў у Расею ў апошнія дні — дзеля абароны супраць далейшых расійскіх удараў па ўкраінскіх гарадах — агаліла ўразлівасці расійскай арміі і аказвае ціск на Пуціна. Дазвольце мне выказацца з усёй яснасцю: паводле артыкула 51 Статута ААН Украіна мае дакладнае права на самаабарону ад незаконных нападаў Расіі», — піша міністр.
«Пры ўмове, што міжнароднае права выконваецца, гэта не выключае і аперацыі на тэрыторыі Расіі», – падкрэслівае ён.
Закранаючы прымяненне брытанскай зброі на тэрыторыі Расіі (у Курскай вобласці былі заўважаны танкі Challenger 2), Хілі піша:
«Мы павінны ганарыцца, што падоранае Брытаніяй абсталяванне, у руках адважных украінцаў на фронце, дапамагае ім абараняць сваю краіну і адганяць Пуціна».
Украінскія вайскоўцы заявілі аб разбурэнні другога маста праз раку Сейм у Курскай вобласці
Украінскія вайскоўцы разбурылі другі мост праз раку Сейм у Курскай вобласці — у раёне вёскі Званае. Відэа авіяўдару па мосце апублікаваў 18 жніўня ў сваім фэйсбуку камандуючы Паветраных сіл УСУ Мікалай Алешчук.
«Курскі напрамак. Мінус яшчэ адзін мост! — напісаў Алешчук, дадаўшы, што «авіяцыя Паветраных сіл дакладнымі ўдарамі з паветра працягвае пазбаўляць ворага лагістычных магчымасцяў, што істотна ўплывае на ход баявых дзеянняў».
16 жніўня ўлады Курскай вобласці паведамлялі аб разбурэнні моста праз раку Сейм у Глушкаўскім раёне. Алешчук публікаваў відэа ўдару па мосце, не ўдакладняючы дэталяў, і пісаў, што «авіяцыя Паветраных сілаў актыўна ўдзельнічае ў баявых дзеяннях на Курскім кірунку».
Усяго ў Глушкаўскім раёне, мяркуючы па карце, тры масты праз Сейм, улакладняе meduza.io — ля вёскі Глушкава, ля вёскі Званное і ля вёскі Карыж.
Масты праз Сейм адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні транспартнай даступнасці некалькіх дзясяткаў населеных пунктаў у прымежнай частцы Глушкаўскага раёна.
Расійцы запусцілі па тэрыторыі Украіны 16 ракет і беспілотнікаў
13 з іх удалося збіць у Кіеўскай, Сумскай і Палтаўскай абласцях, паведаміла камандаванне Паветраных сіл УСУ.
Астатнія ракеты і беспілотнікі, падкрэслілі ўкраінскія вайскоўцы, таксама не дасягнулі сваіх мэт. Звестак аб загінулых і пацярпелых няма.
Зяленскі: Расія на гэтым тыдні атакавала Украіну больш за 40 ракетамі
На гэтым тыдні расійскія войскі ўдарылі па тэрыторыі Украіны больш за 40 ракетамі розных тыпаў, 750 кіраванымі авіябомбамі і 200 беспілотнікамі розных тыпаў, сказаў у нядзелю прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«За такі тэрор акупант павінен адказваць перад судом і гісторыяй і ўжо трымае адказ перад сілай нашых воінаў», — падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.