933-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: РФ у «контрнаступае» ў Курскай вобласці, а Украіна можа атрымаць дазвол біць па расійцах заходнімі ракетамі
Расія працягвае абстрэльваць тэрыторыю Украіны, сярод мірнага насельніцтва ёсць ахвяры. Украінцы, у сваю чаргу, прасоўваюцца пад Курскам і не рэагуюць на так званы «контрнаступ» РФ, які амерыканцы назвалі «нязначнымі дзеяннямі».
***
Аналітыкі праекта «Deep State» ўначы 13 верасня абнавілі мапу баявых дзеянняў, адзначыўшы, што расійцы прасунуліся ў пяці населеных пунктах Украіны:
«Вораг прасунуўся ў Макееўцы, Краснагораўцы, Гродаўцы, а таксама ля Пясчанага і Прачыстаўкі».
***
Эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) паказваюць на нязначныя прасоўванні расійскіх войск у Курскай вобласці ў раёнах, якія сілы абароны кантралююць не цалкам. Расійцы сутыкнуцца з вялікімі цяжкасцямі пры далейшых спробах контратак у падкантрольных украінскім сілам раёнах.
«Расійскія войскі працягвалі контратакаваць па ўсім украінскім выступе ў Курскай вобласці 12 верасня, але дасягнулі толькі нязначных поспехаў, верагодна, з-за працягу ўкраінскіх наступальных аперацый і абарончых контратак у гэтым раёне».
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 12 верасня, паказваюць на тое, што расійскія войскі дасягнулі нязначных поспехаў на захад ад Вішнеўкі (на паўднёвы захад ад Каранёва) і на поўначы Краснаакцябрскага (на паўднёвы захад ад Каранёвага).
Міністэрства абароны Расіі заявіла, што расійскія войскі адбілі 10 населеных пунктаў на поўдзень і паўднёвы захад ад Каранёва з моманту пачатку контратак у ноч з 10 на 11 верасня, уключаючы Апанасаўку, Бяхава, Вішнёўку, Віктараўку, Незапнае, Гардзееўку, Краснаакцябрскае, Абухоўку, Снагосць і 10-ты Кастрычнік.
Аналітыкі адзначаюць, што ўсе гэтыя населеныя пункты знаходзяцца ў межах існуючай заяўленай мяжы расійскага прасоўвання, і ISW пакуль не бачыў візуальнага пацвярджэння таго, што расійскія войскі адбілі любы з гэтых населеных пунктаў, акрамя частак Снагосця і Краснаакцябрскага.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 12 верасня, паказваюць на тое, што ўкраінская пяхота прасунулася праз мяжу ў Цёткіне (каля 40 км на паўднёвы захад ад цяперашняй украінскай лініі фронту ў Курскай вобласці).
Дадатковыя геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 12 верасня, сведчаць, што ўкраінская бронетэхніка і пяхота бесперашкодна абыходзяць расійскія супрацьтанкавыя загароды «Зубы дракона» на расійска-ўкраінскай мяжы на паўднёвы захад ад новага шляху (на паўднёвы захад ад Глушкава), што сведчыць пра тое, што ўкраінскія войскі прасунуліся ў гэтым раёне і што расійскія войскі не былі гатовыя выкарыстоўваць гэтыя загароды для адбіццяя трансгранічных украінскіх нападаў.
Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы працягваюць наступаць у раёне населеных пунктаў Новы шлях, Мядзведжы (на паўднёвы ўсход ад Глушкава), Снагосць, Ольгаўка (на ўсход ад Каранёва) і Фанасееўка (на паўднёвы ўсход ад Суджы).
«Расійскія войскі прасунуліся ў раёнах Курскай вобласці, якія ўкраінскія войскі яшчэ не цалкам кантралююць і не спрабуюць кантраляваць, і расійскія войскі, верагодна, сутыкнуцца з вялікімі цяжкасцямі пры далейшым прасоўванні ў раёны, якія кантралююцца ўкраінскімі войскамі.
Украінскія сілы не спрабавалі замацавацца паўсюдна на сваім выступе ў Курскай вобласці, і цалкам верагодна, што сілы абароны мелі менш кансалідаваных пазіцый у перадавых раёнах на краях выступу, куды нядаўна прасунуліся расійскія войскі.
Расійскія контратакі супраць лепш падрыхтаваных і ўмацаваных пазіцый на тэрыторыі, якую кантралююць украінскія войскі, імаверна, будуць значна менш паспяховымі, чым контратакі, якія расійскія войскі пачалі 10-11 верасня».
***
Прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Петэр Стана на брыфінгу ў пятніцу заявіў, што запалохванне расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна аб уцягванні NATO і еўрапейскіх краін у вайну ў выпадку выкарыстання заходніх дальнабойных ракет па расійскай тэрыторыі не зменіць пазіцыі Еўрасаюза адносна падтрымкі Украіны, паведамляе «Еўрапейская праўда».
«Пуцін рэгулярна робіць шмат ілжывых каментароў. Гэта ён пачаў вайну супраць Украіны... Вядома, нішто з таго, што ён кажа, не зменіць нашай пазіцыі, пакуль ён працягвае гэтую незаконную агрэсію супраць украінскага народа».
Стана паабяцаў, што ЕС працягне аказваць падтрымку Украіне, уключаючы ваенную падтрымку.
«Дыскусіі адносна паслаблення абмежаванняў на выкарыстанне зброі, прадастаўленага краінамі-членамі, працягваюцца. Мы бачылі вынікі абмеркаванняў у выглядзе індывідуальных рашэнняў. Па гэтым пытанні няма агульнаеўрапейскай пазіцыі. Вядома, гэта залежыць ад дзяржаў-членаў, якія прадастаўляюць зброю», — сказаў еўрапейскі чыноўнік.
***
Міністэрства абароны ЗША ацаніла контрнаступальныя дзеянні расійскіх войскаў у Курскай вобласці, назваўшы іх «нязначнымі».
«Мы бачым, што на цяперашнім этапе расійскія падраздзяленні пачынаюць, спрабуюць правесці пэўныя контрнаступальныя дзеянні ў Курскай вобласці», — цытуе «Укрінфарм» словы прэс-сакратара Пентагона генерала Патрыка Райдэра.
Паводле яго слоў, гэтыя дзеянні з'яўляюцца «нязначнымі». Аднак, дадаў Райдэр, у Пентагоне сочаць за развіццём падзей.
***
За мінулыя суткі на фронце адбылося 143 баявыя сутыкненні, 63 штурмы расійцы накіравалі на Курахоўскі кірунак, таксама вораг інтэнсіўна атакуе Пакроўскі кірунак, паведамляе Генштаб УСУ.
Таксама вядома, што ў ноч на 13 верасня Расія запусціла па Украіне амаль тры дзясяткі дронаў-камікадзэ, супрацьпаветраная абарона знішчыла 24 варожыя БПЛА.
Расійцы атакавалі 26-цю ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed» (раёны пускаў: Прыморска-Ахтарск — РФ, Чауда — часова акупаваны Крым).
У выніку супрацьпаветранага бою авіяцыяй, зенітнымі ракетнымі войскамі, падраздзяленнямі мабільных агнявых груп і РЭБ Сіл абароны Украіны збіта 24 варожыя ўдарныя БпЛА ў межах Мікалаеўскай, Адэскай, Херсонскай, Хмяльніцкай і Івана-Франкоўскай абласцей.
Акрамя таго, Слы абароны Украіны за мінулыя суткі абясшкодзілі больш за тысячу акупантаў і спалілі больш за 270 адзінак варожай тэхнікі. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 13.09.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 631 420 (+1 220) чалавек;
- танкаў — 8 671 (+18) адз.;
- баявых браніраваных машын — 17 003 (+48) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 18 061 (+52) адз.;
- РСЗА — 1 185 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 945 (+0) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 328 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 15 113 (+80) адз.;
- крылатых ракет — 2 591 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 24 560 (+79) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 071 (+10) адз.
***
За мінулыя суткі пад варожыя абстрэлы пападала грамадзянская энергетычная інфраструктура ў Данецкай, Запарожскай, Івана-Франкоўскай, Адэскай, Сумскай і Харкаўскай абласцях. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі Украіны.
У Данецкай вобласці падчас паветранай трывогі адключыліся паветраныя лініі, у выніку чаго абясточылася некалькі падстанцый, без святла засталіся бытавыя спажыўцы, а таксама шахты. На момант інцыдэнту ўсяго ў шахтах знаходзілася 277 работнікаў, усе выведзеныя на паверхню. Забеспячэнне святлом адноўлена.
У Запарожскай вобласці ў выніку баявых дзеянняў пашкоджана паветраная лінія. Спажыўцы не абясточваліся.
У Адэскай вобласці з-за баявых дзеянняў выключалася паветраная лінія, абясточваліся бытавыя спажыўцы.
У Івана-Франкоўскай вобласці ў выніку атакі БПЛА пашкоджаны аб'ект прамысловай інфраструктуры, падчас тушэння пажару выключалася паветраная лінія, абясточваліся бытавыя спажыўцы. Забеспячэнне святлом адноўлена.
***
Акрамя штурмаў на Пакроўскім кірунку праціўнік актыўна прымяняе дыверсійна-выведвальныя групы, за апошнія дні падраздзяленні Нацыянальнай гвардыі ліквідавалі некалькі ДРГ ворага, расказаў спікер Нацгвардыі Украіны палкоўнік Руслан Музычук у каментары «Украінскай праўдзе».
«За апошнія некалькі дзён падраздзяленні Нацгвардыі знішчылі групы праціўніка, якія спрабавалі прасочвацца ў населеныя пункты і праводзіць дыверсійна-выведвальныя дзеянні. Загадзя выявіўшы іх, байцы НГУ зладзілі ім засаду і знішчылі. У прыватнасці, некаторыя агнявыя кантакты мелі месца на досыць блізкай адлегласці і ўжывалася толькі стралковая зброя».
Агулам, паводле слоў Музычука, колькасць боесутыкненняў найбольшая на Курахоўскім і Пакроўскім кірунках. Нягледзячы на вялікія страты, праціўнік працягвае спробы весці штурмавыя дзеянні групамі пяхоты. Прымяняецца вялікая колькасць жывой сілы, ў спробах забяспечыць высокую шчыльнасць на участках наступу.
***
Раніцай 13 верасня расійцы ажыццявілі авіяцыйны ўдар па Ахтырцы ў Сумскай вобласці, ужыўшы УАБ, паведамілі ў ваеннай адміністрацыі Сумскай вобласці.
У АВА адзначаюць, што зафіксаваны адзін выбух. У выніку абстрэлу пашкоджаны шматпавярховы жылы дом, гаспадарчыя пабудовы, аўтамабілі, будынкі прадпрыемства.
Як паведаміў дырэктар Сумскага дома-інтэрната Віктар Токараў, «у нашай установе на другім паверсе ў актавай зале пасыпаліся вокны. Там знаходзіліся жанчыны, дзве ад стрэсу памерлі. Будзем іх хаваць».
Таксама расійская авіяцыя раніцай 13 верасня ўдарыла па грамадзянскай інфраструктуры Польскай грамады ў Сумскай вобласці, у выніку чаго загінулі 2 чалавекі, яшчэ 6, сярод якіх 4-гадовае дзіця, атрымалі раненні.
У Сумскай АВА паведамілі, што прагучалі 4 выбухі.
Паводле дадзеных пракуратуры рэгіёна, у выніку атакі акупантаў загінулі двое мужчын — 54 і 60 гадоў.
Пашкоджаныя шматкватэрныя жылыя дамы і памяшканні аптэкі, таксама пашкоджана электразабеспячэнне.
***
Расійскія захопнікі ўвечары 12 верасня і раніцай 13 верасня атакавалі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці дронамі-камікадзэ і артснарадамі — паранілі жанчыну, пашкодзілі дамы і лініі электраперадачы, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак у Telegram.
«У райцэнтры пацярпела 73-гадовая мясцовая жыхарка. З асколачным раненнем галавы яна дастаўлена ў бальніцу. Там атрымлівае ўсю неабходную медыцынскую дапамогу».
У Нікапалі пашкоджаны тры прыватныя дамы, лінія электраперадач, гаспадарчая пабудова. Таксама ёсць разбурэнні ў Міраўскай грамадзе.
Адзін дом пашкоджаны ў Марганецкай грамадзе.
«Агонь з артылерыі вораг адкрываў і па Краснагрыгор'еўскай. Інфармацыя пра наступствы абстрэлу ўдакладняецца», — падсумаваў Лысак.
***
У выніку атакі расійскіх ударных беспілотнікаў па Адэсе і Адэскім раёне ў ноч на 13 верасня пацярпеў адзін мірны жыхар, прыватная забудова і аўтамабілі, напісаў кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер у Telegram.
У ноч на пятніцу вораг выпусціў «Шахеды» з часова акупаванага Крыма. На працягу амаль гадзіны працягвалася напружаная баявая праца сіл СПА, адзначае Кіпер.
Пацярпеў адзін чалавек: у 74-гадовага мужчыны рэзаная рана рукі. Паведамляецца, што дапамогу медыкі аказалі на месцы.
У выніку падзення абломкаў у Адэсе і раёне, паводле папярэдняй інфармацыі, пашкоджаныя: 4 гаражы, вокны ў 20-ці прыватных жылых дамах, 4 легкавыя аўтамабілі і дзве прыбудовы да жылых дамоў.
***
У выніку ўдару расійскага беспілотніка па вёсцы Веляценскае пацярпелі двое мясцовых жыхароў, якіх шпіталізавалі з траўмамі, паведамляе Херсонская абласная ваенная адміністрацыя ў Telegram.
У выніку скіду выбухоўкі пацярпелі 75-гадовая жанчына і 60-гадовы мужчына, якія знаходзіліся на вуліцы падчас удару.
Паводле папярэдніх даных, пацярпелыя атрымалі выбуховыя траўмы, кантузіі і аскепкавыя раненні канечнасцей. Абодвух пацярпелых даставілі ў бальніцу, дзе ім аказваюць медыцынскую дапамогу.
***
Акупанты абстралялі сяло Малая Такмачка ў Запарожскай вобласці, у выніку чаго 67-гадовая жанчына атрымала раненні, напісаў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў у Telegram.
Паводле слоў кіраўніка вобласці, жанчына атрымала аскепкавыя раненні левага пляча.
Ратавальнікі Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях аказалі пацярпелай медыцынскую дапамогу і даставілі ў бальніцу.
Фёдараў паведаміў, што на працягу сутак 12 верасня акупанты 139 разоў білі з артылерыі па тэрыторыі Гуляйполя, Новаандрэеўкі, Верхняй Тэрсы, Рабоціна, Малой Такмачкі, Малінаўкі і Ляваднага.
***
Украінскі бок вярнуў з расійскага палону яшчэ 49 вайскоўцаў і цывільных, сярод іх, упершыню за шмат часу, — 23 жанчыны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў у сацсетках:
«Яшчэ адно вяртанне нашых людзей, якога мы заўсёды чакаем і дзеля якіх працуем.
49 украінцаў і ўкраінак дома. Гэта воіны Узброеных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі, Дзяржаўнай памежнай службы, а таксама нашы грамадзянскія людзі. У прыватнасці, Леніе Умерава — дзяўчына, якую расійцы захапілі ў закладнікі, калі яна прыехала даглядаць хворага бацьку. Таксама ўдалося вызваліць яшчэ частку абаронцаў "Азоўсталі". Дома і Герой Украіны, ваенны медык Віктар Іўчук».
***
Што зменіцца на фронце, калі Захад дазволіць Украіне біць па Расіі ракетамі «Storm Shadow»? Пра гэта піша «Салідарнасць» са спасылкай на «Палітыку краіны».
У заходніх СМІ шырыцца ўсё больш чутак пра тое, што Украіне дадуць права на ўдары па Расіі брытанскімі «Storm Shadow» або французскімі аналагамі «Scalp». Пры гэтым ЗША пакінуць у сіле забарону на прымяненне дальнабойных версій «ATACMS».
Што могуць памяняць «Storm Shadow», калі яны змогуць біць па міжнародна прызнанай тэрыторыі РФ?
Далёкасць тых ракет, якія пастаўляліся да гэтага часу Кіеву, складае 250 кіламетраў. Ёсць і версіі на 560 кіламетраў, але пра іх пастаўкі пакуль нічога не паведамлялася.
Мяркуючы па публікацыях у амерыканскай прэсе, у Байдэна абмяркоўваюць магчымасць пашырыць зону дапушчальнага прымянення заходняй зброі па РФ — «для удараў у адказ на расійскія напады». Што хутчэй укладваецца ў логіку радыусу да 250, чым да 560 кіламетраў.
Гэта значыць, за базавы сцэнар можна прыняць, што Украіна атрымае права на ўдары менш дальнабойнай, экспартнай версіяй «Storm Shadow».
«Шторм» з'яўляецца крылатай ракетай, якую запускаюць з паветра — гэта значыць, для гэтага патрэбны самалёт. З чаго вынікае, што фактычны радыус паражэння цэляў у Расіі будзе меншы за 250 кіламетраў: блізка да мяжы самалёт падлятаць не зможа, каб не трапіць пад агонь расійскай СПА.
Альбо, каб падвесці авіяцыю да мяжы на максімальна блізкую адлегласць, спатрэбіцца спачатку здушыць расійскія ЗРК на патрабаваным кірунку. А для гэтага ўдар давядзецца наносіць камбінаваны, што ў любым выпадку ўскладніць выкарыстанне «Storm Shadow».
Ужо з гэтай прычыны прымяненне гэтых ракет па РФ наўрад ці стане масіраваным — кожны ўдар будзе мець патрэбу ў складаных мерапрыемствах па забеспячэнні бяспекі самалёта.
Другі фактар, які абмяжоўвае масавасць — дэфіцыт саміх ракет. Калі верыць брытанскай прэсе, Украіна ўжо практычна патраціла запас «Storm Shadow» на ўдары па Крыме.
Тым не менш, калі ўзяць за аснову характарыстыкі дальнабойнасці «Storm Shadow», то ў гіпатэтычную зону іх паражэння трапляюць такія буйныя гарады РФ, як Варонеж, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Арол, Бранск і Курск…
Таксама запуск ракет з самалётаў накладвае абмежаванне на хуткасць нанясення ўдару пасля выяўлення цэлі (патрэбны час, каб падрыхтаваць самалёт да вылету, час на сам узлёт і падлёт да зоны запуску ракет). А гэта робіць практычна немагчымым паражэнне «самалётнымі» ракетамі цэляў, якія доўга на адным месцы не затрымліваюцца (напрыклад, ракетныя пускавыя ўстаноўкі). Імі, па сутнасці, можна паражаць толькі стацыянарныя цэлі.
Пры гэтым, як заяўлялі заходнія чыноўнікі, расійцы актыўна выводзяць стратэгічна важныя ваенныя аб'екты па-за межы радыусу дзеяння заходніх ракет. У прыватнасці, гаворка ідзе пра месцы базавання самалётаў.
Таму, хутчэй за ўсё, нейкага стратэгічнага ўплыву на фронт ва Украіне зняцце ракетных абмежаванняў не акажа. Пра што ўжо пішуць і заходнія СМІ.