936-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: на ЗАЭС хаваюцца расійскі АМАП і САХР

Найбольшую колькасць беспілотнікаў гэтай ноччу расійцы запусцілі па Кіеўшчыне. Узрасла колькасць ахвяр учарашняга абстрэлу Харкава. Украінцы ў адказ абстралялі Белгарад.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) паказваюць на тое, што Расія сутыкнецца з недахопам узбраення і матэрыяльных сродкаў для вайны супраць Украіны і паглыбіць залежнасць у гэтым пытанні ад замежных партнёраў:

«Расія, імаверна, сутыкнецца з нарастаючымі праблемамі ў вытворчасці і закупцы матэрыяльных сродкаў, неабходных для расійскіх аперацый ва Украіне, і Крэмль будзе ўсё больш залежаць ад замежных партнёраў у задавальненні сваіх патрэб у матэрыяльных сродках».

Аналітыкі адзначаюць, што расійскія вайскоўцы ў значнай ступені аднаўляюць запасы з узбраення і вайсковай тэхнікі савецкіх часоў, асабліва бронетэхнікі, для падтрымання тэмпаў сваіх наступальных аперацый ва Украіне.

«Расійскім уладам, верагодна, давядзецца яшчэ больш мабілізаваць эканоміку і абаронную прамысловасць і інвеставаць у развіццё патэнцыялу, калі расійскія вайскоўцы маюць намер падтрымліваць цяперашні тэмп аперацый у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, паколькі Расія вычэрпвае свае абмежаваныя савецкія запасы, але незразумела, ці зможа іх абаронная прамысловасць вырабляць дастаткова прадукцыі, каб вытрымаць высокі ўзровень страт тэхнікі, што панясуць расійскія войскі ва Украіне, нават пры ўмове далейшай эканамічнай мабілізацыі».

Раней ISW ужо ацэньваў, што намаганні Расіі па пашырэнні свайго АПК наўрад ці будуць устойлівымі ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве праз чаканы дэфіцыт працоўнай сілы і ўплыў заходніх санкцый.

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення вайсковай выведкі Украіны генерал-лейтэнант Кірыл Буданаў звярнуў увагу на ролю Паўночнай Карэі як самага ўплывовага ваеннага хаўрусніка Расіі.

Ён адзначыў, што пастаўкі паўночнакарэйскіх артылерыйскіх боепрыпасаў у Расію маюць прамы і хуткі ўплыў на дынаміку вайны, прычым украінскія войскі адчуваюць павышэнне тэмпу расійскіх аперацый ужо праз некалькі дзён пасля прыбыцця артылерыйскіх боепрыпасаў, прадастаўленых Паўночнай Карэяй.

Як паведамлялася, Паўночная Карэя паставіла ў Расію 4,8 мільёна артылерыйскіх боепрыпасаў па стане на чэрвень 2024 года.

«Падтрымка Паўночнай Карэі раней дазваляла Расіі захоўваць значную артылерыйскую перавагу над Украінай, і Расія выкарыстала гэтыя перавагі для падтрымкі паслядоўных наступальных аперацый, накіраваных на тое, каб не даць украінскім войскам магчымасці перахапіць ініцыятыву».

ISW адзначае, што расійскія ўлады апошнім часам актывізавалі ваеннае супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй, пра што сведчыць візіт старшыні Рады бяспекі РФ Сяргея Шайгу ў Пхеньян 13 верасня і візіт Пуціна ў чэрвені 2024 года, калі ён падпісаў пагадненне аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве з кіраўніком КНДР Кім Чэн Ынам.

На думку экспертаў, паглыбленне ваеннага партнёрства Расіі з Паўночнай Карэяй з'яўляецца сімвалічным для адносінаў, якія РФ імкнецца пабудаваць з Іранам, КНР і іншымі жаданымі партнёрамі.

«Расія, імаверна, сутыкнецца са скарачэннем запасаў узбраенняў і тэхнікі і будзе спрабаваць кампенсаваць гэты дэфіцыт, калі яна не зможа маштабна абысці заходнія санкцыі і значна пашырыць сваё ўзаемадзеянне з замежнымі партнёрамі, каб атрымаць дастатковую колькасць ваеннай тэхнікі, камплектуючых і тавараў падвойнага прызначэння».

***

З 2022 года Расія разам з партнёрамі прадалі крадзенага з акупаваных тэрыторый Украіны збожжа на амаль адзін мільярд долараў. Пра гэта паведамляе «The Wall Street Journal».

Гэты «бізнэс» мае шырокую сетку кліентаў, у якую ўваходзяць адказныя за расійскае ўварванне фірмы, а таксама кампанія, звязаная з рэвалюцыйнай гвардыяй Ірана, крымскі бізнэсовец Ганага, што праз сваю кампанію «Agro-Fregat LLC» супрацоўнічае з Сірыяй і Ізраілем, а таксама фірма, якая гандлюе з ААЭ.

У першай палове 2024 года расійцы адправілі 15 караблёў з 81 тыс. тон пшаніцы ў Турцыю з Марыупаля. Улады Турцыі паведамляюць, што забаранілі судам праходзіць з акупаваных украінскіх тэрміналаў і супрацоўнічаюць з Кіевам для блакавання незаконнага гандлю. 

Адзначаецца, што дакладны камерцыйны кошт выкрадзенай аграпрадукцыі вызначыць складана. Але, паводле слоў намесніка міністра сельскай гаспадаркі Дзмітрасевіча, з 2022 года прынамсі 4 млн. тон збожжа з акупаванай часткі Украіны прадалі на міжнародных рынках, а сума гэтых здзелак складае каля 800 млн. долараў.

Продаж нарабаванага дапамагае Расіі спраўляцца з эканамічным ціскам санкцый. Такім чынам выкрадзенае ў выніку вайны дапамагае фінансаваць гэтую самую вайну. 

Паведамляецца, што большасць выкрадзенага экспартавалі маленькімі караблямі або па зямлі. Агульны кошт скрадзенага расійцамі збожжа можа дасягаць 6,4 млрд. долараў. 

Саўдзел у гэтым выкраданні мае розныя формы. Паводле даных урада ЗША, трыма судамі, якія экспартуюць вялікія аб'ёмы нелегальнага збожжа, праз сетку карпаратыўных арганізацый валодае расійская дзяржаўная «Аб'яднаная суднабудаўнічая карпарацыя», што таксама вырабляла ваенныя караблі, з якіх абстрэльвалі Украіну. 

А расійская фірма, якая прадае збожжа з акупаванай часткі Запарожскай вобласці, ахвяравала батальёну акупантаў 111 тыс. долараў.

Таксама ў паведамленні дадаюць, што часам замяшанымі ў схемах продажу аказваюцца замежныя суды. 

Украінскі пракурор Ігар Паначоўны ў чэрвені пачаў сачыць за турэцкім суднам «Usko MFU», якое, паводле яго падазрэння, перавозіла скрадзенае збожжа ў мінулым годзе з Севастопальскага порта. Гэтае судна ў лістападзе вывезла ў Турцыю 2100 тон здробненага насення сланечніка і бурай пшаніцы патэнцыйным коштам у паўмільёна долараў. 

Следчыя паведамілі, што знайшлі на борце паведамленне ад кіраўнікоў судна капітану з указаннем крымскага паходжання грузу. 

Рынкамі збыту крымскага збожжа з'яўляюцца Емен і Іран. Егіпет, Ізраіль і Ліван перасталі купляць збожжа пасля таго, як ім паказалі, што яно выкрадзена. 

Тэгеран закупляе ячмень у Крыме па 140 долараў за тону, зніжка — 34% ад рынкавага кошту.

***

Аналітыкі праекта «Deep State» ўвечары 16 верасня абнавілі мапу баявых дзеянняў ва Украіне, адзначыўшы, што расійцы прасунуліся каля населеных пунктаў Данецкай вобласці — у прыватнасці, каля Вугледара.

«Вораг прасунуўся каля Калеснікоўкі, Кацярынаўкі, Вадзянога, Вугледара, у Спірным і Украінску».

https://t.me/DeepStateUA/20353

***

Паводле даных украінскага «Цэнтра нацыянальнага супраціву», расійцы працягваюць выкарыстоўваць тэрыторыю Запарожскай АЭС для размяшчэння асабістага саставу сваіх войскаў і складавання боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

«Так, дзякуючы перададзеным ад украінскага падполля і неабыякавых грамадзян звесткам удалося падлічыць, што на тэрыторыі ЗАЭС размешчаныя падраздзяленні Расгвардыі агульнай колькасцю да 1300 чалавек.

У прыватнасці, былі ідэнтыфікаваныя падраздзяленні АМАП "Ахмат-1" (Грозны, вось Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя) і САХР "Агат" (Пенза, РФ).

Для маскіроўкі частка акупантаў, якая заступае на дзяжурства, выкарыстоўвае форму ваенізаванай аховы ЗАЭС, а не Расгвардыі».

У ЦНС паказваюць, што, акрамя таго, тэхнічныя і падвальныя памяшканні станцыі акупанты выкарыстоўваюць для захоўвання стралковых і артылерыйскіх боепрыпасаў як для забеспячэння кантынгенту размешчанага на станцыі, так і сіл на сумежных пазіцыях.

У паведамленні дадаюць, што вакол Энергадара праціўнік заклаў больш за 20 мінных палёў, яны абгінаюць станцыю і горад і маюць агульную працягласць каля 6,5 км.

«Акупанты дагэтуль баяцца магчымага дэсантавання Сіл абароны з Дняпра», — кажуць у супраціве.

«Нягледзячы на візіт місіі МАГАТЭ на гэтым тыдні іх маршрут быў старанна і загадзя спланаваны акупантамі. Улічваючы праяўленую ветлівасць і абдымкі генеральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі з расійскім кіраўніцтвам акупаванай АЭС, ужо і не дзіўна, што яго каманда чарговы раз не заўважыла значнай колькасці расійскіх войскаў і ўзбраення на тэрыторыі атамнай электрастанцыі.

У прыватнасці, ужо не ўпершыню ім не далі доступ да заходняй часткі дзвюх турбінных зал. Аднак прадстаўніцтва арганізацыі толькі запісала гэты факт і не вынесла аніякага рашэння адносна прадстаўніцтва "Расатама", які кіруе ЗАЭС».

***

За мінулыя суткі адбылося 173 баявыя сутыкненні на 11 кірунках фронту, большасць нападаў расійскія войскі засяродзілі на Пакроўскім і Курахоўскім кірунку, дзе вораг штурмаваў пазіцыі абаронцаў 36 і 42 разы адпаведна, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.

У ноч на 16 верасня праціўнік атакаваў Украіну 56 ударнымі БПЛА тыпу «Shahed-131/136», СПА знішчыла 53 з іх, яшчэ тры лакацыйна страчаныя.

З 20.00 15 верасня да 06.00 16-га радыётэхнічныя войскі Паветраных сіл выявілі і ажыццявілі суправаджэнне 56 ударных БплА з Курска і Ейска (РФ).

Асноўны напрамак удару ворага гэтым разам быў па Кіеўскай вобласці. Адбівалі паветраны напад авіяцыя, зенітныя ракетныя войскі, падраздзяленні РЭБ і мабільныя агнявыя групы Паветраных сіл і Сіл абароны Украіны.

У выніку супрацьпаветранага бою збітыя 53 варожыя ўдарныя БпЛА ў Кіеўскай, Вінніцкай, Палтаўскай, Сумскай, Запарожскай, Кіраваградскай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай і Чаркаскай абласцях.

Тым часам Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты РФ — толькі за мінулыя суткі яны абясшкодзілі 1 060 акупантаў, 3 танкі, 8 ББМ і 14 артылерыйскіх сістэм. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 16.09.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 634 860 (+1 060) чалавек;
  • танкаў — 8 683 (+3) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 17 071 (+8) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 18 123 (+14) адз.;
  • РСЗА — 1 187 (+1) адз.;
  • сродкаў СПА — 947 (+0) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 328 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 15 263 (+29) адз.;
  • крылатых ракет — 2 592 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 24 712 (+28) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 090 (+6) адз.

***

Уначы 16 верасня сілы СПА ў паветранай прасторы вакол Кіева збілі амаль два дзясяткі варожых БПЛА, паведаміў старшыня Кіеўскай ГВА Сяргей Папко:

«Восьмая паветраная атака расійскіх акупантаў на Кіеў — і гэта толькі за першую палову верасня!

Як і ў папярэднія напады, вораг чарговы раз ужыў ударныя БПЛА, верагодна тыпу "Shahed".

Але, у адрозненне ад апошніх нападаў, гэты быў масіраваным. Паветраную трывогу ў сталіцы абвясцілі каля другой гадзіны ночы, і доўжылася яна каля трох з паловай гадзін».

Як адзначыў Папко, на Кіеў расійскія ўдарныя беспілотнікі накіроўваліся з розных кірункаў і рознымі групамі.

Праз падзенне абломкаў аднаго са збітых беспілотнікаў у Кіеўскай вобласці параненая жанчына, яе шпіталізавалі.

***

Старшыня Харкаўскай АВА Алег Сінягубаў паведаміў, што ў выніку ўдару па Харкаве 15 верасня былі шпіталізаваныя 14 жыхароў, цяпер у цяжкім стане знаходзяцца дзіця і пажылы мужчына.

«14 траўмаваных у выніку абстрэлу Харкава шпіталізавалі ў медустановы. Сярод іх — двое дзяцей, адно ў цяжкім стане.

Таксама ў цяжкім стане знаходзіцца 70-гадовы мужчына. Яму аказваецца ўся неабходная меддапамога».

***

За мінулыя суткі пад варожыя абстрэлы пападала грамадзянская энергетычная інфраструктура ў Днепрапятроўскай, Данецкай, Сумскай, Харкаўскай і Херсонскай абласцях. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінэнерга Украіны.

У Данецкай вобласці ў выніку абстрэлаў абясточваліся падстанцыі, бытавыя спажыўцы, мясцовая прамысловасць, а таксама чыгунка (былі парушэнні ў руху цягнікоў). Забеспячэнне святлом адноўлена.

У Чарнігаўскай вобласці ў выніку абстрэлу адключыліся паветраныя лініі, абясточваліся 404 абаненты ў 4-х населеных пунктах. Забеспячэнне часткова адноўлена.

Акрамя таго, праз пажары абясточваліся падстанцыі і бытавыя спажыўцы ў Данецкай і Чаркаскай абласцях. Забеспячэнне адноўлена па рэзервовай схеме.

З тэхналагічных прычын у Кіеўскай і Харкаўскай абласцях выключаліся паветраныя лініі. У Кіеўскай вобласці абясточваліся падстанцыі, бытавыя спажыўцы і мясцовая прамысловасць. Забеспячэнне электрычнасцю для спажыўцоў адноўлена па рэзервовай схеме.

***

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што за першыя некалькі тыдняў верасня акупанты выпусцілі па тэрыторыі Украіны больш за 640 «Шахедаў», украінскім абаронцам удалося збіць большасць варожых дронаў.

«Толькі за першую палову гэтага верасня расійскія тэрарысты ўжылі супраць украінскіх гарадоў і вёсак больш за 640 "Шахедаў". На шчасце, большасць з іх збілі нашы ваяры. Мы пастаянна працуем над тым, каб зрабіць больш эфектыўным украінскі паветраны шчыт. Узмацняем нашы Паветраныя сілы, мабільныя агнявыя групы, усе падраздзяленні СПА.

Гэтай ноччу расійскае войска запусціла 56 "Шахедаў", з іх 53 былі збітыя».

***

У ноч з 15 на 16 верасня адзін дрон-камікадзэ тыпу «Шахед» перасёк мяжу з Беларуссю ў Гомельскай вобласці і правёў каля 20 хвілін над Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведнікам. Пра гэта піша «Беларускі Гаюн».

Беспілотнік зайшоў з Кіеўскай вобласці ў Гомельскую каля 03:15 ночы і трымаў курс на Хойнікі. Далей дрон наматаў некалькі кругоў у беларускім небе і развярнуўся назад ва Украіну, куды вярнуўся ўжо каля 03:40 і рухаўся курсам на Іванкаў.

Паводле наяўных даных, мінулай ноччу дзяжурная авіяцыя ВПС РБ не падымалася.

***

Паводле папярэдніх звестак, у выніку абстрэлу Белгарада параненыя 8 мясцовых жыхароў, напісаў губернатар расійскага рэгіёна Вячаслаў Гладкоў:

«Адна з пацярпелых у вельмі цяжкім стане, у астатніх — раненні сярэдняй цяжкасці.

У выніку прамых пападанняў адбылося ўзгаранне прыватнага дома і больш за 15 аўтамабіляў».

Як паведамляюць ТГ-каналы і чаты, аўтамабілі і жылыя дамы загарэліся ў раёне вуліцы Ясеніна.

***

Мінабароны Расіі заявіла, што расійскія войскі адбілі ва УСУ населеныя пункты Успенаўка і Боркі ў Курскай вобласці, захопленыя раней украінскімі сіламі падчас «Курскага наступу». Украінскі бок гэтую заяву пакуль не каментаваў.