Абас Галямаў: Ніхто не хоча паміраць за амбіцыі «старэйшага брата»

Палітолаг і былы спічрайтэр Пуціна Абас Галямаў разважае, чаму актывізаваўся расійскі кіраўнік, і навошта ён наведаў Мінск упершыню за тры з паловай гады.

01_24_2048x1366.jpg


— Чаму Пуцін так актывізаваўся? Тут дзве групы прычын: першая звязана з настроямі ў арміі, другая — з настроямі ў грамадстве, — сказаў палітолаг у эфіры Папулярнай палітыкі. — Відавочна, ёсць запыт на ўдзел першай асобы ва ўсім гэтым.

Альбо ў армейцаў, альбо ў «патрыятычнага» сегмента грамадзян, мабыць, ёсць адчуванне страчанасці і закінутасці: маўляў, мы нешта робім, а цару да гэтай справы няма, ён стаіць убаку.

Калі гаворка ідзе пра армейскі бок, то яму пра гэта адрапартавалі камандзіры. А калі аб грамадзянах — то гэта мацаюць сацыёлагі. Крэмль вельмі эфектыўна маніторыць грамадскія настроі.

Вакуум улады стаў настолькі моцным, што Крэмль, мабыць, вырашыў: Пуціну ўжо нельга ад гэтага дыстанцыявацца. Калі да гэтага часу дыстанцыяванне працавала хутчэй у плюс, чым мінус, то цяпер наадварот.

І мяркуючы з таго, што ў кадры зноў замільгаў Шайгу, Пуцін да яго пацяплеў. Цалкам магчыма, што Шайгу і сказаў Пуціну: войска чакае, ім патрэбны Вярхоўны галоўнакамандуючы, яны вам вераць, падтрымайце іх.

Што тычыцца візіту Уладзіміра Пуціна ў Мінск, які ўпершыню за 3,5 года адбыўся 19 снежня, эксперт упэўнены: гэта не крок ветлівасці з боку Пуціна, бо цяпер «не той час, каб рабіць крокі ветлівасці».

— Таму, я думаю, Пуцін усё-ткі спадзяецца ўцягнуць Лукашэнку ў вайну. Нядаўна ж туды лётаў Шайгу, можа, ён і рэабілітаваўся ў вачах Пуціна, таму што знайшоў нейкія аргументы, пераканаў Лукашэнку актывізавацца да нейкай ступені. І Пуцін паехаў гэтую дамоўленасць замацоўваць. Калі гэта так, то можна выказаць здагадку, што Лукашэнка неяк актывізуе свой удзел у вайне.

Хоць, калі казаць пра яго рацыянальна зразумелы інтарэс, то яму, вядома, усё гэта не вельмі трэба. Навошта ўдзельнічаць у заведама пройгрышнай гульні, непапулярнай вайне, асабліва для Беларусі? Думаю, беларусы сябе больш з Украінай асацыююць, чым з Расіяй. Такі ж «малодшы брат», да якога перыядычна лезе «старэйшы», спрабуючы паглынуць.

У гэтым сэнсе ніхто не хоча паміраць за амбіцыі «старэйшага брата». Лукашэнка і так нелегітымны і трымаецца толькі на сілавіках, а тут, калі яшчэ і сілавікі супраць яго паўстануць. Гэта занадта рызыкоўная задума для Лукашэнкі.


З іншага боку, як лічыць Галямаў, Лукашэнка «трапіў» у стратэгічным плане.

— Калі ён цяпер не дапаможа Пуціну, той прайграе, страціць уладу, у Расіі пачнецца рэвалюцыя, усталюецца дэмакратыя. Што тады рабіць Лукашэнку? Ён жа не працягне доўга без падтрымкі Пуціна. Таму дапускаць паразу Расіі таксама не адпавядае яго інтарэсам.

Палітолаг заключае, што Пуцін вельмі шмат робіць для дэзінфармацыі. Апошняя яго актывізацыя і паездка ў Беларусь, магчыма, не выключэнне.

— Таму, магчыма, гэта як раз спроба пераканаць Захад і Зяленскага, што Расія яшчэ о-го-го. Маўляў, глядзіце, і мабілізацыю правялі, і ў Беларусь паехалі. І нібыта ўкраінцы цяпер павінны сесці за стол перамоваў, таму што Расія яшчэ нібыта не садзьмулася.