Анджэй Дуда: Гэта не вайна, а тэрарызм...
Прэзідэнт Польшчы параўнаў злачынствы акупантаў з тэрарызмам. Выканаўцы і тыя, хто аддаваў загады і ўзгадняў гэтыя дзеянні, павінны быць пакараныя, перакананы Дуда.
![duda_baradzjanka.jpg duda_baradzjanka.jpg](/img/v1/images/duda_baradzjanka.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што дзеянні расійскіх акупантаў на тэрыторыі Украіны можна аднесці да тэрарызму, паведамляе korrespondent.net.
Пра гэта ён сказаў па выніках паездку ва Украіну разам з прэзідэнтамі Латвіі, Эстоніі і Літвы.
Анджэй Дуда распавёў, што падчас візіту пабачыў два твары гэтай вайны. Першы —украінскія вайскоўцы, якія змагаліся з расійскімі акупантамі, выконваючы ўсе правілы і прынцыпы вайны.
"І мы бачылі другі твар гэтай вайны, які складана зразумець... Гэта бамбаваныя жылыя масівы, знішчаныя жылыя дамы. Не вайсковыя аб'екты, а звычайныя дамы, дзе жывуць звычайныя людзі... Я бачыў гэтыя руіны на тэлебачанні, а цяпер убачыў іх у рэальным жыцці. Складана ў гэта паверыць. Таму я сказаў спадару прэзідэнту Зяленскаму, што гэта не вайна, а тэрарызм... гэта жорсткасць і бандытызм...",- сказаў ён.
Польскі прэзідэнт адзначыў, што з гэтым другім тварам вайны ніколі не пагодзіцца.
"Войны былі з моманту з'яўлення чалавецтва, але ў 21-м стагоддзі забойства жанчын і дзяцей, бамбардзіроўкі жылых дамоў, шматпавярховікаў — гэта тэрарызм, гэта бандытызм. Гэта таптанне прынцыпаў міжнароднага права... Для людзей, якія так ставяцца да гэтых прынцыпаў, няма сёння месца сярод міжнароднай супольнасці", — лічыць Дуда.
На ягоную думку, Расію варта трэба выключыць з міжнародных супольнасцяў, бо той, “хто здзяйсняе такія рэчы, павінен быць пакараны”.