Арцём Шрайбман: «Баявы дух нападнікаў слабне, і гэта наўрад ці можна выправіць колькасцю войскаў»

У чым фатальны пралік расейскай улады?

sraib4vjpg.jpg

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман распавёў, да чаго прывядзе працяг расейскай агрэсіі ва Украіне і «Саюзная» эскалацыя з Захадам.

— З таго, што я чую — з Беларусі бягуць усе, хто можа бегчы. Па даступных напрамках «Белавія» рэйсы да сярэдзіны сакавіка былі раскупленыя яшчэ тры-чатыры дні таму, — прыводзіць словы аналітыка «Салідарнасць» са спасылкай на «Эхо Москвы».

Ці можна казаць аб паўнавартаснай эканамічнай вайне Расеі і Беларусі з Захадам, ці гучныя заявы хаваюць пад сабой паддывановыя перамовы?

— Я б нават не назваў гэта вайной, а «санітарнай аперацыяй» — ідзе поўнае адключэнне нашых краін ад таварных і фінансавых плыняў, — адзначае Арцём Шрайбан. — Хай нераўнамерна, але трэнд абсалютна відавочны. І пры працягу вайны — а яна, мяркуючы па ўсім будзе працягвацца, і Захаду прыйдзецца рэагаваць, асабліва з павелічэннем колькасці ахвяр сярод грамадзянскіх, павелічэннем жудасных малюнкаў у заходніх СМІ — будзе ўзмацняцца і эканамічная блакада.

Ёсць адчуванне, што нават Кітай з асцярогай ставіцца да таго, каб прадастаўляць Расеі свае магчымасці для абыходу санкцый.

Аналітык кажа, што ўсё яшчэ не адчувае дасягнення нейкага эквілібрыума, у якім сітуацыя стабілізуецца, і Расея і Беларусь на гады пагрузяцца ў стан Паўночнай Карэі:

— Будзе, на мой погляд, альбо нейкі адкат ад вайны — Пуцін ці зразумее выдаткі, ці людзі вакол усведамляюць, што трэба нешта з ім зрабіць, альбо ўбачым нейкую эскалацыю, якая зробіць нашы сённяшнія праблемы дзіцячымі.

Цяперашні стан — не бачу, як яно можа ўтрымлівацца ў доўгатэрміновай перспектыве, проста з пункту гледжання таго, што з-за перапынення імпартных ланцужкоў базавых прадуктаў хутка можа пачаць не хапаць. Праз нейкі час у гарадах, пабудаваных на імпартазалежнай прамысловасці, перастане плаціцца зарплата... Далей, па ідэі, пачнецца хваля забастовак, і гэта можа прывесці да разбалансіроўкі сістэмы кіравання на лакальным узроўні і паднімецца ўверх.

Гэта будзе палітызацыя грамадства праз халадзільнік, праз беспрацоўе. Гэта не той від палітызацыі, які здарыўся ў Беларусі ў 2020-м годзе — гэта быў пратэст этычны, і яго пастаянна забівалі дубінкамі пад асфальт. Але тым, хто выходзіў на пратэсты, усё ж заставалася, што губляць.

А ў сітуацыі, калі ў вас будуць сотні тысяч беспрацоўных, якія выйшлі на адсутны рынак працы — гэта будуць іншыя пратэсты. Не ведаю, ці скончыцца вайна да гэтага, ці ўдасца расейскай уладзе пазбавіцца ад часткі санкцый да наступлення такіх наступстваў, але мой тэзіс у тым, што устойлівым статус-кво быць не можа.

Украіна, на думку палітаглядальніка, сёння жыве ў рэжыме Айчыннай вайны. І вялікая памылка расейскай улады — недаацэнка розніцы ў настроях нападнікаў і абаронцаў:

— З кожным днём маральны дух тых, хто абараняецца, асабліва з улікам таго, што яны бачаць ахвяры і разбурэнне інфраструктуры, мацнее, а воінскі, любы іншы баявы дух нападнікаў — слабне. І гэта тое, што наўрад ці можна выправіць колькасцю войскаў. Я не бачу стратэгіі выхаду расейскай улады з гэтага тупіку. Гарызантальнае грамадства — гэта не казарма, змяніць лейтэнанта ў казарме недастаткова для таго, каб усе астатнія перасталі супраціўляцца.