Ці можа Пуцін выйграць вайну супраць Украіны?

Наколькі вялікія шанцы ў Пуціна праз новы наступ дамагчыся перамогі і ці можа дапамагчы яму ў гэтым «малодшы хаўруснік»?

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com_GeneralStaff.ua

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com_GeneralStaff.ua


Пуцін даказаў, што ён гатовы выкарыстоўваць страх у якасці зброі, спрабуючы падпарадкаваць сабе Украіну, піша выданне «Politico». Расійскія войскі нападалі на грамадзянскіх асоб і ўжывалі катаванні і згвалтаванні. Але перамога выслізнула ад яго.

У бліжэйшыя некалькі тыдняў Пуцін, падобна, паспрабуе вярнуць назад свае ваенныя няўдачы: вельмі верагодна, што ён стане яшчэ страшнейшым і будзе змагацца зубамі і кіпцюрамі, каб выратаваць Расію — і сябе — ад далейшага прыніжэння.

Аднак ці зможа былы супрацоўнік КДБ дамагчыся поспеху? Ці можа Расія ўсё яшчэ выйграць вайну супраць Украіны?  

Каталог памылак

Ад самага пачатку вайна была адзначана пралікамі і памылкамі. Пуцін і яго генералы недаацанілі ўкраінскі супраціў, пераацанілі магчымасці сваіх уласных сіл і не змаглі прадбачыць маштабы ваеннай і эканамічнай падтрымкі, якую Украіна атрымае ад Злучаных Штатаў і еўрапейскіх краін.

Кіеў не здаўся за лічаныя дні, як планаваў Крэмль, — і войскі Пуціна летам і восенню былі адкінутыя назад, а да лістапада Украіна вярнула сабе больш за палову тэрыторый, захопленых расійцамі ў першыя некалькі тыдняў уварвання. Расія цяпер вымушаная ўвязацца ў дарагую і зацяжную вайну, якая прывяла да таго, што ўнутраная барацьба ў Крамлі выйшла на адкрыты ўзровень.

Адзіная перамога, зафіксаваная расійскімі войскамі за апошнія месяцы, была здабытая ў студзені, калі ўкраінцы адступілі з горада Саледар, што займаецца здабычай солі. І ёсць прыкметы таго, што расійцы знаходзяцца на парозе чарговай перамогі з Бахмутам, які, верагодна, неўзабаве трапіць у іх рукі.


Але ніводная з гэтых залітых крывёю перамог не з'яўляецца больш чым сімвалічным поспехам — нягледзячы на вялікія страты, якія, верагодна, панеслі абодва бакі. Тактычна аніводная з перамог не з'яўляецца істотнай — і некаторыя заходнія афіцыйныя асобы ў прыватным парадку кажуць, што прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, магчыма, было б лепш раней адступіць з Саледара і з Бахмута.

Для рэальнага змянення ваеннага лёсу Расіі Пуцін у бліжэйшыя тыдні зробіць стаўку на тое, што яго войскі, якія папоўненыя мабілізаванымі рэзервістамі і прызыўнікамі, правядуць новы буйны наступ. Украінскія афіцыйныя асобы чакаюць, што ён пачнецца да вясны. Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў папярэдзіў, што Расія цалкам можа мець да 500 000 вайскоўцаў, якія засяроджаны ў рэзерве на акупаваных тэрыторыях Украіны і ўздоўж межаў і гатовыя да нападу. Ён мяркуе, што напад можа быць прымеркаваны да 24 лютага.

Іншыя ўкраінскія афіцыйныя асобы лічаць, што наступ, калі ён пачнецца, адбудзецца ў сакавіку — прынамсі, да прыбыцця «Leopard 2» і іншых танкаў Захаду і баявых машын пяхоты. Зяленскі папярэдзіў украінцаў, што краіна ўступае ў «час, калі акупант кідае ўсё больш і больш сваіх сіл, каб зламаць нашу абарону».

Усе позіркі скіраваныя на Данбас

Верагодная ўвага расійцаў будзе засяроджана на ўсходнім рэгіёне Данбаса. Андрэй Чарняк, супрацоўнік вайсковай выведкі Украіны, паведаміў газеце «Kyiv Post», што Пуцін загадаў сваім Узброеным сілам захапіць увесь Данецк і Луганск да канца сакавіка. «Мы назіралі, што расійскія акупацыйныя сілы перакідваюць дадатковыя штурмавыя групы, падраздзяленні, узбраенне і вайсковую тэхніку на ўсход, — сказаў Чарняк. — Паводле звестак вайсковай выведкі Украіны, Пуцін аддаў загад захапіць усе тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей».

Іншыя ўкраінскія афіцыйныя асобы і заходнія вайсковыя аналітыкі падазраюць, што Расія можа выкарыстоўваць нейкія манеўры, каб адцягнуць увагу і збіць з панталыку. Яны разлічваюць на Беларусь, з тэрыторыі якой можна імітаваць удар па поўначы Украіны, як гэта было ў лютым мінулага года. Але, паводле ацэнак прадстаўнікоў Міністэрства абароны Украіны, цяпер у Беларусі знаходзіцца ўсяго 12 000 расійскіх салдатаў, якія нібыта праводзяць супольныя вучэнні з беларускімі вайскоўцамі, што наўрад ці дастаткова для арганізацыі дыверсіі.


«Паўторны напад на Кіеў мае мала сэнсу», — лічыць Майкл Кофман, амерыканскі эксперт па расійскіх Узброеных сілах і аналітык «Цэнтра новай амерыканскай бяспекі», які базуецца ў Вашынгтоне. «Аперацыя па адсяканні ліній забеспячэння на захадзе або захопе атамнай электрастанцыі ў Роўне можа быць больш здзяйсняльнай, але для гэтага спатрэбяцца значна большыя сілы, чым тыя, якія Расія цяпер разгарнула ў Беларусі», — сказаў ён у аналізе.

Застаецца незразумелым, дзе менавіта будуць нанесеныя асноўныя ўдары Расіі ўздоўж 600-кіламетровай лініі фронту ва ўкраінскім Данбасе. Заходнія вайсковыя аналітыкі сумняюцца, што Расія распачне наступ па ўсім фронце — больш імаверна, што яна пачне двух- або трохэтапны наступ, засяродзіўшыся на некаторых ключавых вёсках і пасёлках на поўдні Данецка, на Крэменной і Лімане ў Луганску і на поўдні ў Запарожжы, дзе паступалі паведамленні пра ўзмацненне перакідання войскаў і тэхнікі праз мяжу ў Расію.

У Луганскай вобласці расійскія войскі высяляюць жыхароў населеных пунктаў каля лініі фронту. Губернатар рэгіёна Сяргей Гайдай лічыць, што робіцца гэта для таго, каб прыбраць магчымых украінскіх шпіёнаў. «Адбываецца актыўная перакідка (расійскіх войскаў) у рэгіён, і яны дакладна рыхтуюцца да чагосьці на ўсходнім фронце», — сказаў Гайдай журналістам.

Аляксей Рэзнікаў чакае, што расійскі наступ пачнецца з усходу і поўдня адначасова — з Запарожжа на поўдні і ў Данецку і Луганску. Напярэдадні асноўных наступальных аперацый расійскія войскі праверылі пяць пунктаў уздоўж фронту, паведаміў Генеральны штаб Украіны. Расійскія войскі перагрупоўваюцца на розных участках лініі фронту і праводзяць атакі паблізу Купянска ў Харкаўскай вобласці і Лімана, Бахмута, Аўдзееўкі і Новапаўлаўкі на ўсходзе Данецка.

Камбінаваная вайна

Прарываў, аднак, расійцам чакаць не варта, калі яны не змогуць выправіць два асноўныя недахопы, якія да гэтага часу пераследавалі іх ваенныя аперацыі — дрэнную лагістыку і няздольнасць каардынаваць пяхоту, бронетэхніку, артылерыю і падтрымку з паветра — так званую «камбінаваную вайну».

Абвяшчаючы ў студзені аб прызначэнні генерала Валерыя Герасімава — былога начальніка штаба абароны — галоўнакамандуючым расійскімі войскамі ва Украіне, Міністэрства абароны Расіі падкрэсліла «неабходнасць арганізацыі больш цеснага ўзаемадзеяння паміж відамі і родамі войскаў».


Аналітык «Цэнтра новай амерыканскай бяспекі» Майкл Кофман лічыць, што лагістычныя праблемы Расіі ў пэўнай ступені пераадоленыя. «У расійскай лагістыцы адбылася значная рэарганізацыя і адаптацыя. Я думаю, што ўяўленне пра расійскія лагістычныя праблемы скажаецца ад занадта вялікай колькасці анекдотаў і мемаў», — сказаў ён.

Многае для Расіі будзе залежаць ад таго, наколькі Герасімаву ўдалося навучыць свае папоўненыя сілы камбінаванай вайне. Ёсць велізарныя сумневы ў тым, што ў яго было дастаткова часу. Кофман мяркуе, што ўкраінскім сілам гэтай вясной «было б лепш адбіць расійскую атаку і вычарпаць расійскі наступальны патэнцыял, а затым перахапіць ініцыятыву. Выдаткаваўшы боепрыпасы, лепшыя войскі і абсталяванне, можна аслабіць абарону Расіі ў цэлым». Ён падазрае, што наступ «можа аказацца несуцяшальным».

Расійскія вайсковыя блогеры, якія выступаюць за вайну, згодныя з гэтым. Яны патрабавалі яшчэ адной мабілізацыі, заяўляючы, што гэта будзе патрэбна для забеспячэння прарываў. Былы афіцэр расійскай выведкі і камандзір ваенізаванага фармавання Ігар Гіркін, які сыграў ключавую ролю ў анексіі Крыма, а затым і на Данбасе, сцвярджае, што спатрэбяцца хвалі прызываў, каб пераадолець абароназдольнасць Украіны.

І заходнія вайсковыя аналітыкі падазраюць, што Украіна і Расія цяпер выстаўляюць прыкладна аднолькавую колькасць баявых салдат. Гэта азначае, што генералу Герасімаву спатрэбіцца значна больш, калі ён хоча дасягнуць суадносін «тры да аднаго», якія, згодна з ваеннымі дактрынамі, неабходныя для поспеху атакі.

Але іншыя асцерагаюцца, што ў Расіі дастаткова сіл, калі яны будуць сканцэнтраваныя на тым, каб дамагчыся некаторых «шокавых поспехаў». Рычард Кемп, былы камандуючы пяхотай брытанскай арміі, прадказвае «значныя поспехі Расіі ў бліжэйшыя тыдні. Мы павінны быць рэалістамі ў дачыненні да таго, наколькі дрэннымі могуць быць справы — у адваротным выпадку шок рызыкуе падарваць рашучасць Захаду», — напісаў ён. Асцярога палягае ў тым, што калі расійцы змогуць дамагчыся значных тэрытарыяльных заваёў на Данбасе, то, хутчэй за ўсё, ціск з боку некаторых заходніх хаўруснікаў на перамовы ўзрасце.


Але недахоп працоўнай сілы ў Герасімава заахвоціў іншых аналітыкаў сказаць, што, калі рашучасць Захаду захаваецца, уласная асцярожнасць Пуціна знізіць шанцы Расіі выйграць вайну.

«Нерашучае прыняцце Пуціным рашэнняў у ваенны час дэманструе яго жаданне пазбягаць рызыкоўных рашэнняў, якія маглі б пагражаць яго кіраванню або міжнароднай эскалацыі — нягледзячы на тое, што яго максімалісцкая і нерэалістычная мэта — поўны захоп Украіны, — верагодна, патрабуе прыняцця далейшай рызыкі, каб мець хоць нейкую надзею на поспех», — гаворыцца ў аналізе «Інстытута вывучэння вайны».

Пуцін можа быць злым і страшным, але, на думку ISW, ён «па-ранейшаму неахвотна аддае загад аб зменах у расійскай арміі і грамадстве, якія, верагодна, неабходныя для выратавання яго вайны».