Вайна нерваў і дронаў: што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы

У Беларусі бясконца праводзяцца вучэнні так званай рэгіянальнай групоўкі войск, улады пастаянна нагнятаюць абстаноўку на мяжы, а СМІ гадаюць, ці будзе новы наступ на Украіну з Беларусі. «Associated Press» зрабіла рэпартаж з памежных раёнаў Украіны, якія жывуць у чаканні новага наступу.

Ілюстрацыйнае фота: mil.by

Ілюстрацыйнае фота: mil.by


Выведвальныя беспілотнікі некалькі разоў на дзень вылятаюць з украінскіх пазіцый глыбока ў густы лес, які перасякае мяжу з Беларуссю, прачэсваючы неба і зямлю ў пошуках прыкмет непрыемнасцей на другім баку.

Украінскія падраздзяленні кантралююць 1000-кіламетровую мяжу балотаў і лясоў на прадмет магчымага раптоўнага наступу з поўначы — паўтарэння няўдалага расійскага наступу на Кіеў на пачатку поўнамаштабнай вайны амаль год таму.

Гэтым разам украінцы не рызыкуюць. З лета яны ўмацоўвалі абарону, будавалі і пашыралі траншэі і ўсталёўвалі міны ў лесе. Вайсковыя чыноўнікі чакаюць вясновага наступу, а жыхары вёсак памежнага рэгіёна, якія былі часова акупаваныя летась, у жаху ад перспектывы таго, што ўсё гэта пачнецца зноў.


«Мы прыслухоўваемся да кожнага найменшага гуку і шоргату. Так жыць нельга, — сказала 64-гадовая Валянціна з вёскі Рыпкы. — Калі ты знаходзішся ў пастаянным страху, гэта не жыццё».

Асцярогі наконт новага ваеннага наступу з'явіліся ў студзені пасля таго, як Расія і Беларусь правялі сумесныя вучэнні ваенна-паветраных сіл — праз месяц пасля візіту Уладзіміра Пуціна ў Мінск.

Вайсковыя эксперты і заходняя выведка лічаць малаверагоднай магчымасць аднаўлення наступу на поўначы. Міністэрства абароны Вялікабрытаніі 11 студзеня напісала ў Твітары, што расійская авіяцыя і існуючыя расійскія войскі ў Беларусі, хоць і шматлікія, але «наўрад ці ўяўляюць сабой надзейную наступальную сілу».

Беларускія афіцыйныя асобы тлумачаць размяшчэнне войскаў ўздоўж мяжы «стратэгічным стрымліваннем». Аляксандр Лукашэнка настойвае на тым, што ён не будзе пасылаць войскі ва Украіну. Але ўкраінскія камандзіры насцярожаныя, яны памятаюць, як Расія выкарыстоўвала Беларусь у якасці стартавай пляцоўкі на пачатку 2022 года.

«Мы ўвесь час сочым за праціўнікам з зямлі і назіраем за перамяшчэннем войскаў: калі яны перамяшчаюцца, колькі войскаў і куды», — заявіў на гэтым тыдні падчас прэс-тура кіраўнік падраздзялення ўкраінскай армейскай выведкі гэтага раёна. Афіцэр назваў толькі сваё імя — Аляксандр, спаслаўшыся на меркаванні бяспекі.


У адрозненне ад усходу з яго разбуральнымі артылерыйскімі двубоямі, на поўначы гэта ў асноўным вайна квадракоптараў.

Аляксандр сказаў, што беларусы і расійцы «пастаянна сочаць за зменай нашай аховы, спрабуючы знайсці пазіцыі нашых вайскоўцаў».

Час ад часу падраздзяленне Аляксандра выяўляе варожыя выведвальныя беспілотнікі і збівае іх з дапамогай супрацьтанкавых вінтовак. Або варожы беспілотнік выяўляе ўкраінскі беспілотнік і сочыць за ім, пасля чаго ўкраінцы спрабуюць захапіць яго і дадаць да сваіх запасаў.

«Нядаўна мы атрымалі, такім чынам, чатыры іх беспілотнікі, а яны забралі два нашы», — сказаў Аляксандр.

Ён кажа, што выведвальныя місіі не выявілі ніякіх прыкмет трывожнай актыўнасці — пакуль што. «У іх ёсць секцыя ўзмацнення, і патруль быў узмоцнены, але мы не назіраем значнага збору войскаў з нашай секцыі», — сказаў ён.

Украінскі генерал-лейтэнант Аляксей Паўлюк, які адказвае за Кіеўскую вобласць, заявіў, што яго краіна рыхтуецца да магчымага новага нападу з Беларусі. «Мы стварылі групу на мяжы з Беларуссю, якая гатовая годна сустрэць ворага», — цытавалі яго словы ўкраінскія СМІ.

Украінскія афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што ніхто не можа ведаць, як Масква будзе дзейнічаць у бліжэйшыя месяцы, і што ўздоўж мяжы неабходна ўвесці рэжым павышанай гатоўнасці.

«Умацаванні былі зробленыя для прадухілення паўторнага пранікнення, — сказаў Аляксандр, — незалежна ад таго, адбудзецца гэта ці не, мы заўсёды павінны быць гатовыя».

Украінскія салдаты, узброеныя аўтаматамі, стаяць у траншэях глыбінёй пяць футаў, выкапаных у лесе і ўмацаваных дошкамі.

Міма на ровары хутка праязджае мясцовы жыхар. Тут яшчэ свежыя ўспаміны пра часовую акупацыю, калі расійскія войскі паспрабавалі абкласці Чарнігаў. Яны адступілі 3 красавіка, калі Масква пераключыла сваю ўвагу на ўсходнія рэгіёны Украіны.


Але, нягледзячы на расійска-беларускія вучэнні, ёсць і надзея.

«Калі яны ўварваліся ў першы раз, у нас не было зброі і войска (на мяжы), — сказала 66-гадовая Ганна з сяла Калухаўка. — Але гэтым разам мы гэта зробім».

Незалежна ад таго, будзе атака ці не будзе, Алена з вёскі Новыя Ярылавічы асцерагаецца, што праз сітуацыю на мяжы яна можа ніколі не ўбачыць сваю маці, брата і дзвюх сясцёр, якія жывуць усяго за 3 кіламетры ад яе ў вёсцы на тэрыторыі Беларусі.

«Я не магу паверыць, што яны так блізка і я не магу іх бачыць», — сказала 63-гадовая жанчына, беларуска паводле паходжання, якая выйшла замуж за ўкраінца. Свайго поўнага імя яна не назвала, асцерагаючыся за сваю сям'ю.