Чаго чакаць? Пуцін заўтра звернецца да расіян, калі прачнецца Далёкі Усход
Расійскія Першы канал і RT выдалілі анонсы звароту Пуціна з нагоды «рэферэндумаў». Forbes паведаміў, што запісаны зварот пакажуць заўтра, 21 верасня.
RT і Першы канал выдалілі анонсы трансляцыі звароту Уладзіміра Пуціна да расіян. Тэлеканал «Расія» зварот Пуціна нават і не анансаваў.
Раней крыніцы РБК паведамілі, што 20 верасня Пуцін выкажацца з нагоды «рэферэндумаў», правядзенне якія запланаванае днямі на акупаваных тэрыторыях Украіны. Таксама паведамлялася, што ўслед за ім выступіць міністр абароны Сяргей Шайгу. Афіцыйна Крэмль гэта не пацвярджаў.
Аднак увечары 20 верасня зварот Пуціна так і не паказалі. Пасля 22:00 па Маскве галоўны рэдактар дзяржаўнага тэлеканала RT Маргарыта Сіманьян у сваім тэлеграм-канале параіла «класціся спаць». Кіраўнік рускамоўнай дырэкцыі RT Антон Красоўскі напісаў: «Заўтра будзе ўсё».
Паводле інфармацыі дзвюх крыніц Forbes у Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, зварот Пуціна ў запісе будзе паказаны 21 верасня, калі «прачнецца Далёкі Усход».
Baza сцвярджае, што зварот Пуціна пакажуць з 9 да 10 раніцы па маскоўскім часе. «Эфірныя групы расійскіх тэле- і радыёканалаў (у тым ліку ў рэгіёнах) папярэдзілі менавіта аб такім часовым слоце выхаду выступу прэзідэнта Расіі», — піша тэлеграм-канал Baza са спасылкай на свае крыніцы.
Учора, 19 верасня, у самаабвешчаных ДНР і ЛНР, а 20 верасня — у акупаваных Запарожскай і Херсонскай абласцях — заявілі пра планы правесці «рэферэндумы аб далучэнні да Расіі». Яны могуць прайсці 23–27 верасня. Сусветная супольнасць жа заявіла, што не прызнае іх вынікі.
Акрамя таго, 20 верасня дэпутаты Дзярждумы РФ прынялі ў другім і трэцім чытаннях новыя папраўкі да Крымінальнага кодэксу. Яны дапаўняюць яго паняццямі «мабілізацыя» і «ваеннае становішча», робяць больш жорсткімі пакаранне за дэзерцірства, уводзяць пакаранне за добраахвотную здачу ў палон.
Паводле meduza.io