Дваццаты дзень вайны. Што адбылося ноччу
Стала вядома, дзе знаходзіцца выкрадзены мэр акупаванага Мелітопаля. У Марыупалі, які ў аблозе, крытычная гуманітарная сітуацыя. Расійскія акупанты працягваюць кідаць бомбы на гарады. Ноч была неспакойнай, але іншых ва Украіне цяпер не бывае.
У Кіеве расійскі снарад трапіў у шматпавярховік
У Кіеве ў выніку абстрэлу з боку расійскіх акупантаў падвергнуўся разбурэнням чарговы шматпавярховы дом.
«15 сакавіка ў Падольскім раёне Кіева, у выніку
траплення боепрыпасу ў дзесяціпавярховы жылы дом адбылося ўзгаранне з 1 па 5
паверхі. У 6:46 пажар лакалізаваны, а ў 6:51 — ліквідаваны. Падраздзяленнем
ДСНС выратаваны 1 чалавек, які шпіталізаваны ў бальніцу. На месцы было
прыцягнута 10 чалавек асабовага складу і 2 адзінкі тэхнікі ГУ ДСНС у г.
Кіеве», — гаворыцца ў паведамленні.
Мэра захопленага Мелітопаля
вывезлі ў Луганск
У Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі заяўляюць, што выкрадзены акупантамі мэр Мелітопаля Іван Фёдараў знаходзіцца ў акупаваным Луганску, дзе яму інкрымінуюць справу аб «тэрарызме».
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ў Telegram-канале кіраўніка ЗАВА Аляксандра Старуха.
«Паводле наяўнай інфармацыі на сёння, выкрадзены мэр Мелітопаля Іван Фёдараў знаходзіцца ў акупаваным Луганску, дзе яму інкрымінуюць справу аб «тэрарызме». Мэр Днепраруднага Яўген Мацвееў таксама ў палоне акупантаў, але яго лёс невядомы», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама ў ЗАВА паведамілі, што ў Бярдзянску расійскія вайскоўцы правялі ператрус у доме святара Праваслаўнай Царквы Украіны Алега Мікалаева-старшыні Савета хрысціянскіх цэркваў і арганізацый Бярдзянска, і пасля гэтага вывезлі яго ў невядомым кірунку.
На Сумшчыне ўзгаднілі
шэраг «зялёных калідораў»
Сёння, 15 сакавіка, у Сумскай вобласці адкрыюць новыя эвакуацыйныя калідоры. Мясцовыя ўлады просяць людзей эвакуявацца менавіта імі, інакш можна загінуць. Эвакуацыя пачнецца ў 9 раніцы і працягнецца да 21:00.
Пра гэта паведаміў старшыня Сумскай аблдзяржадміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі.
У прыватнасці, эвакуацыйныя калідоры ўзгаднілі з Сум, Канатопа, Шосткі, Трасцянца, Лебядзінага.
Напярэдадні, 14 сакавіка, ні адзін з «зялёных калідораў» для эвакуацыі насельніцтва ў Сумах не працаваў.
Заапарк на Кіеўшчыне просіць аб «зялёным калідоры» для жывёл
Заапарк «12 месяцаў», што размешчаны ў горадзе
Дзямідаў у Кіеўскай вобласці, просіць аб арганізацыі «зялёнага
калідора» для гуманітарнай дапамогі жывёлам.
Пра гэта паведаміў яго стваральнік Міхаіл Пінчук.
«Жывёлы пакуль загінулі толькі ад бамбёжак і снарадаў,
у асноўным ад панікі або разбіваліся самі ад страху. Тыя жывёлы, хто
марозаўстойлівы, знаходзяцца ў знешніх вальерах і цяпер паміраюць ад голаду,
экзоты патрабуюць цяпла — яны зараз паміраюць ад голаду і холаду. На жаль, газу
няма, электрычнасці няма, дызель скончыўся», — распавёў Пінчук аб сітуацыі
ў заапарку.
Паводле яго слоў, жывёлы выжываюць толькі дзякуючы некалькім
заолагам, якія не змаглі выехаць і пакінуць іх. Зараз жывёлам раздаюць «рэшткі ад рэшткаў».
Меркаванне: Колькасць загінулых у Марыупалі можа дасягаць 20 тысяч
Дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка заявіў, што ў
горадзе склалася катастрафічная сітуацыя, а колькасць ахвяр расійскіх абстрэлаў
можа набліжацца да 20 тысяч. Па афіцыйнай і пацверджанай інфармацыі, па стане
на 14 сакавіка колькасць загінулых у Марыупалі складае каля 2357 чалавек.
Меркаванне пра 20 тысяч ахвяр Пётр Андрушчанка выказаў у
эфіры «Настоящего времени», піша «Украінская праўда».
«Па загінулым мірным жыхарам у нас ёсць дадзеныя, якія не
адпавядаюць рэчаіснасці, таму што яны атрыманы ад паліцыі, узгоднены з
медустановамі. Гэта малая жменька людзей, пра якіх мы ведаем. На ўчора (13
сакавіка) гэта было 1800 з невялікім чалавек. Яшчэ чатыры дні таму мы казалі
пра «аптымістычныя» сцэнары — каля 10 тысяч ахвяраў на цяпер. Але з павялічанай
інтэнсіўнасцю і з той жорсткасцю, якая ўзрасла ў разы, мы можам казаць пра тое,
што калі цяпер завершыцца блакада і мы зможам прыступіць хоць бы да пошуку
гэтых людзей, то ўжо на цяпер колькасць ахвяр будзе набліжацца да 20 тысяч», —
сказаў Андрушчанка.
Ён адзначыў, што гарадскія могілкі размешчаныя на тэрыторыі,
якая кантралюецца расійскім войскам, таму загінулых хаваюць «у дварах, на
вуліцах». Аднак з-за інтэнсіўнасці абстрэлаў людзі «не могуць выйсці на вуліцу
нават пахаваць блізкіх».
Андрушчанка таксама дадаў, што людзі эвакуіруюцца з
Марыупаля на свой страх і рызыку, бо няма гарантый з боку расійскай арміі.
Бяспека гарантуецца толькі на тым участку, які кантралюе ўкраінскае войска.
У сваю чаргу, у Марыупальскім гарсавеце заявілі, што па
афіцыйнай і пацверджанай інфармацыі, па стане на канец дня панядзелка, 14
сакавіка, колькасць загінулых складае каля 2357 чалавек.
Раней у панядзелак дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў, што колькасць загінулых ужо перавысіла 2,5 тысячы чалавек. «Больш за 2,5 тысячы забітых — гэта па афіцыйных паведамленнях ад мясцовасці ўлады, наколькі я разумею. І гэта катастрофа, якой свет даў адпаведную ацэнку», — сказаў ён.