Еўракамісія папярэдзіла пра пагрозу голаду ва Украіне
Гуманітарная сітуацыя ва Украіне ўжо крытычная, але можа стаць яшчэ горшай, заявіў еўракамісар Янез Лянарчыч.
Еўрапейская камісія ў сувязі з баявымі дзеяннямі ва Украіне папярэдзіла пра пагрозу голаду там. «Людзі ў абложаных гарадах знаходзяцца ў апакаліптычных умовах: няма ежы, няма вады, няма медыцынскай дапамогі і няма выйсця», — заявіў еўракамісар па ўрэгуляванні крызісаў і гуманітарнай дапамогі Янез Лянарчыч у інтэрв'ю выданню «Welt am Sonntag», вытрымкі з якога апублікаваныя ў суботу, 19 сакавіка. Паводле слоў Лянарчыча, гуманітарны крызіс ва Украіне ўжо сёння дасягнуў крытычнай кропкі, але сітуацыя можа стаць яшчэ горшай.
«Гэтае бязлітаснае ўварванне пачалося больш за тры тыдні таму, але мы ўжо пачынаем бачыць, што набліжаецца голад», — сказаў камісар ЕС. Ад голаду ўжо пакутуе насельніцтва такіх абложаных гарадоў, як Марыупаль. Відавочцы паведамляюць пра разрабаваныя супермаркеты.
«Каласальная праблема — гэта доступ»
Янез Лянарчыч паведаміў, што медыцынскія ўстановы сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі пры атрыманні жыццёва неабходных тавараў. «Каласальная праблема — гэта доступ. Прадастаўленне гуманітарнага доступу без якіх-небудзь перашкод з'яўляецца абавязкам (бакоў канфлікту. — Заўв. рэд.)», — сказаў ён, дадаўшы, што ЕК пашырае сваю гуманітарную дапамогу разам з партнёрамі на месцах. «Але пакуль працягваюцца баявыя дзеянні і не будзе дасягнутае спыненне агню, доступ да людзей, якія жывуць у нястачы жыццёва важнай дапамогі, немагчымы», — падкрэсліў славацкі палітык.
Парушэнне міжнароднага права ва Украіне павінна быць неадкладна спынена, запатрабаваў Лянарчыч. «Тыя, хто нясуць адказнасць за гэтае парушэнне і тым самым прычыняе неймаверныя пакуты грамадзянскаму насельніцтву, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці. Я зноў заклікаю Расію выконваць свае абавязацельствы па міжнародным гуманітарным праве і неадкладна спыніць ваенную аперацыю», — сказаў ён.
Паводле «DW».