ААН гатова падтрымаць украінскую рэзалюцыю аб міры. Але Беларусь прапануе змяніць тэкст

Генасамблея ААН гатова сёння, 23 лютага, прыняць рэзалюцыю, прапанаваную Украінай і яе прыхільнікамі. У ёй падкрэсліваецца неабходнасць як найхутчэй дасягнуць справядлівага і трывалага міру. Тэкст праекта рэзалюцыі змяшчае патрабаванне да РФ вывесці войскі з тэрыторыі Украіны і ўскладае адказнасць за ваеннае ўварванне на агрэсара. Беларусь прапанавала свае папраўкі: прыбраць палажэнні, у якіх адказнасць за пачатак канфлікту ўскладаецца на Расію.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

Украіна і Расія ў сераду, 22 лютага, лабіравалі краіны ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, каб яны падтрымалі галасаванне ў Генеральнай Асамблеі, якая складаецца са 193 чальцоў. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш асудзіў уварванне Расіі і назваў рэзалюцыю недвухсэнсоўнай.

Ён нагадаў, што ўсе чальцы павінны ўстрымлівацца ў сваіх міжнародных адносінах ад пагрозы або прымянення сілы супраць тэрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці любой дзяржавы.

Гэта галасаванне, як заявілі Злучаныя Штаты, «увойдзе ў гісторыю». «Мы ўбачым, якую пазіцыю займаюць народы свету ў пытанні міру ва Украіне», — заявіла амбасадарка ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд.

Украіна і яе прыхільнікі спадзяюцца ўзмацніць дыпламатычную ізаляцыю Расіі. Яны спадзяюцца, што амаль тры чвэрці чальцоў Генеральнай Асамблеі прагаласуюць «за». У рэзалюцыі адзначаецца, што вайна — гэта проста выпадак несправакаванага незаконнага ўварвання адной краіны ў іншую.

У той час як Расія заяўляе, што яна вядзе вайну з «марыянеткай» Захаду. Бо менавіта заходнія краіны ўзбройваюць Украіну і ўводзяць санкцыі супраць Масквы з моманту ўварвання. «Захад нахабна праігнараваў нашы апасенні і працягвае размяшчаць ваенную інфраструктуру НАТО ўсё бліжэй і бліжэй да нашых меж», — заявіў прадстаўнік Расіі ў ААН Васіль Нябензя.

Праект рэзалюцыі ААН, які не мае абавязковай сілы, але мае палітычную вагу, адлюстроўвае патрабаванне Генеральнай Асамблеі да Масквы вывесці войскі і спыніць баявыя дзеянні, што было агучана яшчэ ў мінулым годзе.

Папраўкі Беларусі ў дэкларацыю: «Заклікаем да пачатку мірных перамоў»

Беларусь не засталася ўбаку і прапанавала папраўкі да праекта рэзалюцыі ААН па Украіне. І прапанавала прыбраць з праекта дакумента палажэнні, у якіх адказнасць за пачатак канфлікту ўскладаецца на Расію.

У беларускім варыянце з рэзалюцыі прапанавалі прыбраць таксама заклік да Расіі неадкладна вывесці войскі з Украіны, але ўвесці забарону на пастаўкі зброі Украіне.

Замест сцвярджэння таго, што Расія мусіць прыбраць свае войскі з чужой тэрыторыі, у «беларускай версіі» ўтрымліваецца заклік да мірнага ўрэгулявання шляхам перамоў.

«Беларусь верыць у тое, што адзіным шанцам спынення канфлікту з'яўляецца неадкладны пачатак перамоў без папярэдніх умоў. Пра гэта неаднаразова заяўляў... [Лукашэнка] на працягу ўсяго канфлікту, — заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі Валянцін Рыбакоў у сваім выступленні на надзвычайнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. — Мы лічым трагічным недаглядам аўтараў гэтага тэксту або мэтанакіраваным актам тое, што ў рэзалюцыі няма закліку да правядзення мірных перамоў».

«Прапанаваныя папраўкі не маюць двайнога дна і шчыра накіраваны на больш хуткае завяршэнне канфлікту мірнымі сродкамі. Галасаванне па папраўках мы будзем расцэньваць як тэст на рэальную зацікаўленасць у дасягненні ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру ва Украіне», — сказаў на заканчэнне ён.

Паводле ўкраінскай службы РБК, АФН.