Грошы, льготы і жаданне вярнуць адчуванне ўласнай значнасці: Хто і чаму ідзе на вайну з Украінай?

Якая псіхалогія ў тых, хто падпісвае кантракт на вайну з Украінай, і чаму такія людзі небяспечныя для самога рэжыму Пуціна? Большасць кантрактнікаў — гэта людзі, што востра ўсведамляюць сваю «нікчэмнасць». Амбіцыі ў іх ёсць, а магчымасцяў іх рэалізаваць — няма. Няма прэстыжнай працы, няма ўласнага жылля, сямейнае жыццё не склалася. Расійскі палітолаг Абас Галямаў разважае пра гэта ў сваім блогу  

_belarus_minsk_hrafici_ljuty_2024_fota_novy_czas_logo.jpg


Вывучэнне псіхалагічных профіляў расіян, якія добраахвотна вярбуюцца на вайну, наглядна сведчыць, што ў гэтым асяроддзі з вялікім адрывам лідзіруе тыпаж чалавека, нездаволенага сваім нізкім сацыяльным статусам і ўзроўнем даходаў. 

Такі чалавек да апошняга моманту не праяўляў да палітыкі асаблівай цікавасці, а таму слаба ў ёй разбіраецца, ён абыякавы да любога «вялікага дыскурсу» — у тым ліку і да таго, што ў РФ прынята называць «патрыятычным». Так, пасля таго, як гэтыя людзі прымаюць рашэнне пайсці на вайну, многія з іх пачынаюць узнаўляць прапагандысцкія штампы — усё ж такі прыемней адчуваць сябе чалавекам, які шчыра верыць у тое, што ён робіш, чым цынічным наймітам, — аднак да моманту прыняцця рашэння, падобна, у значнай большасці гэтай публікі ні НАТА, ні лёс «рускага свету» асабліва хваляванняў не выклікалі. 

Галоўная матывацыя — грошы і льготы, а следам ідуць меркаванні сацыяльнага прэстыжу. У прынцыпе, дзве гэтых рэчы цесна ўзаемазвязаны.

Большасць кантрактнікаў — гэта людзі, што востра ўсведамляюць сваю «нікчэмнасць». Амбіцыі ў іх ёсць, а магчымасцяў іх рэалізаваць — няма. Няма прэстыжнай працы, няма ўласнага жылля, сямейнае жыццё не склалася.

Глядзіце таксама

Словам, гэта роўна тое, што яшчэ ў 1930 годзе выдатна апісалі Ільф і Пятроў (так-так, тыя самыя) пасля сваёй паездкі ў Італію: «Мусаліні — кароль дробнай буржуазіі, цар і бог крамнікаў, тэатральных імпрэсарыа, футбалістаў, гаспадароў веласіпедных майстэрняў, кар'ерыстаў-гінеколагаў, баксёраў і незлічонай колькасці маладых людзей без пэўных заняткаў. Жыццё гэтых людзей шэрае, як салдацкае сукно. Уявіце сабе пажылога, сумнага, як кісель, рыхлага чалавека. Жыццё амаль прайшло. На скронях сівізна. Пад вачыма мяшкі. Дзеці ходзяць у школу. Непрыгожая, таўстаногая жонка не вылазіць з царквы і акуратна кожны год нараджае па дзіцяці. Крама прыносіць умераны прыбытак. Дні падобныя адзін да аднаго, як свечкі. І раптам шэрае жыццё італьянскага абывацеля рэзка змянілася. З'явіўся чалавек, які сказаў: 

— Абывацель! Ты зусім не шэры і не тупы. Гэта ўсё выдумалі твае спрадвечныя ворагі — ангельцы, французы, немцы, аўстрыйцы, туркі і сербы. 

— Абывацель! Ты вялікі! Ты геніяльны! Ты сядзіш у сваёй батылерыі, траторыі або сарторыі, тлусцееш, плодзіш падобных да сябе — і ніхто нават не падазрае, які нумар у сусветным маштабе ты раптам можаш выкінуць! 

— Абывацель! Ты любіш значкі! Вазьмі і прышпілі на лацкан свайго пінжака чатыры ці нават сем значкаў. 

— Абывацель! Ты маеш магчымасць запісацца адразу ў восем розных фашысцкіх сіндыкатаў. 

— Абывацель! Ты зможаш з гэтага часу хаваць свайго суседа — гандляра садавіной Сільвіё з ваеннай пышнасцю паводле старажытнарымскага цырыманіялу. Ты зможаш несці наперадзе пахавальнай працэсіі аксамітную падушачку, абвешаную значкамі нябожчыка. Акрамя таго, ты зможаш сказаць над магілай прамову, якая пачынаецца словамі: «Рымляне!» Прызнайся, што да гэтага часу табе не даводзілася казаць прамоваў? Вось бачыш! 

Чалавек, які сказаў гэта, быў Мусаліні. І італьянскі абывацель заварушыўся. Жыццё абывацеля стала цікавым і поўным <...>».

Глядзіце таксама

Гэта напісалі Ільф з Пятровым. А вось некалькі цытат з гэтай нагоды са знакамітага «Шчырага верніка» Эрыка Хофера:

«Вера ў «святую справу» часткова замяняе згубленую намі веру ў саміх сябе».

«Чым менш у чалавека падстаў казаць пра свае ўласныя перавагі, тым больш ён гатовы сцвярджаць, што перавагай валодае яго краіна, яго рэлігія, яго раса або яго «святая справа».

«Сваімі ўласнымі справамі чалавек больш займаецца тады, калі яны маюць сэнс; у адваротным выпадку ён кідае свае бессэнсоўныя справы і лезе ў чужыя. < ... > Уцякаючы ад самога сябе, мы або кідаемся на шыю суседу, або хапаем яго за горла».

Глядзіце таксама

«Гарачае перакананне ў тым, што мы маем святы абавязак перад іншымі, — часта толькі спосаб выратавання нашага тапельца «я»; мы хапаемся за плыт, які праплывае міма. Тое, што мы называем сваёй працягнутай рукой дапамогі іншаму, на справе часта толькі рука, якая чапляецца для выратавання нашага ўласнага каштоўнага жыцця… Забярыце ў нас гэтыя «святыя абавязкі», і нашы жыцці становяцца нікчэмнымі і бессэнсоўнымі. Няма сумневу, што, змяняючы эгацэнтрычнае жыццё на самаадданае, мы неверагодна выйграем у сэнсе пашаны і павагі. Ганарыстасць самаадданых, нават тых з іх, хто сапраўды праяўляе крайнюю пакору, — бязмежнае < ... >».

 Карацей, калі вывесці за дужкі матэрыяльныя меркаванні, якія, як я ўжо згадаў, дамінуюць з вялікім адрывам, — і не выпадкова выплаты ўдзельнікам СВА растуць нейкімі неверагоднымі тэмпамі, — то за выключэннем невялікай колькасці шчырых «патрыётаў», у большасці астатніх кантрактнікаў галоўным матывам з'яўляецца жаданне вярнуць сабе калісьці страчанае адчуванне ўласнай значнасці, жаданне пазбавіцца ад пачуцця, што жыццё пражытае дарма. 

Гэтым людзям не хапае прызнання з боку навакольных, і яны спадзяюцца, што вярнуўшыся з вайны героямі, яны яго атрымаюць. «Новая эліта» ўсё ж такі.

Глядзіце таксама

 * * *

Непрыемная для Крамля навіна заключаецца ў тым, што згаданы тыпаж пасуе не толькі для вайны, але і для рэвалюцыі. Зноў дам слова Эрыку Хоферу: 

«Калі народ саспеў для масавых рухаў, то гэта звычайна значыць, што ён гатовы да любога з іх, а не толькі да якога-небудзь аднаго руху з пэўнай дактрынай або праграмай. Становішча ў дагітлераўскай Германіі было падобнае на гульню ў арлянку: з кім пойдзе неспакойная моладзь — з камуністамі або з нацыстамі? 

У перанаселеных месцах «рысы аселасці» царскай Расіі яўрэйскае насельніцтва, якое жыло ў нервовым напружанні, было аднолькава гатовае і да рэвалюцыі, і да сіянізму. У адной і той жа сям'і адзін яе член далучаўся да рэвалюцыянераў, другі — да сіяністаў. Доктар Хаім Вайцман успамінае словы сваёй маці, сказаныя ў тыя часы: «Што б ні здарылася, але мне будзе добра: калі Шмуль (сын-рэвалюцыянер) акажацца сярод тых, хто мае рацыю — мы будзем шчаслівыя ў Расіі, калі Хаім (сіяніст) будзе сярод тых, хто мае рацыю — я паеду жыць у Палесціну». 


Глядзіце таксама

«Успрымальнасць да масавага руху наогул не заўсёды знікае ў чалавеку нават пасля таго, як ён перастаў быць патэнцыйным шчырым вернікам, а ўжо далучыўся да якога-небудзь руху. А там, дзе розныя масавыя рухі бурна спаборнічаюць паміж сабой, — там бываюць і такія выпадкі, калі розныя паслядоўнікі аднаго руху пераходзяць у іншы. Ператварэнне Саўла ў Паўла — не рэдкасць і не цуд. У наш час кожны масавы рух у пошуках сваіх новых паслядоўнікаў бачыць у розных прыхільніках варожых масавых рухаў сваіх патэнцыйных паслядоўнікаў. Гітлер, напрыклад, глядзеў на нямецкіх камуністаў як на патэнцыйных нацыянал-сацыялістаў: «З дробнабуржуазнага сацыял-дэмакрата або з прафсаюзнага кіраўніка нацыянал-сацыяліст ніколі не атрымаецца, але з камуніста — атрымаецца заўсёды». Капітан Рэм выхваляўся, што самага заўзятага камуніста ён зверне ў нацысты за чатыры тыдні. З іншага боку, Карл Радэк глядзеў на нацыстаў-камуністаў (С.А.) як на рэзерв будучых камуністаў».

«З факту, што масавыя рухі прыцягваюць людзей аднаго і таго ж псіхалагічнага тыпу і аднолькавага ладу мыслення, вынікае: а) усе масавыя рухі спаборнічаюць адзін з адным, і калі адзін з іх набірае больш паслядоўнікаў, то іншым дастаецца менш; б) усе масавыя рухі ўзаемазаменныя, адзін рух лёгка можа ператварыцца ў іншы: рэлігійны рух можа ператварыцца ў нацыяналістычны або ў сацыяльную рэвалюцыю, а сацыяльная рэвалюцыя — у ваяўнічы нацыяналізм або ў рэлігійны рух, нацыяналістычны рух можа ператварыцца ў рэлігійны або ў сацыяльную рэвалюцыю».

 * * *

Вышэй я ўжо адзначыў, што ні празмернай прыхільнасці ідэалогіі афіцыёзнага «патрыятызму», ні любові да начальства ў шэрагах людзей, якія вырашылі падпісаць кантракт, не назіраецца. Уявіць сабе гэтых людзей, якія бунтуюць супраць улады, цалкам магчыма. Менавіта так гэта было ў 1917-м, калі рэжым у выніку зрынулі тыя ж самыя людзі, якія радасна спявалі патрыятычныя песні і ішлі па яго закліку на фронт у 1914-м.