Кадыраўскі генерал «знаходзіцца ў гушчы падзей на Украіне». У Мазыры!
Генерал-маёр, намеснік камандуючага Паўночна-Каўказскай акругай войскаў нацыянальнай гвардыі РФ Алібек Дзелімханаў зняў відэа, дзе знаходзіцца каля дзясятка браняваных пазадарожнікаў Toyota. Відэа ў сваім блогу апублікаваў кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.

Кадыраў назваў Алібека братам (Алібек — брат бліжэйшага паплечніка Кадырава Адама Дзелімханава) і паведаміў, што той знаходзіцца «ў гушчы падзей на Украіне», піша REFORM.by.
«Баявая абстаноўка запатрабавала наяўнасці манеўраных і жвавых аўтамабіляў для больш паспяховага і хуткага вырашэння пастаўленых задач. З гэтай мэтай з Чачэнскай Рэспублікі хлопцам перагналі абсталяваныя і браняваныя аўтамабілі. Алібек Султанавіч запэўнівае, што спецаперацыя будзе завершана ў пазначаныя камандаваннем тэрміны без страт сярод мірнага насельніцтва і з разгромам шайтанаў і нацыкаў», — напісаў Кадыраў.
Але відэа, якое прыводзіць Кадыраў, запісана… на плошчы Леніна ў Мазыры!
Праз тое, што Расія выкарыстоўвае Беларусь у якасці пляцоўкі для нападу на Украіну, наша краіна ўжо прызнаная сусветнай супольнасцю саўдзельнікам агрэсіі, і супраць яе ўводзяцца жорсткія санкцыі.