Расія перакінула ў Беларусь знішчальнікі МіГ-31К, здольныя несці ракеты «Кінжал»
Мінабароны Вялікабрытаніі апублікавала спадарожнікавыя здымкі беларускага аэрадрома «Мачулішчы», на якіх бачны два знішчальнікі МіГ-31К, здольныя несці ракеты «Кінжал».
У Беларусі на аэрадроме «Мачулішчы» каля Мінска зафіксаваны два расійскія самалёты МіГ-31К і кантэйнер, які, імаверна, выкарыстоўваюць для захоўвання гіпергукавых ракет «Кінжал».
Адзначаецца, што гэтыя ракеты Расія выкарыстоўвае з 2018
года, але раней не размяшчала іх у Беларусі. Як адзначылі ў выведцы Брытаніі,
РФ ужывала ракеты «Кінжал» у вайне супраць Украіны, але запасы гэтых
ракет, імаверна, моцна абмежаваныя.
Выведнікі падкрэслілі, што праз адлегласць 2000 км
размяшчэнне «Кінжалаў» у Беларусі дае мала пераваг РФ у вайне супраць
Украіны. Верагодна, Масква перакінула гэтыя ракеты для сігналу Захаду і
дэманстрацыі Беларусі як саўдзельніцы ў вайне.
«Кінжал» — гіпергукавая аэробная ракета.
Яе хуткасць пасля скіду перавышае хуткасць гуку ў 10 разоў. Здольная
манеўраваць на ўсёй траекторыі палёту, а таксама паражаць як стацыянарныя
аб'екты, так і надводныя караблі.
Носьбітамі такіх ракет з'яўляюцца знішчальнікі-перахопнікі МІГ-31К. Расія характарызуе ракеты «Кінжал» як гіпергукавыя. Аднак, па
сутнасці, гэта прымайстраваная да самалёта ракета «Іскандэр»,
адзначаюць ваенныя эксперты.
Паводле слоў спецыялістаў, цяпер Расія наогул не можа
вырабляць ракеты «Кінжал», паколькі ў іх канструкцыі ёсць больш за
130 замежных камплектуючых, у асноўным — электроніка.
Расія некалькі разоў выкарыстоўвала «Кінжалы» для
ўдараў па Украіне. У прыватнасці, 18 сакавіка ўдарыла па Івана-Франкоўскай
вобласці, 9 мая — па Адэскай вобласці, 7 жніўня — па тэрыторыі Вінніцкай
вобласці.
Як заяўляў прадстаўнік камандавання паветраных сіл УСУ Юрый
Ігнат, РФ мяняе тактыку ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, паколькі ў
акупацыйнай арміі назіраецца дэфіцыт пэўных ракет. А вайскоўцам Узброеных сіл Украіны ўдаецца збіваць 60% усіх выпушчаных Расіяй ракет.
Паводле unian.net.