Расійскія войскі раніцай у суботу абстралялі Кіеў
Расія працягвае наносіць ракетныя ўдары па ўкраінскіх гарадах. Сёння раніцай быў абстраляны Кіеў.
Раніцай у суботу расійскія войскі абстралялі Кіеў, выбухі прагрымелі ў Дарніцкім раёне на ўскраіне ўкраінскай сталіцы, паведаміў мэр горада Віталь Клічко.
Даныя пра пацярпелых удакладняюцца. На месцы працуюць ратавальнікі і медыкі. Клічко звярнуўся да гараджан з просьбай не грэбаваць сігналамі паветранай трывогі і па магчымасці не спяшацца вяртацца ў горад.
Напярэдадні па Кіеве таксама стралялі. У Мінабароны Расіі ў пятніцу паведамлялі, што ўдар «быў нанесены па вайсковым аб'екце — машынабудаўнічым заводзе "Візар"», і што ў выніку ўдару «былі знішчаныя цэхі вытворчасці і рамонту зенітных ракетных комплексаў вялікай і сярэдняй далёкасці, а таксама супрацькарабельных ракет». У расійскім вайсковым ведамстве напярэдадні таксама заяўлялі, што «павялічаць інтэнсіўнасць ракетных удараў па аб'ектах у Кіеве пры здзяйсненні дыверсій з боку ўкраінскіх сіл на тэрыторыі РФ».