Страшная перамога: У інфармацыйнай вайне расійская дзяржава перамагла свой народ
Гэта і ёсць перамога расійскай дзяржавы — так прамыць мазгі насельніцтву, каб людзі верылі тэлевізару, але не верылі сваім дзецям.
Што будзе далей з Расіяй, якая пасля нападу на Украіну апынулася амаль у поўнай сусветнай ізаляцыі, сказаць цяжка. Але дакладна можна вызначыць, у чым расійская дзяржава ўжо дакладна перамагла.
Вы слухалі размовы расійскіх вайскоўцаў са сваімі роднымі ў Расіі? І званкі палонных, і перахопленыя ўкраінскімі спецслужбамі тэлефанаванні. Іх шмат выкладзена ў сацыяльных сетках. Паслухайце. Гэта шок!
Сын спрабуе расказаць маці, што ва Украіне расійскія вайскоўцы трапілі ў пекла, што шмат загінулых. А яна яму: «Потерпи, сынок, ты же мужчина».
Другі даводзіць, як яны змагаюцца з мірным насельніцтвам, забіваюць простых людзей. А маці яму: «Сами лезут, под технику кидаются, ревут. По телевизору-то показывают…»
Муж тэлефануе жонцы і расказвае, як шмат ахвяр у гэтай вайне, а яна яму: «Пуцін сказаў, што там фашысты».
Вось адна з тыповых размоў — відэа ёсць і на Youtube, і ў сацсетках.
— Мам, я в плену, нас убивают, всю мою роту положили, — гаворыць салдат.
— Как в плену? Нам по телевизору показывают, что вы села освобождаете, — не верыць жанчына.
— Кого освобождаем? Да у них всё нормально было. Нас на**али, мам, просто живут себе люди… Вы должны остановить это, мам, выходите на акции, — призывает солдат.
— Так а я тут при чем, сынок? — дзівіцца жанчына.
Ясна, што гэтыя размовы выкладаюцца ўкраінскімі вайскоўцамі наўмысна. Ясна, што далёка не кожная руская маці стрымана і холадна ставіцца да таго, што яе дзіця можа загінуць невядома за што. Ясна, што калі б рускія маці гэта разумелі, то яны выйшлі б на пратэсты і проста затапталі б тых, кто адпраўляў іхніх сыноў у іншую краіну як «гарматнае мяса». Але яны не выйшлі, яны вераць тэлевізару, яны нават не хочуць слухаць сваіх дзяцей, якія спрабуюць расказаць, што адбываецца ва Украіне.
І вось гэта ёсць перамога расійскай дзяржавы — так прамыць мазгі насельніцтву, каб людзі верылі тэлевізару, але не верылі сваім дзецям.
Вось што расказвае вядомы ўкраінскі футбаліст, былы паўабаронца кіеўскага «Дынама» Аляксандр Аліеў. Ён нарадзіўся ў Хабараўску, у Расіі жывуць ягоныя бацькі, але зараз спартсмен уступіў у тэрытарыяльную абарону і бароніць Украіну.
— Напачатку я з імі размаўляў, але на дадзены момант не кантактую. Тое, што яны бачаць у сябе ў Расіі па тэлевізары, — таму і вераць. Што ў нас тут фашысты, нацысты і гэтак далей. Я ім тлумачыў, што я жыву тут, я ўсё бачу, я хаджу пад рускімі кулямі… Але не мае сэнсу. Я кажу, што пайшоў бараніць гэтую краіну, бо хачу, каб мае дзеці тут жылі ў міры, што я хачу бачыць у вачах усіх нашых дзяцей не слёзы, а радасць. А мае бацькі мне не вераць. Гэта самае крыўднае, — прызнаўся футбаліст.
Як такое можа быць, што бацькі не вераць сваім дзецям, але вераць таму, што ім паказваюць у тэлевізійнай карцінцы? Гэта сапраўдная перамога расійскай дзяржавы, расійскай прапаганды над здаровым сэнсам.
У інфармацыйнай вайне расійская дзяржава перамагла свой народ. І гэта страшная перамога.